Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як сьвяткуе 50-гадовы юбілей прэзыдэнт Лукашэнка? Як сьвяткавалі свае дні народзінаў Кебіч, Шушкевіч, Біл Клінтан?


Іна Студзінская, Менск 30 жніўня прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 50 гадоў. Ніякіх гучных урачыстасьцяў з гэтай нагоды ў краіне не прадугледжваецца. Паводле словаў прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, 30-га ў шэфа – звычайны працоўны дзень. У раскладзе юбіляра на віншаваньні й прыняцьце кветак і падарункаў не заплянавана ні хвіліны…Пра тое, як народ будзе сьвяткаваць юбілей свайго лідэра, якія падарункі хацеў бы паднесьці, што наагул дораць прэзыдэнтам – у матэрыяле Іны Студзінскай.

50-годзьдзе Аляксандра Лукашэнкі прыпадае на цяжкі дзень панядзелак, і працаваць юбіляр будзе ў звычайным рэжыме. І наагул, беларускі лідэр свае народзіны гучна адзначаць ня любіць. Нават ягоныя незычліўцы гэта прызнаюць. Магчыма, увечары толькі самыя блізкія людзі – сыны Віктар і Дзьмітры ды ўнучка Галіна – павіншуюць бацьку й дзеда.

А што народ хацеў бы падараваць і пажадаць прэзыдэнту?

(Хлопчык: ) “Я б яму нічога не падараваў, таму што ў яго ўсё ёсьць”.

(Бабулька: ) “Ой, дай Бог яму здароўя на доўгія гады! Шчасьця, радасьці, усяго найлепшага. Але галоўнае – здароўя. А з падарункаў… ну, ня ведаю нават”.

(Хлопец: ) “Розуму й мудрасьці. Каб хутчэй дайшло да Лукашэнкі, што даўно надышоў час яму сысьці”.

(Мужчына: ) “Культуры й ветласьці. Каб ён не сарамаціў сваіх міністраў і іншых дастаткова сур’ёзных людзей перад усім народам”.

(Жанчына: ) “На маю думку, дасьціпным падарункам на 50-годзьдзе нашага прэзыдэнта быў бы такі набор: Біблія – з аднаго боку, Крымінальны кодэкс – з другога. Ну й, напэўна, паветраны шар, вялікі ці маленькі, каб яму было лёгка зьляцець куды-небудзь. Каб было яму лёгка, добра, і як мага далей ад нас”.

Ня любіць прэзыдэнт прымаць віншаваньні нават ад паплечнікаў, калегаў, падначаленых. Літаральна празь месяц пасьля абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду ў яго быў 40-гадовы юбілей. Згадвае тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын.

(Сініцын: ) “Ён, як правіла, не адзначаў гэтых сьвятаў. Можа, у блізкім атачэньні? Але ў той пэрыяд паднашэньняў ад чыноўнікаў ён не ўспрымаў. Ён не лічыў іх шчырымі”.

(Карэспандэнтка: ) “І нават кветак не прымаў?”

(Сініцын: ) “Не, нават стараўся, каб да яго не траплялі ў гэты дзень. Ён ставіцца да гэтага зь нейкай перадузятасьцю. Калі выганяць, казаў, ніхто ня прыйдзе”.

Анатоль Лябедзька таксама раней быў паплечнікам Лукашэнкі.

(Лябедзька: ) “У першыя гады сапраўды выстройваліся цэлыя чэргі й нешта несьлі. Амуніцыю спартовую хакейную яму дарылі дакладна. Відаць, нейкія прыцісклівыя тыя, з кім ён сябруе. Скакуноў усіх дораць Пуціну. А тут які прэзыдэнт, такія й падарункі. Нават з афра-азіяцкага рэгіёну нейкія прыцісклівыя…”

І хоць ня любіць Лукашэнка падарункаў ад падначаленых, чыноўнікі ўсё адно іх рыхтуюць. Аднаму вельмі папулярнаму беларускаму скульптару, да прыкладу, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі замовіў зрабіць бронзавую фігурку хакеіста. Праўда, без вусоў.

