Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП, БНФ і БСДГ вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў


Валер Каліноўскі, Менск Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачаўся са скандалу. Адміністрацыя гатэлю “Менск” не дапусьціла дэлегатаў у актавую залю, арэнда якой была аплачаная партыяй. Акрамя таго, 29 жніўня правялі свае перадвыбарчыя зьезды партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

Зьезды трох апазыцыйных партыяў праходзілі ў даволі складаных умовах – дэлегаты АГП, БНФ і БСДГ працавалі ў перапоўненых памяшканьнях, малапрыстасаваных для такіх форумаў. Партыя БНФ правяла зьезд у сваім офісе, БСДГ – у памяшканьні офіса ПКБ. Частка дэлегатаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі была вымушаная адстаяць увесь зьезд на нагах, калі тэрмінова давялося памяняць месца правядзеньня зьезду на штаб-кватэру партыі.

Большасьць гаспадароў заляў у Менску адмаўлялася прадставіць свае памяшканьні для вылучэньня апазыцыйных кандыдатаў. АГП ўдалося папярэдне дамовіцца на арэнду залі ў гатэлі “Менск”. Але калі каля сотні дэлегатаў прыбылі ў прызначаны час у гатэль, іх не дапусьціла ахова. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Мы заплацілі за памяшканьне, накіравалі паперу, дзе зазначаецца, што нам патрэбна правесьці зьезд. Усё было ўзгоднена. Раптам сёньня, калі людзі прыехалі з усіх рэгіёнаў Беларусі, высьветлілася, што ў двары амапаўцы, тут ахова, ніхто ня можа даць ніякіх тлумачэньняў, проста забарона ўвайсьці ў будынак і правесьці зьезд. Гэта было зафіксавана і прадстаўніцай Мінюста, якая прыйшла на зьезд. Нам нічога не застаецца як зьвяртацца ў Пракуратуру”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, адміністрацыя гатэля “Менск” можа патрапіць пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса – перашкоды ажыцьцяўленьню выбарчых правоў грамадзянаў і махлярства.

Прадстаўнік адміністрацыі гатэлю Менск Сяргей Валодзька патлумачыў Радыё Свабода, што АГП не заключыла адпаведную дамову:

(Валодзька: ) “Ёсьць толькі рахунак аплаты. Але ён не зьяўляецца падставай для правядзеньня. Няма прадстаўніка банкетнай службы, які займаўся гэтым пытаньнем, у якога ёсьць ключы ад залы. Гэты супрацоўнік ня можа выйсьці на сувязь. Чаму? Я не магу пракамэнтаваць”.

Сяргей Валодзька сказаў, што ніякіх распараджэньняў ад уладаў на гэты конт не было, проста зьнік супрацоўнік з ключамі.

Прадстаўніца Мінюста, якая прыйшла сачыць за хадою зьезда, таксама была разгубленая й зьдзіўленая такой нечаканасьцю:

(Супрацоўніца Мінюста: ) “Я не ўпаўнаважаная даваць нейкія камэнтары альбо тлумачэньні, мне даручана прысутнічаць на вашым зьездзе. Я нічога не ведала, я, гэтаксама як і вы, прыйшла да прызначанага часу”.

На думку старшыні АГП Анатоля Лябедзькі гэты інцыдэнт сьведчыць пра недэмакратычны характар цяперашняй выбарчай кампаніі:

(Лябедзька: ) “Гэта якраз адлюстроўвае выбарчую кампанію, якая пачалася. Калі нават не даюць мажлівасьць у двухмільённым Менску правесьці зьезд і вылучыць патэнцыйных кандыдатаў – пра што можа ісьці гаворка. Нам добры дзесятак устаноў сказалі “не”, калі мы зьвярталіся з просьбамі аб арэндзе”.

Анатоль Лябедзька кажа, што ва ўмовах сумленнай кампаніі ягоная партыя можа разьлічваць на 30 дэпутацкіх мандатаў, якія прадстаўляюць рэальную альтэрнатыву ўладзе ў асобах, дзеяньнях і праграмах.

АГП на зьезьдзе вылучыла 57 кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, БНФ – 40, БСДГ – 16 кандыдатаў. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка так акрэсьліў вынікі свайго зьезду:

(Вячорка: ) “Мы прынялі апошні варыянт перадвыбарчай плятформы, дапоўнілі яе пяцьцю палажэньнямі, зьвязанымі хутчэй з сацыяльнымі пытаньнямі. Тут і годнае жыцьцё, і пераадоленьне ізаляцыі Беларусі, і празрысты бюджэт. Карацей, мы яе моцна сацыялізавалі”.

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада таксама прыняла перадвыбарчую плятформу партыі. Гаворыць адзін з кіраўнікоў грамады Аляксей Кароль.

(Кароль: ) “Сутнасьць плятформы – тое, што яна скіраваная на сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія хвалююць грамадзтва, і гэта адпавядае базавым прынцыпам сацыял-дэмакратыі. А менавіта не рэформы дзеля рэформаў, а рэформы дзеля людзей”.
XS
SM
MD
LG