Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму збольшага беларускія спартоўцы не паказалі на Алімпіядзе сваіх лепшых вынікаў?


Ігар Карней, Менск Заўтра ў Афінах завяршаюцца 28-я Алімпійскія гульні. Мы штодня расказвалі ў эфіры пра тое, як адбываліся спаборніцтвы. Вынікі выступу беларускіх алімпійцаў падсумоўваюць алімпійскі чэмпіён у кіданьні молату Рамуальд Клім і спартовы журналіст Алесь Сівы.

(Карней: ) “Найперш спадар Клім: Вас Алімпіяда задаволіла? Я маю на ўвазе, як гледача і як спэцыяліста. Вашая думка яшчэ цікавая тым, што ў свой час Вы выступалі ў Грэцыі й якраз сталі сярэбраным прызёрам чэмпіянату Эўропы”.

(Клім: ) “Адкрыцьцё Алімпіяды – уразіла мяне. А спаборніцтвамі, калі гаварыць пра беларускіх кідальнікаў молата й штурхальнікаў ядра – не задаволены. Калі глядзець на Алімпіяду 2000, дык у нас былі 2 алімпійскія чэмпіёны, Зьверава і Карольчык, і былі 3 бронзавыя мэдалісты. Пакуль што мы маем у кіданьнях толькі 2 бронзавыя мэдалі”.

(Карней: ) “Тое ж пытаньне я адрасую Алесю Сіваму: якія Вашыя ўражаньні?”

(Сівы: ) “Сёньня тое, што ёсьць – гэта наша рэальнае месца на Алімпіядзе. Усе тыя спартоўцы, на якіх разьлічвалі – яны, для спартыўнага свайго ўзросту – гэта спартоўцы ў гадах, якія ўжо зьбіраюцца заканчваць выступленьні. Гэтая Алімпіяда паказала яшчэ раз, што трэба нешта мяняць, і магчыма нават на гэты момант нашая каманда знаходзіцца неяк у стадыі пераходу ад больш сталых да больш маладых”.

(Карней: ) “Паводле першых уражаньняў: ці можна казаць пра нейкія ўрокі, якія ўжо дала гэтая Алімпіяда беларускаму спорту?”

(Клім: ) “Большасьць спартсмэнаў Беларусі, лёгкаатлетаў, на гэтай Алімпіядзе паказала свае вынікі нашмат горшыя, чым былі. Значыць, трэба, каб Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі, трэнэрскі састаў перагледзеў свае пляны, сваю мэтодыку падрыхтоўкі да такіх вялікіх спаборніцтваў”.

(Карней: ) “Вы ўжо казалі, што на гэтай Алімпіядзе слаба выступілі беларускія атлеты якраз у тых відах, дзе яны былі традыцыйна моцнымі. Гэта спартовая гімнастыка, асобныя лёгкаатлетычныя дысцыпліны. І якраз трэба гаварыць і можна гаварыць, што існавала моцная беларуская школа ў кіданьні молату, дыску, штурханьні ядра. Як Вы казалі – два бронзавыя мэдалі на ўсіх – гэта, натуральна, мала. Як Вы мяркуеце, што сталася прычынай, што беларусы ў гэтых дысцыплінах выступалі так няўдала?”

(Клім: ) “Усе спаборніцтвы па кіданьні й штурханьні праходзяць у Стайках, дзе няма заўзятараў. Там цішыня ідэальная. А калі атлеты прыйдуць на стадыён, дзе 75 тысячаў сьвішчуць, крычаць – яны кшталту як разгубліваюцца. Калі казаць пра Івана Ціхана: у яго лепшы вынік гэтага года на 4 мэтры большы. Тое самае ў Ірыны Ятчанка: на 3 мэтры болей. У Ігара Астапковіча – таксама недзе на чатыры мэтры лепшы вынік. Мусіць, гатоўнасьць да Алімпіяды была каля месяца раней, калі яны на першынстве нашай краіны паказалі гэтыя выдатныя вынікі. І каб так яны выступілі, у адпаведнасьці са сваімі лепшымі вынікамі – у кіданьні молата якраз было б 3 першых месцы”.

(Карней: ) “Алесь, Вы таксама напярэдадні Алімпіяды гаварылі шмат зь якімі спартоўцамі, і цяпер тэлефануеце туды, вось зь іх настрою вынікае, што штосьці іх не задавальняе на гэтай Алімпіядзе?”

(Сівы: ) “Ну, ведаеце, я згаджуся з Рамуальдам Іосіфавічам, што многія спартсмэны проста не падрыхтаваныя псыхалягічна. У нейкі рашучы момант яны ня могуць сканцэнтравацца. Бо паглядзім, што было, напрыклад у штурханьні ядра. Надзея Астапчук займае ў кваліфікацыі першае месца. Па ідэі, яна павінна ў фінале...”

(Клім: ) “Крышку дабавіць”.

(Сівы: ) “Так, бо дабаўляюць звычайна ў фінале, але атрымалася так, што яна нават збавіла. Пасьля мне тлумачылі трэнэры, што яна проста псыхалягічна зламалася. Дарэчы, я тэлефанаваў тады ў Фэдэрацыю лёгкай атлетыкі, і там паспрабавалі абвінаваціць нават журналістаў: маўляў, мэдалёвы плян ціснуў на спартсмэнаў, і вось гэтае нагняценьне атмасфэры на іх адбівалася. Як быццам гэта журналісты прыдумалі гэтыя 25 мэдалёў! Тут напэўна, пытаньні да Аляксандраў Рыгоравічаў: альбо да Аляксандра Рыгоравіча Руцкіх, трэнэра каманды, альбо да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які ставіў плян”.

(Клім: ) “Калі ўсіх праводзілі ў Афіны, дык не журналісты гаварылі й давалі абяцаньні, што 25 мэдалёў зробім, а самі спартсмэны так гаварылі, настрой такі быў. Відаць было па тэлевізіі, што ў іх добры настрой, што яны могуць і зрабіць гэта. А аказалася – не”.

(Сівы: ) “Дарэчы, хачу сказаць, што я тэлефанаваў ужо пасьля перамогі Юліі Несьцярэнка ў Афіны, і напярэдадні яна сказала, што пасьля яе паступленьня ў фінал патэлефанаваў кіраўніцтву нашай зборнай Лукашэнка: хацеў перад фіналам пагаварыць зь ёй і падтрымаць нейкім чынам, але не далі яму пагаварыць. Можа, таму і перамагла?”

(Клім: ) “Калі казаць, дык гэта ж адна спартсмэнка, якая паказвала свае лепшыя вынікі на Алімпіядзе. А яе 2 гады таму назад са школы, алімпійскага вучылішча, выключылі як непэрспэктыўную спартсмэнку. А яна праз 2 гады стала алімпійскай чэмпіёнкай!”

(Карней: ) “Працягнем гэтую тэму. Гэтымі днямі якраз беларускія атлеты ўжо вяртаюцца на Радзіму. Асэнсаваньне таго, што адбылося, напэўна, будзе не адразу. А як, на Ваш погляд, будзе ацэнены выступ каманды на дзяржаўным узроўні? Бо спартоўцы ж спыніліся вельмі далёка ад заплянаваных кіраўніцтвам паказчыкаў. І ў гэтым кантэксьце: ці можна канстатаваць, што спаборніцтвы паміж вяскоўцамі й алімпійцамі, абвешчаныя Аляксандрам Лукашэнкам, спартоўцы прайгралі? Калі ласка, спадар Клім”.

(Клім: ) “Параўноўваць дасягненьні сялян і спартоўцаў – ніхто ня дасьць пляну кампазытару, каб кампазытар напісаў за год 3 опэры. (Сьмех.) Ну няма такога нідзе. Думалі, як было агучана, што спартсмэны Беларусі мелі ўсе ўмовы, якія трэба да добрага выступленьня на Алімпіядзе. Трэба, мабыць, калі ўлягуцца ўсе перажываньні, разабрацца, хто вінаваты. Калі былі створаныя ўсе ўмовы, дык каб нехта адказваў за гэта”.

(Карней: ) “Алесь, як Вы мяркуеце, вінаватыя будуць знойдзеныя ў гэтай сытуацыі?”

(Сівы: ) “Канечне, будуць знойдзеныя. Іншая справа, што трэба каб знаходзілі й пакаралі тых, хто гэтага заслугоўвае, а каб не ляцелі галовы направа й налева. І наогул я лічу, што некарэктна ставіць такія “мэдалёвыя пляны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG