Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Telepolis.de: “Хутка пазбавіцца ад Лукашэнкі беларусам ня ўдасца”


Ул. інф. “Ён бадзёры, поўны сілаў. Сёньня яму толькі 50”, — лічыць адзін з чытачоў нямецкага сайту “Telepolis.de”. Электроннае выданьне, прысьвечанае пытаньням тэлекамунікацыяў і мэдыяў, зьмясьціла з нагоды юбілею беларускага кіраўніка дайджэст матэрыялаў пра Беларусь. Публікацыя “На службе народу” выклікала ажыўленую дыскусію сярод наведнікаў сайту.

Як кажа Telepolis.de, калі на Захадзе Беларусь называюць апошняй дыктатурай Эўропы, то ў Нямеччыне з ініцыятывы газэты “Die Tageszeitung” — “эўрапейскім музэем сацыялізму пад адкрытым небам”. Лідэр краіны Аляксандар Лукашэнка належыць да тых дзяржаўных кіраўнікоў, на чый адрас Захад не сказаў апошнім часам ніводнага добрага слова. Праўдападобна, што самога беларускага кіраўніка гэта мала хвалюе. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ён яшчэ больш узмацніў ціск на незалежныя выданьні, няўрадавыя арганізацыі. У жніўні гэтая хваля рэпрэсіяў закранула Партыю працы і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Як вынікае з паведамленьняў Міжнароднай амністыі, сыстэмная крытыка на адрас беларускага кіраўніцтва ў Беларусі непажаданая. Той, хто мае дачыненьне да актыўнай апазыцыйнай дзейнасьці, рана ці позна мусіць разьлічваць на перасьлед з боку ўладаў. На практыцы гэта можа азначаць і пазбаўленьне волі, часьцей за ўсё на некалькі дзён, радзей — на некалькі гадоў. Што да ўмоваў турэмнага ўтрыманьня, то гэта закрытая для Беларусі тэма. Паводле той жа Міжнароднай амністыі, у турэмнай камэры, якая не адпавядае элемэнтарным санітарным умовам, могуць утрымлівацца да 40 чалавек. Побач са здаровымі людзьмі — хворыя на сухоты ці на СНІД. Як падае Telepolis.de, парушэньні правоў чалавека адбываюцца ў самых розных галінах. На беларускіх прадпрыемствах ці ўстановах практыкуецца пісьмовая ці ананімная форма даносу на калегаў.

“Як фармуецца моладзь у гэтай краіне?” Такое пытаньне ставіць у сваім фільме малады бэрлінскі рэжысэр Сэбаст’ян Хайнцэль. Героі рэжысэра — шасьцёра 20-гадовых беларусаў: сын палітвязьня, былы крымінальнік, які цяпер працуе маляром, актывіст моладзевага руху “Зубр”, журналістка з забароненай газэты, вайсковец ды танцорка начнога клубу. Усе гэтыя людзі, паводле Сэбаст’яна Хайнцэля, шукаюць свайго шляху ў жыцьці. Мара маладога апазыцыянэра — пазбавіць краіну ад дыктатуры; мара былога крымінальніка — стварыць добрую сям’ю; танцорка хоча зарабіць як мага болей грошай, а вайсковец — пабудаваць добры дом у вёсцы, дзе можна будзе жыць пасьля дэмабілізацыі. Вайсковец (дый ня толькі ён адзін) увогуле ня лічыць, што Беларусь — дыктатарская краіна. Як заўважае Сэбаст’ян Хайнцэль, большасьць беларусаў, зь якімі ён сустракаўся, добра гавораць пра сваю бацькаўшчыну і значна горш пра Лукашэнку, які імкнецца трымаць краіну ў жорсткіх рамках. У народзе яго іранічна называюць “бацькам”. Беларусы хутчэй высьмейваюць яго, чым абураюцца. Многія ў размовах сьмешна капіююць ягоны вясковы дыялект, — падае нямецкі сайт Telepolis.de.

Публікацыя да 50-годзьдзя Аляксандра Лукашэнкі выклікала сярод наведнікаў сайту дыскусію. Меркаваньні можна ўмоўна падзяліць на тры групы. Некаторыя нямецкія чытачы занепакоеныя тым, што беларускі кіраўнік, ігнаруючы заходнюю крытыку і ўласную канстытуцыю, можа пайсьці на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Прадстаўнікі другой групы задаюць рытарычнае пытаньне: хіба дыктатар у Эўропе толькі адзін Лукашэнка? Яны пішуць, што апошнім часам у бок таталітарызму рухаецца палова Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Расея. Дыктатарскія тэндэнцыі характэрныя і для некаторых лідэраў заходнеэўрапейскіх краінаў, напрыклад, Бэрлюсконі.

Большасьць жа ўдзельнікаў сёньняшняга форуму прытрымліваюцца наступнага меркаваньня: “Бацьку Лукашэнку — усяго толькі 50. Мяркуючы з настрою большасьці беларусаў, сваёй краінай ён можа кіраваць яшчэ доўга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG