Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рызе каля беларускай амбасады адбыўся пікет у падтрымку Міхаіла Марыніча й супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі


Юры Сьвірко, Менск Некалькі грамадзкіх арганізацыяў Латвіі каля гадзіны пікетавалі амбасаду Беларусі ў Рызе, адзначаючы пачатак пятага месяца за кратамі былога кіраўніка гэтай амбасады Міхаіла Марыніча. У пікеце бралі ўдзел і прадстаўнікі расейцаў Латвіі, пра парушэньні правоў якіх часта клапоціцца афіцыйны Менск.

У пікеце ля беларускай амбасады, дазволеным Рыскай думай, узялі ўдзел больш як 30 чалавек. Яшчэ столькі ж было журналістаў. Акцыю пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі арганізаваў Латвійскі трансатлянтычны моладзевы клюб з удзелам прадстаўнікоў ЛАТО (Латвійскай трансатлянтычнай арганізацыі, якая падтрымлівае сяброўства ў НАТО), Эўрапейскага руху Латвіі, моладзевых арганізацыяў Народнай партыі ды партыі “Новы час”. Таксама ў пікетаваньні ўдзельнічалі сябры суполкі “Расейцы Захаду”, прэзыдэнт якой Дзьмітры Нікалаеў распавёў:

(Нікалаеў: ) “Мы выставілі свае плякаты “За демократическую Беларусь!” — “Беларусь”, а не “Белоруссию”! Гэта адно. Другое — мы апранулі каля 15 чалавек у турэмную форму, якія хадзілі быццам бы паводле дазволу вакол калючага дроту. Плюс у нас былі асобныя майкі з канкрэтнай прапановай — “Свабоду Марынічу!”

Спадар Нікалаеў паведаміў, што зь беларускай амбасады да пікетоўцаў ніхто не выходзіў. Арганізатары пікету таксама не зьвярталіся да беларускіх дыпляматаў, гэта ўжо рабілася падчас мінулых акцыяў каля амбасады, першая зь якіх адбылася яшчэ 29 красавіка, праз тры дні пасьля арышту Міхаіла Марыніча. А гэты пікет прайшоў на знак падтрымкі падобнай акцыі ў Менску ля сьцен КГБ, дзе трымаюць спадара Марыніча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG