Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне ў ахвяру палітычнай авантуры


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У жыцьцяпісе польскага караля і вялікага князя літоўскага, сына Ягайлы і Соф’і Гальшанскай Казіміра ёсьць адзін кароткі сказ аб тым, што ён пакараў сьмерцю Івана Гальшанскага і Міхала Слуцкага — змоўшчыкаў, якія імкнуліся аддзяліць частку Вялікага Княства і далучыць яе да Масковіі. Згадваецца і імя трэцяга змоўшчыка — Хведара Бельскага, але нічога не гаворыцца аб тым, што той уцёк і гэтак пазьбегнуў кары”.

(Вольга Іпатава: ) “А між тым, пакараньне, якое выпала на долю ўцекача Хведара Бельскага, было доўгім і пакутлівым. Можа, таму, што ён ня проста згадзіўся на авантуру — паўстаць супраць караля і вялікага князя, але і вырашыў выкарыстаць дзеля гэтага сваё вясельле”.

(Ракіцкі: ) “Хто ж яна, нявеста, гэтага змоўшчыка Хведара Бельскага, шчасьцем якой, як і шчасьцем сваім ён дзеля палітычных мэтаў ахвяраваў?”

(Іпатава: ) “Нявестай князя была Ганна, сястра ягонага сябра Івана, князя невялічкага Кобрыньскага княства, якое займала сёньняшнія Кобрыньскі ц Пружанскі раёны і цалкам падпарадкоўвалася вялікаму князю”.

(Ракіцкі: ) “А чым выкліканая была гэтая палітычная авантура — аддзяленьне часткі Вялікага Княства Літоўскага і далучэньне яго да Масковіі?”

(Іпатава: ) “Ганна і Іван Кобрыньскія расьлі ў асяродзьдзі магнатаў, улада якіх паступова зьмяншалася. Суправаджала гэтае зьмяншэньне і рэлігійная няроўнасьць: ужо Ягайла, ажаніўшыся з каралевай Ядвігай, з праваслаўнага Якава стаў каталіком Уладыславам, і сыны яго былі адразу ж пахрышчаныя ў каталіцтва. Праваслаўныя ў Княстве адразу сталі як бы другаснымі, і, зразумела, гэта выклікала супраціў. Да таго ж, бацька Ганны і Івана быў у апазыцыі, як мы сказалі б цяпер, да вялікакняскай улады, бо ён падтрымліваў паўстаньне Сьвідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча і імкнуўся да поўнага аддзяленьня Вялікага Княства ад Польшчы. Памёр ён рана, амаль адразу ж пасьля нараджэньня Ганны, але дух вальналюбства і супраціву лунаў у асяродку князёў Кобрыньскіх і іхнага атачэньня. Быў сярод іх Іван Гальшанскі — з роду, які даў краіне каралеву Соф’ю. Яна памерла дваццаць гадоў таму, але ж ейная кроў цякла ў жылах сына, які, аднак, не наблізіў род Гальшанскіх да трону, бо каля яго стаялі іншыя, кракаўскія вяльможы. Быў сярод незадаволеных і малады князь Хведар Бельскі. Яму і прызначыў сваю сястру ў жонкі спадкаемца Кобрыньскага княства”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, які плян прыдумалі змоўшчыкі, і якое месца ў ім займала вясельле Ганны Гальшанскай і Хведара Бельскага?”

(Іпатава: ) “Змоўшчыкі вырашылі, што дзеля таго, каб фізычна зьнішчыць вялікага князя і, карыстаючыся мітусьнёй, узьняць паўстаньне, трэба запрасіць валадара Княства на вясельле, якое павінна было адбыцца неўзабаве, у 1481 годзе. Дзе ж яшчэ яны могуць засьпець яго зьнянацку? Ня ехаць жа дзеля гэтага ў Кракаў! Можна было б адважыцца на забойства ў Вільні, дзе вялікі князь зьяўляўся ня меней як два разы ў год, але і там пляны іх маглі сарвацца куды з большай верагоднасьцю, чым у Кобрыне…

Згодна з усімі плянамі, Казімір павінен быў зьявіцца ў Кобрынь. Дзьве радавітыя сям’і Княства запрашалі яго туды, а Казімір адчуваў сваю непарыўную сувязь зь Вялікім Княствам куды болей, чым з Каронаю. Нездарма ягоныя дзеяньні выклікалі незадавальненьне палякаў і прынесьлі яму папулярнасьць у Літве — Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “Чакайце, тут нешта не сутыкаецца. Вы кажаце пра сымпатыю караля Казіміра да радзімы, а ягоныя ўплывовыя землякі рыхтуюць змову супраць яго...”

(Іпатава: ) “Змоўшчыкам хацелася большага, ім здавалася, што ў Маскве яны могуць мець болей ўлады і правоў”.

(Ракіцкі: ) “А якая роля адводзілася Ганьне? Яна што, таксама цынічна ставілася да свайго вясельля? Гэты шлюб быў не паводле каханьня?”

(Іпатава: ) “Ганна нічога ня ведала пра іхныя планы. Не магла яна нават уявіць, што дзень ейнага вясельля можа стаць страшным і крывавым днём іхных сяброў”.

(Ракіцкі: ) “Як мы ўжо сказалі на пачатку перадачы, авантура не ўдалася. Чаму?”

(Іпатава: ) “Казімір не прыехаў на вясельле. Больш таго, раніцай, пасьля шлюбнай ночы, малады даведаўся, што змова іхная выкрытая, каралю вядомыя нават імёны змоўшчыкаў. Казімір быў разьюшаны, і нянавісьць да змоўшчыкаў, да тых, хто хацеў яго ашукаць і завабіць у ганебную сетку змовы, засталася ў яго на ўсё жыцьцё. Сваю нянавісьць ён перадаў і сынам.

Тады, пасьля адзінай шлюбнай ночы, Хведар Бельскі цудам уратаваўся. Ён, пакінуўшы маладую жонку, уцякаў праз усю краіну, а пагоня імчалася за ім. Пагоня ўрэшце дагнала Івана Гальшанскага і Міхала Слуцкага, і тым, нягледзячы на іхную радавітасьць і сваяцтва з каралём, паводле выраку суду, адсеклі галовы”.

(Ракіцкі: ) “А Хведар Бельскі ўсё ж дабраўся да Масквы і там знайшоў прытулак?”

(Іпатава: ) “Так, у Маскве яго літасьціва прыняў Іван ІІІ. Той самы Іван, які ўважліва сачыў за ўсім, што робіцца ў Вялікім Княстве Літоўскім і які аб’явіў, што менавіта ён зьяўляецца “государем Всея Руси”, а значыць, спадкаемцам земляў, што некалі называліся “рускімі”. Хведару Бельскаму выдзелілі гарады Дземен і Мораў, ён быў набліжаны да трону”.

(Ракіцкі: ) “Здавалася б, можна радавацца: уцёк ад сьмерці, стаў уладальнікам гарадоў, атрымаў поўную свабоду ў сваёй веры...”

(Іпатава: ) “...І нават хадзіў, як вой, разам з Іванам на Цьвер, якая хілілася да Вялікага Княства, ваяваў з былымі сваімі саюзьнікамі”.

(Ракіцкі: ) “Дык чаму ж ён літаральна празь пяць гадоў спрабаваў уцячы з Масквы, цяпер ужо назад, на радзіму?”

(Іпатава: ) “Не забывайма, што там яго ўсе гэтыя гады чакала жонка, якая стала закладніцай ягонай авантуры і якую з Княства не выпускалі, ды яна і не хацела ехаць у Маскву…”

(Ракіцкі: ) “Як рэагаваў на спробы ўцёкаў цар?”

