Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вучоба студэнтаў ЭГУ ў Нямеччыне можа быць праблематычная


Ул. інф. Прадстаўнік прэзыдэнта Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына Тыміян Бусэмэер пацьвердзіў у інтэрвію “Свабодзе”, што ўнівэрсытэт у Франкфурце-на-Одры мае намер падтрымаць студэнтаў ЭГУ, якія супраць сваёй волі былі вымушаныя спыніць навучаньне ў абранай імі ўстанове.

(Бусэмэер: ) “Мы хочам гэта зрабіць — узяць да сябе беларускіх студэнтаў і такім чынам усяляк падтрымаць тых беларускіх студэнтаў, якія апынуліся ў надзвычай цяжкай сытуацыі. Цяпер вядуцца перамовы зь нямецкім МЗС адносна фінансаваньня праекту”.

Паводле нямецкага боку, для таго, каб былы студэнт ЭГУ змог працягваць вучобу ў Нямеччыне, ён мусіць разьлічваць на стыпэндыю найменей 500 эўра на месяц. Каб прыняць на вучобу ў нямецкія ўнівэрсытэты 60 студэнтаў, трэба разьлічваць на суму 300 тысяч эўра.

Кіраўніцтва Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына лічыць справай гонару падтрымаць лібэральны беларускі праект. Днямі з адмысловым зваротам да нямецкіх установаў, арганізацыяў і грамадзянаў прафінансаваць вучобу беларускіх студэнтаў у Нямеччыне зьвярнуўся прадстаўнік Віядрыны ў Менску, сябра Нямецка-беларускага таварыства Пэтэр Лізэганг. Паводле нямецкага боку, студэнты ЭГУ могуць ня выканаць пастаўленых перад імі жорсткіх умоваў з боку Міністэрства адукацыі — даздаць ад 20 да 30 іспытаў. Такім чынам дзяржава ў дачыненьні да ўнівэрсытэту зможа вынесьці вэрдыкт адносна ягонага недастатковага адукацыйнага ўзроўню.

Акрамя франкфурцкага ўнівэрсытэту жаданьне прыняць на вучобу менскіх студэнтаў выказалі Бэрлінскі свабодны ўнівэрсытэт і ўнівэрсытэт у Ростаку.

Як паведаміў у інтэрвію нямецкай “Die Tageszeitung” генэральны сакратар аб’яднаньня “Саmpus Europae” Крыстаф Эрман, куды разам з 13 эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі ўваходзіў і ЭГУ, праца ў стварэньні месцаў у навучальных установах гэтага аб’яднаньня мае пэўныя складанасьці.

“Беларускія ўлады могуць палічыць выдзяленьне Захадам стыпэндыяў за перадумову для атрыманьня палітычнага прытулку. У гэтым выпадку менскім студэнтам проста будзе зачыненая дарога дадому”, — лічыць Крыстаф Эрман.
XS
SM
MD
LG