Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кракаве адбылося пахаваньне Часлава Мілаша, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня ў Кракаве адбылося пахаваньне выбітнага паэта, ляўрэата Нобэлеўскай узнагароды Часлава Мілаша, які лічыў сябе “духоўным грамадзянінам і нашчадкам” Вялікага Княства Літоўскага. Чэслаў Мілаш напісаў таксама для беларускай рэдакцыі Радыё Свабода “Верш на Свабоду”.

Чэслаў Мілаш быў пахаваны ў крыпце для заслужаных палякаў у кляштары айцоў-паўлінаў у старажытным цэнтры Кракава.

Напярэдадні прадстаўнікі нацыянал-патрыятычных і кансэрватыўных каталіцкіх колаў пратэставалі супраць рашэньня пахаваць Мілаша ў гэтым месцы, бо, паводле іхных словаў, ён “ня быў палякам і ня быў сапраўдным каталіком”.

Аднак сёньня ліст да ўдзельнікаў пахаваньня прыслаў Папа Ян Павал ІІ, а ў часе імшы арцыбіскуп Юзэф Жыцінскі рашуча адкінуў гэткія абвінавачаньні на адрас Мілаша.

(Жыцінскі: ) “Ніхто ня можа змусіць да адзіна правільнай інтэрпрэтацыі гэтай паэзіі, бо багацьце яе зьместу выходзіць далёка за рамкі простых схемаў. Гэтае багацьце нараджалася праз досьвед прыгажосьці, але адначасова і болю, болю крыжа Хрыстова”.

У жалобнай цырымоніі бралі ўдзел тысячы людзей з розных краінаў, сярод якіх прэм’ер-міністар Польшчы, былы прэзыдэнт Лех Валэнса, афіцыйны прадстаўнік прэзыдэнта Літвы, выбітныя культурныя й грамадзкія дзеячы.

Адметна, што якасьці афіцыйнай дэлегацыі ад Беларусі ў Кракаў былі запрошаныя прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў і недзяржаўнай прэсы з Гарадзеншчыны – Мікола Маркевіч, Тадэвуш Гавін і Юзэф Лучнік. Гаворыць вядомы журналіст Мікола Маркевіч.

(Маркевіч: ) “На жаль, такога беларускага акцэнту не было, але бел-чырвона-белы букет кветак да саркафагу, дзе пахаваны Мілаш мы ўсклалі. Ніякага прывітаньня ад амбасады, прэзыдэнта, ураду, ніякіх чыноўнікаў не было. Думаю, гэта вялікая страта для ўсіх беларусаў”.

У Кракаў прыехаў таксама былы міністар замежных справаў Беларусі Пётр Краўчанка.

(Краўчанка: ) “Я магу параўнаць яго з Гедройцам. У духоўным пляне яны абодва былі фігурамі аднолькавага маштабу, а самае галоўнае – яны абодва разумелі, што Беларусь, гэта ня нейкі прыгнечаны народ. Што Беларусь павінна стаць эўрапейскай дзяржавай.”

Чэслаў Мілаш нарадзіўся ў 1911 годзе ў Літве, потым вучыўся ў Вільні, а першы свой паэтычны зборнік “Паэма аб замарожаным часе” выдаў у 1933-м. У часе Другой сусьветнай вайны Мілаш жыў у Варшаве, браў удзел у руху супраціву, быў сьведкам задушэньня паўстаньня ў гета, а год пазьней – Варшаўскага паўстаньня.

Менавіта гэтыя падзеі, як лічаць адмыслоўцы, мелі найвялікшы ўплыў на ягоную далейшую творчасьць. На пачатку 1950-х паэт іміграваў на Захад.

У 1980-м годзе Чэслаў Мілаш атрымаў Нобэлеўскую ўзнагароду ў галіне літаратуры, а праз год наведаў Польшчу, дзе яго сустрэлі як нацыянальнага героя.

Чэслаў Мілаш неаднаразова казаў, што ён духоўны грамадзянін і нашчадак Вялікага Княства Літоўскага, “вынік сустрэчы шматлікіх культураў, якое адбылося ў той сярэднявечнай дзяржаве”.

Шмат хто лічыў Часлава Мілаша мудрацом і прарокам, але сам паэт так да сябе не ставіўся.

Верш “Споведзь”

“Божа, я любіў джэм з трускалак І цёмную асалоду жаночага цела І халодную гарэлку з селядцом у алеі Як ж зь мяне прарок? Навошта Духу наведваць такога як я? Столькі было абраных справядліва, А хто б мне ўверыў? Усе бачылі як я кідаюся на ежу Спусташаю келіхі і гарэзьліва гляджу на шыю афіцыянткі...”


Фотаздымак: Associated Press (2003)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG