Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Менску у падтрымку палітычных вязьняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У цэнтры Менску адбылася акцыя ў падтрымку Міхаіла Марыніча і Валера Леванеўскага, якую правялі актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Зубр” . Адвакат Вера Страмкоўская перакананая, што завядзеньне новай крымінальнай справы супраць Міхаіла Марыніча сьведчыць пра мэтанакіраваны перасьлед былога міністра.

Кашулькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Зубр”, якія 27 жніўня правялі акцыю ў цэнтры Менску, былі ўпрыгожаныя надпісам “Свабоду Міхаілу Марынічу!” Больш за трыццаць юнакоў сталі ў ланцуг уздоўж праспэкту Скарыны насупраць КГБ, а потым прайшлі некалькі кругоў вакол пляцоўкі побач з будынкам. Закладзеныя за галаву рукі рабілі юнакоў падобнымі на вязьняў. Яўген, адзін з удзельнікаў акцыі, гэтак патлумачыў яе мэту:

(Яўген: ) “Гэтую акцыю рух “Зубр” праводзіць у падтрымку палітзьняволеных Міхаіла Марыніча й Валера Леванеўскага. Учора Міхаілу Марынічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай, учора пачаўся суд над Валерам Леванеўскім, і гэтай акцыя мы выказваем падтрымку гэтым мужным людзям, якія за свае палітычныя перакананьні знаходзяцца за кратамі”.

Акцыя працягвалася 20 хвілінаў. Ніхто зь яе ўдзельнікаў на месцы ня быў затрыманы.

Сёньня 27 жніўня спаўняецца дакладна чатыры месяцы , як былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча арыштавалі й зьмясьцілі ў ізалятар КГБ. Яго абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях са зброяй, а днямі, як стала вядома адвакату Веры Страмкоўскай, супраць Міхаіла Марыніча заведзеная яшчэ адна крымінальная справа, паводле артыкулу аб крадзяжы маёмасьці. Гаворка пра кампутары ды іншую аргтэхніку, якую сьледчыя знайшлі падчас ператрусу ў гаражы сына Міхаіла Марыніча. Адвакат Вера Страмкоўская называе гэтыя падазрэньні “беспадстаўніымі й абсурднымі”. Яна перакананая, што новая крымінальная справа пра маёмасьць “Дзелавой ініцыятывы” ня мае судовай пэрспэктывы:

(Страмкоўская: ) “Толькі адзін прысуд можа быць, калі суд па гэтай справе ўсё ж адбудзецца. Гэта апраўданьне Марыніча. Альбо яшчэ да судовага сьледзтва мусіць быць пастанова сьледчых аб спыненьні перасьледу на той падставе, што Марыніч не вінаваты”.

Паводле Веры Страмкоўскай, сьледзтву будуць прадстаўленыя ўсе доказы таго, што Міхаіл Марыніч ня краў маёмасьці, якую амбасада ЗША перадала ў карыстаньне арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.

У сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка” Міхаіл Марыніч будзе ўтрымлівацца прынамсі да 28 верасьня. Вера Страмкоўская, якая апошні раз бачылася зь Міхаілам Марынічам у ізалятары 26 жніўня, кажа, што ён мужна перанёс навіну пра працяг арышту і новую крымінальную справу. Між тым, стан здароўя Міхаіла Марыніча, паводле Веры Страмкоўскай, дрэнны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG