Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр Анатоль Квяткоўскі: “Хаця весьляры прынесьлі шмат алімпійскіх мэдалёў, нам няма дзе лодкі захоўваць”


Міхал Стэльмак, Менск Праграма алімпійскіх спаборніцтваў у Грэцыі набліжаецца да завяршэньня. Спартовая грамадзкасьць распачала абмеркаваньне ўрокаў Алімпіяды-2004 для беларускага спорту.

З Афінаў пачалі вяртацца беларускія спартоўцы і трэнэры, якія завяршылі ўдзел у спаборніцтвах. У прыватнасьці, вярнулася нацыянальная каманда ў акадэмічным веславаньні. У Грэцыі “акадэмікі” выканалі мэдалёвы плян. Яны заваявалі дзьве ўзнагароды. Кацярына Карстэн стала срэбнай прызёркай у адзіночным веславаньні, а Натальля Гелах і Юлія Бічык — бронзавымі на лодцы-“двойцы”. Старшы трэнэр Анатоль Квяткоўскі ў цэлым задаволены вынікамі спартоўцаў на цяперашняй Алімпіядзе, аднак пэрспэктыва яго непакоіць.

(Квяткоўскі: ) “У нас няма базы. Хаця веславаньне на байдарках і акадэмічнае веславаньне прынесьлі шмат алімпійскіх мэдалёў. Вось якая ў нас праблема: ёсьць у Берасьці канал, але ён голы. Няма дзе лодкі захоўваць, няма нармалёвага гатэлю з харчаваньнем. Тое ж самае тычыцца і Менскага мора. Канал там неглыбокі, на ім немагчыма трэніравацца”, — зазначыў Анатоль Квяткоўскі, старшы трэнэр беларускіх весьляроў-“акдэмікаў”. Апроч таго, паводле яго, спартовыя пэрспэктывы на наступнай Алімпіядзе зьвязаныя з прыходам у каманду таленавітай беларускай моладзі.

А вось для баксэраў яшчэ ня скончылася цяперашняя Алімпіяда. Апроч алімпійцаў-беларусаў, у нацыянальную каманду ўваходзяць легіянэры. Магамэт Арыпгаджыеў, ураджэнец расейскага Дагестану, працягвае, напрыклад, змаганьне за чэмпіёнскі тытул. Арыпгаджыеў на мінулай Алімпіядзе выступаў за Азэрбайджан, а цяпер абараняе гонар Беларусі. Кіраўнік Фэдэрацыі боксу Аляксандар Грыгараў лічыць палітыку прыцягненьня іншаземцаў у беларускі спорт апраўданай:

(Грыгараў: ) “Міграцыя ўласьцівая вялікаму спорту ва ўсім сьвеце і ва ўсіх відах спорту. Я лічу, што Арыпгаджыеву быць у фінале і змагацца за залаты мэдаль”.

Але ёсьць і іншыя меркаваньні наконт легіянераў. У скачках у ваду гонар Беларусі было даверана абараняць былым расейскім спартоўцам Сяргею Кучмасаву, Аляксандру Варламаву і Андрэю Мамантаву. Чэмпіён маскоўскай Алімпіяды 1980 году ў гэтым відзе спорту Аляксандар Партноў лічыць, што іх прыцягненьне ў беларускі спорт было памылковым. Чаму?

(Партноў: ) “Таму што ў нас тых скакуноў купілі, якіх адлічылі са зборнай Расеі. А гэты “шлак” мы падбіраем. Яны ня зоймуць месцаў вышэй за 25-е. Так і атрымалася — 25-е і 30-е. Гэта выкінутыя грошы”, — лічыць Аляксандар Партноў, алімпійскі чэмпіён па скачках у ваду.

Паводле яго, у свой час беларуская школа ў гэтым відзе спорту была адной зь лепшых у сьвеце. І безь яе адраджэньня, мяркуе Партноў, разьлічваць на посьпехі ў новым алімпійскім сэзоне не выпадае.
XS
SM
MD
LG