(Іпатава: ) “За спробу вярнуцца ў ВКЛ маскоўскі цар саслаў Хведара Бельскага ў Галіч. Аднак, дыпляматы ўвесь час спрабавалі вырваць у Казіміра дазвол на выезд Ганны, на што той нязьменна адказваў, зьвяртаючыся да самога Хведара: “Прыяжджай і забірай!” Але як прыехаць, калі не адпускае і маскоўскі цар (які вярнуў сваю прыязнасьць і дараваў няўдалыя ўцёкі), як прыехаць, калі не хацеў прасіць літасьці ў Казіміра? А патаемна (ён ужо разумеў) прыехаць і забраць жонку наўрад ці ўдасца…”

(Ракіцкі: ) “І колькі цягнулася гэтае расстаньне? Ці верныя былі пабраныя шлюбам адзін адному?”

(Іпатава: ) “Сямнаццаць гадоў доўжылася гэтае расстаньне. Ганна ў Кобрыне таксама чакала, пакуль нешта зьменіцца і муж зможа вярнуцца на радзіму. Памёр ейны брат, яна стала адзінай уладальніцай родавых земляў, але не прымала ніякіх прапановаў на новы шлюб. Не саступаў і Хведар Бельскі. Магчыма, ён толькі цяпер зразумеў, што самавольна распарадзіўся чужым жыцьцём і паставіў прыўкрасную маладую жанчыну ў становішча, якое яна не выбірала, бо выбіраў толькі ён сам і ягоныя сябры. Выбіралі й выбралі за яе і замест яе…”

(Ракіцкі: ) “Але жыцьцё ўсё ж бярэ сваё? Хто ж першы здаўся?”

(Іпатава: ) “Натуральна, мужчына... У цара падрасла пляменьніца, якая магла прывязаць уцекача да ягонай новай радзімы. Але для таго, каб уступіць у новы шлюб, трэба было прызнаць вянчаньне несапраўдным. Ды для цара няма перашкодаў, і дазвол на новы шлюб быў атрыманы. У 1498 годзе Хведар Бельскі павянчаўся з князёўнай Разанскай, і ў іх адзін за адным нарадзіліся ажно трое сыноў.

І ён стаў аддана служыць ёй: быў начальнікам вялікага коннага палка, стаў ваяводам, хадзіў на Казань, выступіў у 1502 годзе супраць Вялікага Княства, дзе вялікім князем быў ужо малады Аляксандар”.

(Ракіцкі: ) “А Ганна?”

(Іпатава: ) “Ганна Кобрыньская выйшла замуж толькі праз чатыры гады пасьля жаніцьбы свайго былога мужа, якога яна працягвала кахаць усе гэтыя гады і за жыцьцём якога працягвала ўважліва сачыць, усё яшчэ маючы надзею на зьмены. Ейным мужам стаў маршалак ВКЛ Вацлаў Касьцевіч. Ёй было ўжо сорак два гады”.

(Ракіцкі: ) “Як завершыліся гэтыя жыцьці — вартыя ня толькі ўпамінку ў гісторыі, ці нашай перадачы, але й вартыя стаць цэнтральнымі пэрсанажамі рамантычнага раману?”

(Іпатава: ) “Вестка пра сьмерць Хведара Бельскага засьпела яе зьнянацку. Ён усе ж яшчэ быў малады — недзе 45 гадоў. Але паход на Казань у 1506 годзе стаў для яго апошнім. Што ж, яго напаткала лепшая сьмерць, чым ягоных колішніх сяброў. Яны загінулі на эшафоце, а ён — у бітве. Хаця бітва гэтая была за чужыя інтарэсы, за чужую зямлю… Ганна перажыла свайго сапраўднага, венчанага мужа на трынаццаць гадоў”.

(Ракіцкі: ) “І якая цана для краіны — старадаўняй Беларусі, гэтай авантуры, пра якую мы сёньня расказалі слухачам?”

(Іпатава: ) “Пасьля сьмерці Ганны Кобрыньскае княства канчаткова страціла нават сваю ўяўную самастойнасьць. Яшчэ раней краіна страціла храбрага воіна, які стаў эмігрантам — адным з тысяч і тысяч уцекачоў з роднай зямлі…”
XS
SM
MD
LG