Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Веру ў цябе”: альбом Беларускага ліцэю


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Дзень добры! На сваім жыцьці давялося пабачыць і паслухаць самыя розныя альбомы, створаныя як асобнымі салістамі ці групамі, так і выдадзеныя да розных юбілеяў, у якасьці падарункаў ці своеасаблівых візытовак банку ці адміністрацыйнай адзінкі. Але вось з такім, мушу прызнацца, сустрэўся ўпершыню. Маю на ўвазе дыск “Веру ў цябе”, напісаны і запісаны сіламі навучэнцаў цяпер ужо славутага Беларускага гуманітарнага ліцэю. Цалкам магчыма, што такі альбом зьяўляецца наогул адзіным у гісторыі ўсясьветнай музыкі, асабліва калі ўлічыць усе акалічнасьці, зьвязаныя з гісторыяй гэтай навучальнай установы апошніх гадоў.

Мушу шчыра прызнацца: загадзя я ставіўся да зробленага па сутнасьці школьнікамі даволі скептычна, як да ўзору тыповай мастацкай самадзейнасьці. Але праслухваньне альбому прымусіла зьмяніць гэтую думку. Канечне, ёсьць і непастаўленыя галасы, і недаведзеныя да ладу аранжаваньні, але рэдка калі, прызнацца, даводзіцца нават у прафэсіяналаў сустракацца з такой шчырасьцю і непасрэднасьцю выкананьня. Прэзэнтацыя гэтага альбому, дарэчы, павінна была адбыцца 27 жніўня. Кажу “павінна была” таму, што першая прэзэнтацыя не адбылася, а новыя захады нашага Мінкульту, падобна на тое, могуць зрабіць падобныя канцэрты ў будучыні наогул немагчымымі.

Але ж у студыі Беларускай Свабоды — двое з удзельнікаў рэалізацыі гэтага праекту: Вольга Какшынская і мэнэджэр, прадусар альбому “Веру ў цябе!” Франак Вячорка. Дзень добры! Гутарку пачну ну зь вельмі ж нетактоўнага пытаньня: скажыце, калі ласка, а нашто вам гэта — я маю на ўвазе выданьне першага, другога альбому — трэба? Калі вы нешта хацелі даказаць гэтым, дык што?”

(Франак Вячорка: ) “Перш за ўсё гэта была своеасаблівая рэалізацыя таго нерэалізаванага творчага патэнцыялу ліцэю. Калі ліцэй існаваў 13 год афіцыйна, легальна, проста не было падставаў нешта выдаваць і паказваць сябе. Калі мы заўважылі, пабачылі й адчулі на сабе ўвагу людзей, мы падумалі, што паказаць, прадэманстраваць сябе як цудоўных і выбітных людзей могуць ня толькі выкладнікі ці адміністрацыя ліцэю, але таксама і навучэнцы. І пачалося ўсё гэта з праекту “Я люблю ліцэй” — такога чырвонага, ня вельмі прывабнага дыску, на якім проста сабралі нашую ліцэйскую клясыку — песьні, прасьпяваныя на выпускных вечарынах, на днях першакурсьніка, на Новых гадах…”

(Вольга Какшынская: ) “Прычым усе аранжаваньні былі зроблены проста на хатняй “Ямазе” (Yamaha), а не жывымі інструмэнтамі, як гэта на другім дыску”.

(Вячорка: ) “Самае цікавае, што надзіва гэты дыск разышоўся ня толькі сярод ліцэістаў — гэта было 100 штук. А пасьля пачалі зьвяртацца розныя знаёмыя, бацькі ліцэістаў, знаёмыя сябры гэтых ліцэістаў і проста зусім не вядомыя нам людзі. Нам прыйшлося яшчэ раз тыражаваць на 200 асобнікаў гэты дыск. Пасьля рэалізаваны творчы патэнцыял пачаў разгортвацца, зьявіліся нейкія ўжо амбітныя жаданьні выдаць яшчэ адзін дыск і зрабіць гэта нашмат глябальней і сур’ёзьней. І год шчыльнай працы даў пра сябе знаць выданьнем новага ліцэйскага дыску “Я веру ў цябе”.

(Падбярэскі: ) “Франак! Наколькі, як вам здаецца, факт выданьня альбомаў стасуецца з вашай прагай зьберагчы ліцэй, з вашымі пікетамі, з вашай, нарэшце, цалкам дарослай барацьбой за ідэю? Гэта, прабачце, не занадта складанае пытаньне?”

(Вячорка: ) “Абсалютна не складанае. І адказ абсалютна адназначны: перш за ўсё жаданьне, каб ліцэй пакінуў нешта пасьля сябе. Паколькі ў нас ёсьць ня толькі сотні выпускнікоў, у нас ёсьць і творчыя дасягненьні, у нас ёсьць і кампакт-дыск. Гэта значыць, што ліцэй ня будзе забыты ня толькі ў сваіх выдатных навучальных праграмах і высокім адукацыйным майстэрстве нашых прафэсараў, але таксама і ў выдатных творчых дасягненьнях нашых навучэнцаў”.

(Падбярэскі: ) “Я і не здагадваўся, што ліцэй мае такі творчы патэнцыял. Думаю, адной зь перадумоваў зьяўленьня гэтага альбому была вашая пастаноўка “Народнага альбому”. А музыка ў ліцэі выкладалася?”

(Какшынская: ) “На першым і другім курсах быў такі прадмет як музыка. Але самі па сабе ліцэісты — гэта людзі вельмі разнаплянавыя. І шмат хто зь іх займаецца музыкай у музычных школах альбо проста бярэ ўрокі на гітары альбо на фартэпіяна. На самой справе ўся гэтая творчасьць нараджалася на звычайных капусьніках, а калі мы ўжо пасьля даводзілі да справы гэтыя песьні і прафэсійна іх афармлялі, атрымліваліся сапраўды вельмі добрыя, прыгожыя кампазыцыі”.

(Падбярэскі: ) “А вось што да канцэпцыі… Альбом атрымаўся такі, як ён быў задуманы?”

(Вячорка: ) “Шчыра кажучы, атрымалася абсалютна іншая рэч, чым плянавалася з самага пачатку. Мы вырашылі да другога дыску паставіцца нашмат сур’ёзней, чым да першага, асвоіць першыя радкі чартаў і гіт-парадаў беларускай рок-сцэны…”

(Падбярэскі: ) “Ага! Значыць, замахнуліся гэтак нахабна на беларускі шоў-бізнэс…”

(Вячорка: ) “Была такая ўстаноўка, і ў мяне з маімі паплечнікамі, сябрамі, музыкамі была такая мэта. На жаль, прадукт не заваяваў першых месцаў у гіт-парадах, але мне здаецца, мы вынайшлі нешта новае ў беларускай музыцы. Нават няма, напэўна, такога стылю, каб апісаць нашыя кампазыцыі. Мы ў прынцыпе прыдумалі назву да песьняў новага дыску: гэта звычайны ліц-поп. Паколькі ёсьць брыт-поп, ёсьць рок… Тут ёсьць матывы, шчырасьць, пачуцьці, эмоцыі, сапраўднасьць маладых людзей”.

(Падбярэскі: ) “Скажыце, Вольга, як вам непасрэдна працавалася над песьнямі? Вы не шкадавалі, што пра ўмове агульнага кіраўніцтва прафэсійнага музыкі альбом цалкам рэальна мог бы набыць зусім іншую, больш высокую мастацкую якасьць?”

(Какшынская: ) “Я лічу, што альбом атрымаўся, таму што мае сябры, якія ігралі на інструмэнтах, пісалі музыку для мяне, я іх вельмі добра ведаю. Фактычна мы разумелі адзін аднаго па рухах, поглядах вачэй, і менавіта таму музыка атрымалася такая шчырая. Я лічу, што калі б за гэтую справу ўзяўся прафэсіянал, які, безумоўна, быў бы нашмат больш дарослы за нас, мажліва, ён бы ня змог адчуць таго юначага такога запалу, які ёсьць у нас. Мажліва, гэта не зусім прыгожа так казаць, але я думаю, што так”.

(Падбярэскі: ) “Прабачце за аналёгію. Джаз у свой час паўстаў як музыка амаль нелегальная, але літаральна праз трыццаць гадоў сталася аб’ектам музычнага бізнэсу. Ваш альбом тыражаваны, прадаецца ў крамах, купляецца. Ці не ператварыцца з часам ваш праект, Франак, з ідэі ў тавар і вы пачнеце падобныя альбомы, прабачце, штампаваць?”

(Вячорка: ) “Калі людзі пачнуць патрабаваць і людзям захочацца чуць такую ліцэйскую шчырасьць і бачыць новыя ліцэйскія дыскі на прылаўках, дык чаму б нам не зрабіць яшчэ адзін дыск, яшчэ адзін? Вядома, не паўтарацца, экспэрымэнтаваць, але дзейнічаць у тым жа рэчышчы”.

(Падбярэскі: ) “Але ж я акцэнтаваў увагу на суадносінах ідэя-тавар”.

(Вячорка: ) “А які будзе тавар без ідэі? Тавар проста ня будзе нікому патрэбны”.

(Падбярэскі: ) “А што далей? Ці будзе працяг?”

(Какшынская: ) “Ідэяў шмат. І гэта самае галоўнае”.

(Вячорка: ) “Ідэяў шмат, песень новых шмат самых розных стыляў, кірункаў, рознай якасьці. Прыйшлі новыя першакурсьнікі ў ліцэй, якія таксама іграюць на інструмэнтах і мы проста пачынаем дзейнічаць, адраджацца наноў і напэўна праз год, як гэта ў нас заўсёды бывае, у канцы вясны, выйдзе новы ліцэйскі дыск, які таксама заслужыць шэрагі станоўчых водгукаў”.

(Падбярэскі: ) “Я яшчэ раз заяўлю, што быў прыемна ўражаны густоўнай, шчырай працай, зробленай ліцэістамі. Пазьней вашыя шляхі разыдуцца, але ж кожны з удзельнікаў гэтага праекту пакінуў па сабе сапраўдны прыжыцьцёвы помнік, за які дальбог — ня сорамна. Нагадаю, што ўдзельнікамі чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” былі адны са стваральнікаў супольнага музычнага праэкту навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю Вольга Какшынская і Франак Вячорка. Дзякуй вам і, спадзяюся, да сустрэчы праз год. Жыве ліцэй!”
XS
SM
MD
LG