Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 жніўня нарадзіліся Гоя, Давід, Левітан і... Лукашэнка


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 і 30 жніўня

Сьпярша – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

29 жніўня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Трэці Спас. Пасьля Першага – мядовага і Другога – яблычнага, Трэці Спас называлі хлебным або арэхавым, што было зьвязана з пасьпяваньнем да гэтага часу арэхаў.

29 жніўня 1944 году тэрыторыя Беларусі была цалкам вызваленая ад нямецкіх захопнікаў. Такім чынам завяршылася апэрацыя “Багратыён”, якая доўжылася больш за два месяцы і ў якой удзельнічалі брыгады і атрады савецкіх партызанаў. Пачалася масавая мабілізацыя партызанаў у рэгулярнае савецкае войска – на фронт.

29 жніўня 1949 году Савецкі Саюз правёў першае выпрабаваньне сваёй атамнай бомбы. Выбухі прагучалі на чатыры гады пазьней пасьля таго, як амэрыканцы скінулі свае бомбы на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі. Гісторыкі называюць дзень першага выпрабаваньня савецкай бомбы 29 жніўня 1949 году днём пачатку халоднай вайны паміж былымі саюзьнікамі СССР і ЗША.

29 жніўня ў розныя гады нарадзіліся філёзаф і астраном, дзяяч беларускага Асьветніцтва Ян Сьнядэцкі, які быў рэктарам Віленскага ўнівэрсытэту і кіраваў унівэрсытэцкай абсэрваторыяй; беларускі гісторык Іван Лапа – дасьледнік мінуўшчыны Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага; латыскі камуніст Вільгельм Кнорынш, якога ў нас ведаюць як Кнорына. Кнорын быў зацятым ворагам стварэньня асобнай беларускай рэспублікі, бо не лічыў беларусаў за нацыю. Таксама 29 жніўня ў 1941 годзе прыйшоў на сьвет былы прэзыдэнт Югаславіі, а цяпер падсудны міжнароднага трыбуналу ў Гаазе Слабадан Мілошавіч.

Цяпер – памятныя даты сёньняшняга дня.

30 жніўня 1918 году адбыўся замах на Леніна. Пасьля выступу перад рабочымі ў правадыра бальшавікоў стрэлілі тройчы. Напад прыпісваецца эсэраўскай дзяячцы Фані Каплан, аднак поўнае яснасьці ў той крымінальнай справе няма дагэтуль.

Наагул жа 30 жніўня – гэта дзень нараджэньня клясыкаў сусьветнага мастацтва. У розныя гады ў гэты дзень прыйшлі на сьвет гішпанец Франсіска Гоя, француз Жак Луі Давід, расеец Ісак Левітан, бэльгійскі скульптар Жорж Мінье. А яшчэ 30 жніўня ў 1954 годзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка, першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі, які займае гэтую пасаду адзінаццаты год.
XS
SM
MD
LG