Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: “...тут Чэслаў Мілаш быў нашым”


Валянціна Аксак, Менск 27 жніўня ў Кракаве пахаваны Чэслаў Мілаш – ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1980 год, паэт які напісаў пра сябе: “Я не нарадзіўся ў Польшчы, ня выгадаваўся ў Польшчы, не жыву ў Польшчы, але пішу па-польску”. Ён паходзіў са старажытнага ліцьвінскага роду этнічна беларускага Віленскага краю і залічваў сябе да грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага, добра ведаў беларускую мову й па вяртаньні ў Польшчу з трыццацігадовае эміграцыі шмат дапамагаў беларускім інтэлектуалам ва ўсталёўваньні прынцыпаў свабоды ў культурнай прасторы.

Тры гады таму Чэслаў Мілаш напісаў верш для адмысловае праграмы Радыё Свабода “Верш на свабоду”, а год таму – прадмову да беларускага выданьня сваёй кнігі “Скуты розум”.

Ігар Бабкоў у газэце “Наша ніва” напісаў: “Апошнія 15 год Мілаш быў з намі. Напачатку 1990-х ён арганічна ўпісаўся ў стыль і настрой віленскай “Нашай Нівы”. Мілаш відавочна быў наш”.

Пра Часлава Мілаша гаворыць ягоны перакладчык Андрэй Хадановіч.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Хадановіч, скажыце, калі ласка, чаму, на вашую думку, так запозьнена прыйшоў да беларусаў іхні вялікі зямляк, усяго толькі ў апошнія 15 год свайго, даволі доўгага жыцьця?”

(Хадановіч: ) “Чэслаў Мілаш вельмі пакутліва вяртаўся ў Польшчу, на сваю вялікую радзіму. З 1951 году, калі Мілаш выбраў свабоду, яго стасункі з сацыялістычнай ідэалёгіяй складаліся ня проста. Мілаш бараніў вольнасьць заўжды. У той сытуацыі, калі патрабаваўся выбар – адзінка альбо нешта большае, сыстэма, найчасьцей таталітарная сыстэма, Мілаш быў на баку маленькага, часьцей прыватнага чалавека. Вяртаньне Мілаша ў Польшчу пачалося з прысуджэньня яму Нобэлеўскае ўзнагароды, а ў нас, як вы ведаеце, пэўныя дэмакратычныя працэсы ішлі нашмат павольней, а цяпер дык і зусім запаволіліся…

Мне здаецца, што Ігар Бабкоў выказаў вельмі аптымістычную думку: Мілаш – наш. Ігар Бабкоў, безумоўна, меў на ўвазе вузкае кола нацыянальна ангажаваных з аднаго боку і пра-эўрапейскі ангажаваных беларускіх інтэлектуалаў. Тут Чэслаў Мілаш быў нашым. Адзін з найактыўнейшых аўтараў створанага самім Бабковым альманаху “Фрагмэнты”, дзе знайшоў сваё месца выдатны яго твор “Дзіця Эўропы”. Чэслаў Мілаш, безумоўна, выдатна паклаўся на старонкі “Крыніцы”. Мілаш – гэта аўтар, які клаўся на старонкі “ЗНО” і “Нашай нівы”. Вось, відаць, тое поле, дзе ён быў напраўду наш”.

(Карэспандэнтка: ) “Адным з тых, хто падрыхтаваў публікацыі Мілаша і пра Мілаша для часопіса “Крыніца”, былі і вы. А скажыце, калі ласка, калі ўпершыню вы самі пазнаёміліся з творчасьцю Мілаша?”

(Хадановіч: ) “Пазнаёміўся тады, калі ўпершыню паехаў у Польшчу, здаецца, у 1993 ці 1994 годзе, натрапіўшы на пару-тройку анталёгій зь яго вершамі. Гэта мяне моцна агаломшыла. Тое, што рабіў Мілаш, ня клалася ані ў маё бачаньне айчыннае паэзіі, ані ў маё бачаньне заходняе паэзіі. Гэта вельмі тонкі рытм, сугучны, відаць, складанаму сьветабачаньню сучаснага чалавека, закінутага ў гэты сусьвет”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы неаднаразова зьвярталіся ў сваёй перакладчыцкай практыцы да вершаў Мілаша. Калі ласка, пачытайце для нашых слухачоў колькі перакладаў”.

(Хадановіч: )

“Чэслаў Мілаш Песенька пра канец сьвету

У дзень канца сьвету над кветкай настурцыі лётаюць пчолы, рыбак ладзіць свой нераток, у моры вясёлыя скачуць дэльфіны, а скура вужа зьзяе золатам, як і павінна, малы верабейка чапляецца за вадасьцёк. У дзень канца сьвету жанчына па полі ідзе з парасонам, сьпіць п’яны ў абдымку з газонам, на вуліцы крык гандляроў садавінай, пад ветразем лодка ідзе, як павінна, лунаюць скрыпічныя гукі ў паветры, адмыкаючы зорныя нетры. А ўсе, хто чакаў перуноў і маланак, у расчараваньні, а ўсе, што чакалі трубы арханёла і знакаў, ня ў стане даць веры, што ён настае. Пакуль над зямлёй сонца зь месяцам кружаць і чмель прылятае да ружы, і дзеткі ружовыя родзяцца ў жонкі і мужа, ніхто ня дасьць веры, што ён настае. І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам, але ж не прарок, бо на гэта ёсьць іншыя людзі, падвязвае памідоры і кажа сабе: Іншага канца сьвету ня будзе. Іншага канца сьвету ня будзе”.

Фотаздымак: Associated Press, 2003. Чаславу Мілашу – 92 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG