Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаныя менчукі зь цяжкасьцю адрозьніваюць мінулыя парлямэнцкія выбары ад прэзыдэнцкіх


Ганна Соусь, Менск Да людзей на менскіх вуліцах нашая карэспандэнтка зьвярнулася з пытаньнем тыдня: “Хто быў Вашым дэпутатам у парлямэнце й як Вы ацэньваеце яго працу ў мінулы выбарчы пэрыяд?”

(Спадар: ) “Не, ня ведаю нікога. Па-мойму, наогул няма сэнсу галасаваць у нас за парлямэнт. У нас аўтарытарная сыстэма ў рэспубліцы. Парлямэнт – гэта, па-мойму, марыянэткі, таму сэнсу ў ім няма”.

(Спадар: ) “Наш дэпутат быў тэнісіст, я ня памятаю яго, вельмі добра ацэньваю яго працу ў нас, на Каліноўскага. Тым больш я са спортам зьвязаны, як і ён. Мне вельмі падабаецца ягоная праца”.

(Карэспандэнтка: ) “А прозьвішча ня памятаеце?”

(Спадар: ) “Старшыня тэнісу – выскачыла во...”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы галасавалі?”

(Спадарыня: ) “Галасавала, але я ўжо забылася”. (Сьмех)

(Маладая спадарыня: ) “Ня ведаю, хто быў маім дэпутатам, не прымаю ўдзелу – спэцыяльна, прынцыпова, таму што няма ніякай падтрымкі, ніякай карысьці ад гэтай працы. Атрымліваецца так, што яны багацеюць, а мы з гэтага нічога ня маем. Тым больш што нас няма ў сьпісах. Кватэра папярэдняя ёсьць, наступная ёсьць, а маёй няма. Чаго хадзіць?”

(Спадарыня: ) “Я не цікаўлюся палітыкай”.

(Спадарыня: ) “Я й сама ня ведаю, хто ў нас быў дэпутат. Я ацэньваю толькі Лукашэнку”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы галасавалі на парлямэнцкіх выбарах мінулых?”

(Спадарыня: ) Так, галасавала за Лукашэнку. А дэпутаты – галасавала, але ня помню”.

(Спадар: ) “Ну, яны пагоды ніякай ня робяць. Гэта проста бутафорская арганізацыя”.

(Спадарыня: ) “Я неяк не заглыблялася ў пытаньне дзейнасьці нашага дэпутата. Шчыра кажучы, ня памятаю. Ня зьвязвалася”.

(Карэспандэнтка: ) “Прозьвішча ведаеце?”

(Спадарыня: ) “Не. Ня ведаю”.

(Бабулька: ) “А хто іх знае – я ня знаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы галасавалі?”

(Бабулька: ) “Галасавала. Ой, як яго завуць – забыла я, як яго”.

(Карэспандэнтка: ) “А як працу яго ацэньваеце?”

(Бабулька: ) “Харошая праца”.

(Спадарыня: ) “Нармальна. Мала таго: чалавека, які больш бы пасаваў на прэзыдэнта, на сёньня няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Я не пра Лукашэнку – я пра выбары ў парлямэнт”.

(Спадарыня: ) “А-а... Я зараз нават згадаць не магу. Па-мойму, Папоў”.

(Карэспандэнтка: ) “А як працу ацэньваеце?”

(Спадарыня: ) “Ну, даволі нармалёва...”

(Маладзён: ) “А я не пайшоў на выбары, таму што я лічу, што гэта несур’ёзна”.

(Маладая спадарыня: ) “Я ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А галасавалі вы ці не?”

(Маладая спадарыня: ) “За прэзыдэнта – памятаю, галасавала за Лукашэнку, а ў парлямэнт – не магу ўспомніць”.
XS
SM
MD
LG