Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт алімпійскага золата: між славай і занядбанасьцю


Севярын Квяткоўскі, Менск Алімпійскі чэмпіён і слава: залаты мэдаль як сувэнір у сямейнай калекцыі ці як магчымасьць зрабіць кар’еру пасьля спорту? Барацьба за першае месца, каб апавядаць цікавую гісторыю ўнукам ці каб пакінуць унукам у спадчыну добрую маёмасьць? Алімпійскі чэмпіён як “вясельны генэрал” дзяржаўнай ідэалёгіі ці дзейная асоба грамадзкага жыцьця? Пра лёсы, спадзяваньні й пэрспэктывы беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў мінуўшчыны й сёньняшняга дня – у рэпартажы карэспандэнта “Свабоды” .

(Карэспандэнт:) “Я пытаюся ў людзей на вуліцах у цэнтры Менску, ці ведаюць яны беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў?"

(Карэспандэнт:) “Хто былі самыя першыя?”

(Спадарыня:) “Ня ведаю, я толькі ў вэляспорце ведаю”.

(Карэспандэнт:) “А вы цікавіцеся спортам?”

(Спадарыня:) “Цікаўлюся”.

(Сталы спадар:) “Вельмі дрэнна ведаю. Раней ведаў усіх, але ўжо трохі забыў”.

(Хлопец:) “Я ня памятаю – я малады...”

(Карэспандэнт:) “А нядаўна зусім, у 2000-м?”

(Хлопец:) “Ня помню зусім”.

(Пэнсіянэр:) “Я баюся пераблытаць, што гэта будуць расейскія”.

(Дзяўчына:) “Я ня памятаю”.

(Хлопец:) “Я з такіх, каму ўсё роўна”.

(Спадарыня:) “Я алімпійскіх чэмпіёнаў ня ведаю, але адкрыцьцё глядзела зь вялікім задавальненьнем. Проста назіраю, бо падабаецца. І хацелася б, вядома, каб былі ў нас залатыя мэдалі”.

Вядома, на вуліцах Менску мне трапляліся знаўцы, якія называлі й пару дзясяткаў беларусаў-чэмпіёнаў Гульняў. І, вядома, усе ведалі імёны сёлетніх прызёраў. Але самых першых беларускіх пераможцаў Алімпіяды не назваў ніхто. Адным з залатых піянэраў быў Леанід Гейштар, які разам зь Сяргеем Макаранкам у 1960-м у Рыме перамог у каноэ-двойцы.

(Гейштар: ) “Не зразумець той славы, якую я меў. Цяпер шум такі падымаюць – ой, той! А тады Гомель, вобласьць, Рэспубліка не падаравалі нават пушкі запалак. Далей – ні кватэры не далі, нічога... Цяпер ніхто не клапоціцца. Я працую ў такіх умовах – ды вам не зразумець!”

Леаніду Гейштару 68 гадоў, а сёлетняму беларускаму цуду ў Афінах бягуньні Юліі Несьцярэнцы – 25. Сорак тры гады розьніцы між іхнымі днямі нараджэньня, і сорак чатыры гады між іхнымі залатымі мэдалямі. Амаль паўстагодзьдзя паміж крыкам душы старога мужчыны, які не спадзяецца на падтрымку дзяржавы, і шчасьцем ды плянамі на жыцьцё маладой кабеты.

***

Слава пачала ўплываць на лёсы беларускіх спартоўцаў ад 1970-х.

(Дыктар БТ: ) “Корбут, гімнастыка, заслужаны майстар спорту. Чэмпіёнка сьвету 1974 году ў камандным першынстве і ў апорным скачку. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1976 году ў Манрэалі ў практыкаваньнях на бервяне”.

Імя Вольгі Корбут – адно з самых раскручаных алімпійскіх брэндаў, якія беларускія афіцыйныя мэдыі й сёньня актыўна выкарыстоўваюць. Каля дваццаці беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў жывуць цяпер за межамі краіны. Вольга Корбут ад 1991 году ў ЗША. Цяпер у штаце Арызона, дзе рыхтуецца адчыніць гімнастычную школу свайго імя, а пакуль што жыве з “personal appearances”. Гэта значыць, зарабляе публічнымі выступамі на грамадзкіх і сьвецкіх імпрэзах – пашыраная зьява ў Амэрыцы.

Першы Вольжын трэнэр Рэнальд Кныш адгукаецца пра гадаванку ня надта цёпла.

(Кныш: ) “У мяне Корбут вялікай славы дасягнула. Пэўна, больш як нехта зь Беларусі й СССР у свой час. Але слава – гэта такая страшная рэч, якая заядае да такой ступені, што пасьля з чалавекам немагчыма працаваць, немагчыма кантактаваць”.

***

Нехта з былых алімпійцаў жыве на пэнсію, як Аляксандар Газаў, нехта да пэнсіі мае працу, як Леанід Гейштар ці Сяргей Макаранка, хтосьці вядзе ўласны бізнэс, як баксэр Вячаслаў Яноўскі, а хтосьці працуе чыноўнікам: напрыклад, Антаніна Кошаль – у Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі. З тых, хто выехаў зь Беларусі, бадай, адзін з самых пасьпяховых – шасьціразовы алімпійскі чэмпіён у спартовай гімнастыцы Віталь Шчэрба – ён адкрыў сваю школу ў Лас-Вэгасе. Зрэшты, Шчэрбу ўсяго толькі 33 гады. Для гімнастыкі ён глыбокі стары, а для жыцьця – мужчына ў самым росквіце сілаў.

А тыя трыццацігадовыя, што засталіся ў Беларусі? Магіляўчанка Сьвятлана Баітава, спартовая гімнастыка. У 1988 годзе ў Сэуле шаснаццацігадовая дзяўчына зарабіла залаты мэдаль. Цяпер разам зь сям’ёй жыве тамсама ў Магілёве і трэніруе дзяцей у той самай спартовай школе, зь якой узышла на алімпійскі п’едэстал.

(Баітава: ) “Я тры разы спрабавала выехаць, і вось паўгоду таму вярнулася з Арабскіх Эміратаў, дзе працавала год. Мяне цягне дамоў, я люблю свой горад. Але, калі нешта падвернецца, вядома, паеду падзарабіць. Бо на наш заробак жыць папросту немагчыма”.

***

Пры канцы вернемся да сям’і Несьцярэнкаў. Ні беларускі НАК, ні замежныя спэцыялісты не прарочылі Юліі Несьцярэнцы перамогі. Сям’я спартоўцаў жыла ў Берасьці ў інтэрнаце. Дзіцяці не заводзілі, бо спынялі пытаньні: дзе жыць, за што жыць і гадаваць дзіця? Тлумачыць Дзьмітры Несьцярэнка.

(Дзьмітры Несьцярэнка:) “Наагул хацелі, вядома. Але пакуль інтэрнат... Цяпер нешта наладзіцца, дык у пэрспэктыве...”

Дзякуючы залатому мэдалю Юліі ў Несьцярэнкаў зьявілася пэрспэктыва – на самую блізкую будучыню. А далейшая пэрспэктыва залежыць ад палітыкі беларускай дзяржавы. Альбо ад саміх спартоўцаў. Калі ў выпадку алімпійца 1960 году Леаніда Гейштара спадзяваньні растаюць з кожным днём, дык для Юліі Несьцярэнкі пэрспэктывы толькі раскрываюцца. Калі не ў Беларусі, то за мяжой. У кожным выпадку, у адрозьненьне ад савецкага часу, сытуацыя зьмянілася – дзяржаўная мяжа адкрытая.
XS
SM
MD
LG