Атрымае, магчыма, Лукашэнка й сьціплыя падарункі з-за мяжы. Гэта практыка дзяржпратаколу. Праўда, наўрад ці іх будзе шмат. З Захаду можна чакаць хіба што ветлівых віншавальных тэлеграмаў.

А вось расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін на сваё 50-годзьдзе атрымаў вельмі шмат самых розных падарункаў – копію шапкі Манамаха, вялізную мапу фэдэральных акругаў Расеі з уральскіх самацьветаў, традыцыйныя дываны, вазы, шкатулкі, карціны, кінжалы. Сустракаліся й экзатычныя дарункі. Выдатных коней-ахалтэкінцаў падарыў Пуціну Туркмэнбашы Ніязаў. Кемераўскі губэрнатар Аман Тулееў – цэлую вугальную шахту. Але, як і ў бальшыні прэзыдэнтаў, у Пуціна да падарункаў вырабіўся трывалы імунітэт: нават ня гледзячы, расейскі прэзыдэнт адразу ж перадае іх у службу пратаколу. І пасьля 50-годзьдзя Пуцін пакінуў сабе толькі рэдкае выданьне Гётэ. А вось колішняму прэм’еру Расеі Касьянаву на 45-годзьдзе Пуцін падараваў лыжы.

Астранамічную колькасьць падарункаў атрымаў за жыцьцё “правадыр” Іосіф Сталін – 127823. Праўда, яшчэ больш дароў у лідэра Паўночнай Карэі Кім Ір Сэна – 165 з паловаю тысяч.

Пералік падарункаў Білу Клінтану расьцягнуўся на 7 старонак на агульную суму 195 тысяч даляраў. Дарэчы, цяпер Біл Клінтан на сваім дні нараджэньня добра падзарабляе: госьці плацяць за ўваходны білет па 10 тысяч даляраў.

Наагул, каб пакінуць падарункі сабе, амэрыканскія прэзыдэнты павінны іх выкупіць па рынкавых цэнах, інакш дары пераходзяць на захоўваньне ў дзяржаўныя архівы.

Беларускія лідэры ўва ўсе часы атрымлівалі больш сьціплыя падарункі. Экс- прэм’ер-міністру Вячаславу Кебічу звычайна дарылі бутэльку віскі й вазу.

(Карэспандэнтка: ) “І ніякіх не было экзатычных падарункаў?”

(Кебіч: ) “Не-не-не. Мне для паляваньня дарылі яшчэ нешта ручной работы. Вуду маглі падарыць на рыбалку. Машэраву, я памятаю, дарылі добрыя паляўнічыя стрэльбы”.

Апавядае старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня прафэсар Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Бываюць пратакольныя падарункі, іх ня памятаеш. А Клінтан мне падараваў карты для гульні. Тры калоды картаў – Белы Дом, Кэмп-Дэвід і яшчэ нейкая мясьціна вядомая. Мяне вельмі ўзрушыла, што ён ведае пра маё хобі, хаця ў той час я нікому пра гэта не гаварыў.

Дэлегацыя з Ізраілю была, пакідаюць падарунак. Я ім і кажу, што глядзеў нейкі фільм з Элізабэт Тэйлар, якая казала: “Я не бяру падарунка, даражэйшага за гальштук”. Таму давайце па нашых беларускіх мерках будзем арыентавацца. Фактычна я іх вымусіў забраць гэты падарунак. Ведаеце, што адбылося пасьля? Мне падарылі ажно сем гальштукаў запар! Розныя дэлегацыі. Я тады ня ведаў, што гальштукі таксама могуць каштаваць нямала”.

Некалі былая галоўная банкірка Тамара Віньнікава па-жаноцку ацаніла высокую якасьць і, адпаведна, астранамічныя цэны прэзыдэнцкіх касьцюмаў, кашуль і гальштукаў. Заўважыла, што ў Лукашэнкі вельмі дарагі гадзіньнік – нават на прэзыдэнцкі заробак усяго гэтага ня купіш. Тады прэзыдэнта быццам апранаў заўгас Іван Ціцянкоў. Казалі, за кошт Віктара Лагвінца. Хто цяпер апранае прэзыдэнта, каму ды ў якую капеечку гэта абыходзіцца, на жаль, невядома.

Атрымліваюць прэзыдэнты й дасьціпныя падарункі. Прэзыдэнт Малдовы Уладзімір Варонін падараваў Пуціну жывога кракадзіла – маўляў, гэта адзіная жывёліна, якая не адступае. Жартоўныя падарункі рабіла Лукашэнку раней беларуская апазыцыя. Моладзь Аб’яднанай грамадзянскай партыі два гады таму падаравала прэзыдэнту аўтобусны квіток да ягонай гістарычнай радзімы – Шклова. Сярод дарункаў былі яшчэ “Статуя свабоды”, унітаз, грэбень, вараныя “чалавечыя яйцы”.

А рэчыцкая настаўніца фізкультуры Натальля Брэль за падарунак прэзыдэнту (у камплекце былі мыла, вяроўка, карыкатуры) наагул адседзела некалькі месяцаў у СІЗА. Ад турмы за паклёп на прэзыдэнта яе ўратавалі толькі ўцёкі ў Бэльгію. Сурова абыходзяцца беларускія ўлады з “данайцамі дараноснымі”. Таму цяпер ні анархісты, ні Малады фронт, якія звычайна ладзяць пэрформансы, не зьбіраюцца адзначаць дзень нараджэньня Лукашэнкі. Гутару зь лідэрам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр” Алесем Атрошчанкам.

(Карэспандэнтка: ) “Ці будуць “Зубры” сёлета адзначаць 50-годзьдзе прэзыдэнта?”

(Атрошчанка: ) “Колькі годзьдзе?”

(Карэспандэнтка: ) “50-годзьдзе”.

(Атрошчанка: ) “Не, мы не зьбіраемся сьвяткаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “І нават ня ведаеце, колькі яму год?”

(Атрошчанка: ) “Не, я ня ведаю. Я заўсёды цікаўлюся днём нараджэньня тых людзей, якіх я паважаю. Аляксандар Лукашэнка ў іх лік не ўваходзіць”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька таксама супраць віншаваньняў і сьвяткаваньняў.

(Лябедзька: ) “Як партыя, як структура мы ў гэты дзень ня будзем ладзіць ніякіх мерапрыемстваў. Ні ад радасьці, ні ад суму. Хай Рыгоравіч сам займаецца сваім сьвятам. А для нас гэта ніякая не падзея – ні добрая, ні дрэнная. Мы ня будзем таўхацца ў калідорах з ружамі зь вернападданьніцкімі заявамі. Разам з тым мы ня будзем выходзіць на вуліцы і нейкім чынам зьвяртаць увагу людзей на тое, што Лукашэнку 50 ці колькі там гадоў”.

Дэпутацкая група “Рэспубліка” ладзіць імпрэзу таксама не зьбіраецца. Апавядае Сяргей Скрабец.

(Скрабец: ) “Калі нас запросяць, паедзем у рэзыдэнцыю, калі не – будзем стоячы піць за яго здароўе, як і ўся краіна. Накіравалі прэзыдэнту віншаваньне са сьвятам – цэлы ліст”.

(Карэспандэнтка: ) “Сур’ёзнае або прыкольнае?”

(Скрабец: ) “Вядома, не зусім сур’ёзнае, у нашым стылі. Маўляў, вы ўжо адпрацавалі, цяжка вам кіраваць 10 год, можа, ужо прыйшоў час на супакой”.

Так што юбілей першай асобы дзяржавы абяцае быў сьціплым і наўрад ці будзе заўважаны беларускім народам. Ну а падарункі, безумоўна, 50-гадовы юбіляр атрымае. Няхай сабе сьціплыя й пратакольныя. Як кажуць, даражэйшае не сьняданьне, а прывітаньне...

Гл .таксама Аляксандар Лукашэнка адзначыў свой юбілей на палях і атрымаў мэдаль “Слава Адыгеі”
XS
SM
MD
LG