Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будуць беларускія цыганы вучыцца на роднай мове?


Севярын Квяткоўскі, Менск Беларуская сэкцыя Міжнароднага таварыства правоў чалавека на чале зь Міколам Калініным падала заявы ў Міністэрства адукацыі й адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай пра стварэньне ў Беларусі цыганскага культурна-асьветнага цэнтру. У краінах Эўропы існуюць спэцыяльныя праграмы інтэграцыі цыганаў у грамадзтва. Да прыкладу, у Літве 1 верасьня цыганскія дзеткі пачнуць вучыцца чытаць і пісаць на роднай мове. А што ў Беларусі?

Раёны, вядомыя менчукам як Сьцяпянка і Паўночны пасёлак, мала нагадваюць сталіцу. Прыватны сэктар, дзе жыцьцё ідзе сваёй, адрознай ад мэгаполісу хадой. Менавіта тут кампактныя месцы жыхарства цыганоў. Усіх людзей з эўрапейскімі рысамі твару цыганы называюць “рускімі”:

(Маладая спадарыня: ) “Вучылася адна ў рускай школе. Выйду са школы — пачынаюць біць, партфэль парвуць, ці жабу якую ўкінуць. Не хацела ісьці, зьдзекаваліся. Пяць клясаў скончыла — і ўсё”.

(Сталы спадар: ) “Унучку не прымусіш хадзіць. Пацаны рускія дражняцца. Плача, кажа матцы, бабулі: сядайце са мной, я буду сядзець”.

(Школьнік: ) “Дражняцца, абзываюцца “цыган”, не даюць вучыцца”.

Да ідэі навучаньня на роднай мове большасьць бацькоў ставіцца з энтузіязмам:

(Спадарыня: ) “Нам патрэбная свая школа. Нам цяжка вучыцца”.

(Сталая спадарыня: ) “Унук у дзіцячы сад не хадзіў. Пачынае вывучаць расейскую, беларускую і яшчэ і замежную мову. Калі б у нас была пэўная мова вызначаная… Напрыклад, беларуская і цыганская, каб школа спэцыяльная, дык ім было б лягчэй”.

Многа цыганскіх дзетак вучыцца ў школе №183. У некаторых клясах бывае сем-восем дзяцей цыганоў. Настаўнікі кажуць, што вялікіх праблемаў ня бачаць:

(Настаўніца: ) “Нармальныя дзеці, нармальна рыхтуюцца, нічога кепскага не магу сказаць. Каб сказаць, што дзеці-цыганы з нашымі б’юцца, ды няма такога! Нармальныя дзеці”.

Яшчэ адна праблема шматдзетных цыганскіх сем’яў — адсутнасьць сацыяльнай дапамогі. Маці-адзіночка мусіць цалкам аплачваць абеды сваіх траіх дзяцей. Каб атрымаць дапамогу, патрэбная даведка зь месца працы, а большасьць цыганоў афіцыйнай працы ня маюць.

(Спадар: ) “На працу нідзе не бяруць, кажуць — цыган”.

(Спадарыня: ) “Усе думаюць, што цыган крадзе, рабуе, забівае. Цяпер і рускія і рабуюць, і крадуць... Хоць і вучацца”.

Апрача забабонаў грамадзтва, уладкаваньню на працу перашкаджае непісьменнасьць:

(Настаўніца: ) “Вой, гэта дзяржаўная праблема! Думаеце, гэта так лёгка вырашаецца?”

Настаўніцы школы ў Сьцяпянцы за тое, каб быў створаны цыганскі культурна-адукацыйны цэнтар. Слова за дзяржаўнымі чыноўнікамі.
XS
SM
MD
LG