Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежных назіральнікаў за выбарамі чакае шмат працы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску чакаюць прыезду першых з замежных назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Згодна з папярэднімі дамоўленасьцямі паміж АБСЭ й беларускімі ўладамі, мяркуецца што за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў будуць назіраць каля 300 кароткатэрміновых і 30 доўгатэрміновых экспэртаў. Місія мае намер ацаніць адпаведнасьць працэсу выбараў патрабаваньням Капэнгагенскага пагадненьня АБСЭ ад 1990 году і далейшых дакумэнтаў, а таксама беларускаму заканадаўству. Назіральнікі правядуць таксама маніторынг выбарчай кампаніі.

У складзе першай групы, якая прыяжджае ў Менск – тыя экспэрты, якія ўваходзяць у штаб місіі, што разьмесьціцца ў Менску. Яны называюцца палітычнымі аналітыкамі і будуць каардынаваць працу астатніх назіральнікаў адпаведна пэўным накірункам. Большасьць жа доўгатэрміновых адмыслоўцаў разьедуцца ў рэгіёны. Усе яны працуюць пад эгідай БДІПЧ – Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Што тычыцца кароткатэрміновых назіральнікаў, дык яны будуць прадстаўляць амбасады, міжнародныя парлямэнцкія, праваабарончыя ды іншыя арганізацыі. Кіраваць місіяй у Беларусі будзе спадарыня Одры Главэр з Вялікай Брытаніі. Гэта вельмі вядомая асоба, мае дыпляматычны статус амбасадара – больш таго, яна нават у свой час кіравала Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Апошняе яе месца працы – Ірак. І гэта таксама красамоўна сьведчыць пра той высокі давер, які яна мае ў міжнародных структурах.

У Беларусі чакаюць, што высокакваліфікаваныя экспэрты дадуць аб’ектыўную ацэнку выбарчага працэсу. А ўлічваючы сытуацыю ў краіне, усе разумеюць, што працы для іх будзе бясконца. І вось як гаворыць пра гэта адзін з патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Перакананы, бяз працы яны не застануцца. Штодня з рэгіёнаў да нас ідзе інфармацыя пра парушэньні выбарчага заканадаўства. Напрыклад, з Бабруйскага рэгіёну мы атрымалі інфармацыю пра тое, што там зьбіты адзін са зборшчыкаў подпісаў за нашага патэнцыйнага кандыдата. Калі мы дайшлі ўжо да зьбіцьця зборшчыкаў подпісаў, акрамя таго, што на іх ідзе страшэнны ціск, і таму многія групы па збору подпісаў скукожыліся да пяці-сямі асобаў, то, я думаю, для тых, хто прыедуць з Эўропы, гэта будзе і цікавым, і, з другога боку, жахлівым”.

Чым адрозьніваецца назіраньне на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах ад папярэдніх, якія былі чатыры гады таму? У 2000 годзе ў Беларусі не працавалі ні доўгатэрміновыя, ні кароткатэрміновыя назіральнікі. Канфлікт міжнародных парлямэнцкіх арганізацыяў зь беларускай уладай прывёў да таго, што тады ў Менску працавала толькі так званая місія тэхнічнай ацэнкі выбараў. Узначальвала яе Элізабэт Расмунсэн з Нарвэгіі, ўсяго было толькі пяць экспэртаў. А вось што тычыцца апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, то на іх было каля 30 доўгатэрміновых і крыху больш за 200 кароткатэрміновых назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG