Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі ў Стаўбуне


Ягор Маёрчык, Стаўбун, Веткаўскі раён Гомельшчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Дажынак у Стаўбуне сёлета не было. Упершыню за 300 гадоў існаваньня вёскі.

Распытваю жыхарку паселішча Ніну Марозаву.

(Ніна Марозава: ) “А мы ўжо ня ходзім, любы мой. Канбай жа косіць і малоціць, і саломку падграбёць. Людзі ня дружныя сталі. Сталі якіясь зьвераватыя. Чаго – таксама ня скемім. Бывала, як сьвята, выйдам сабяромся і пяём. І цяпер, можа б мы пявушчыя запелі, дык з нас сьмяяцца будуць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы і не сьпяваеце?”

(Ніна Марозава: ) “Не”.

За савецкім часам старадаўнія народныя Дажынкі пераўтварыліся ў Сьвята ўраджаю: з танцамі, сьпевамі, парадам сельскагаспадарчай тэхнікі і ўрачыстымі прамовамі. Штогод з экрану тэлепрыймача пэнсіянэрка Ніна Ніна Нікіценка назірае за імпрэзай, дзе галоўныя дзейныя асобы – найвышэйшае кіраўніцтва краіны.

(Ніна Нікіценка: ) “А як дажнуць, цяпер дзяржава езьдзіць некуды ў іншае месца. А каб у вёсцы… Ня ведаю, каб тут Дажынкі былі. Тады было, што людзі самі ад сябе рабілі, а дзяржава гэтага не дакраналася”.

Параўноўваючы афіцыйнае сьвята альбо адпаведнае мерапрыемства вясковага Дому культуры з Дажынкамі сваёй маладосьці, Ніна Нікіценка знаходзіць мала агульных рысаў. Тлумачэньні дырэктаркі ДК Зосі Кугаевай.

(Карэспандэнт: ) “Ці Дом культуры праводзіць такое мерапрыемства як Дажынкі?”

(Кугаева: ) “Не. Калі дзень народзінаў у камбайнэра ці ягонага памочніка, паедзем на поле, прачытаем хлебаробу вершык, з днём народзінаў павіншуем і песьню прасьпяваем. А маладыя цяпер нічога ня ведаюць. Усё ўжо стала іншым, і моладзь не цікавіцца”.

На ўвесь Стаўбун толькі чытыры старыя памятаюць, як па-сапраўднаму сьвяткаваць завяршэньне жніва. Яны, нямоглыя і затурканыя штодзённымі клопатамі, не выходзяць за брамы сядзібаў. Бабулькі згадваюць, а я даю ім магчымасьць уяўна сустрэцца на адным полі й зладзіць Дажынкі. Пачынае баба Ніна:

(Ніна: ) “Як ужо дажыналі ўсе, людзі кідалі па палосцы кусьцік жыта. І тэй кусьцік абвязвалі ўсялякімі зялёнымі й сінімі анучкамі. З жыта плялі вяночак. З жыта зьвілі й на гэтую бараду надзявалі”.

Аповед падхоплівае Ўляна Зуева:

(Зуева: ) “Сьцялю абрус. Кладу хлеба ды солі – вось гэта і называецца барада. А тады сядаю палуднаваць. І гукаю вось так: “Ісусу кладу. Сьвяты Ільля, хадзі да мяне палуднаваць са сваёй лустай і са сваёй вадою на мой абед. Сьвятыя ўсе Божыя ўгоднічкі, усе 49 пакутнікаў, хадзіце да мяне палуднаваць! Усіх клічу я! Усе нябёсныя сілы, хадзіце да мяне! А як прыйдзеце, памесьціцеся за два сталы”. Але ж ніхто ня прыйдзе! І сама таксамака сядаю есьці: сала ё, малако ё, творагу намяшаю і “густога” малака зраблю – вось так і згатую абед”.

Адна замова зьмяняецца іншай. Зноў баба Ніна:

(Ніна: ) “Хлеба тога адрэжуць і з сольлю зьядуць. І усё казалі: “Даруй нам, сьвятая зямелечка. Будзь жа ты наша карміліцай, будзь жа ты нашай сьвятліцай”.

Ніна Нікіцькіна тлумачыць, чаму людзі палуднуюць на полі й чаму яны прамаўляюць замовы:

(Ніна Нікіцькіна: ) “Каб ураджай быў на наступны год. Нібыта мы ня ўсё схапілі й нешта пакінулі Богу”.

Паводле Ніны Марозавай, Дажынкі – сьвята зусім некалектыўнае. Зьбіралася маленькая купка жнеяў. Падсілкаваўшыся, людзі разыходзіліся па хатах. На полі пакідалі даніну нябёсам, а тое, што забіралі з сабою, як амулет аберагала людзей увесь наступны год.

(Ніна Марозава: ) “Тады ўжо іржэйнічак ірвом. Пад пояс яго, каб сьпіна не балела. Хто яго ў гумно занясе, а хто і ў хату. А ў хаце, як звычайна, на кут клалі. Каласкі прыносім... Калі рукі баляць, парым іх. І ў каго нага забаліць, парым іх. Гумны тады былі. Пад страху каласкі клалі, каб Ільля не запаліў гэтае гумно”.

Уся праезная частка гэтай вёскі пакрытая скошаным жытам. Машыны не збаўляюць хады і праносяцца па асфальце колеру золата. Знаёмая нам дырэктарка Дому культуры Зося Кугаева яшчэ не на пэнсіі. Працуе не ў саўгасе. І пакуль прыйдзе чарга малаціць, збажына можа асыпацца і зазелянець другі раз. А таму спадарыня Кугаева таксама вываліла свае пакосы на дарогу:

(Кугаева: ) “Пакуль саўгаснае не сажнуць, камбайна не даюць. Дзе ж нам камбайнаў дачакацца? А людзі цяпер прыдумалі: падкашваюць касою, на асфальт выкладваюць. Машыны ўперад-узад езьдзяць — усё вымалачваецца. Падмятуць венікам і пачынаюць веяць. Сьмецьце ўбок, а зерне падае пад нагамі. Так амаль усе робяць. Толькі адзінкі, якія працуюць у саўгасе, малоцяць камбайнамі, толькі начальства: бугальтарка альбо аграном”.

Жыцьцё ў Стаўбуне — стандартны набор цяжкасьцяў. Тая ж Ніна Нікіценка корміцца з прысядзібнай гаспадаркі: кароўка, сьвіньні, куры й некалькі надзелаў зямлі. І ні чым бы яна не вылучалася з шэрагу пэнсіянэраў, каб аднойчы не здала цяля тутэйшай калектыўнай гаспадарцы.

(Ніна Нікіцькіна: ) “Мілы ты мой, я вам вось што скажу: мне болей як паўгоду грошай не аддаюць. Два разы мы езьдзілі. І ніхто нічога пра нас, нуль увагі. А яны мне вінныя 260 тысяч! А калі вы гэта дзесь прапусьціце, я вам яшчэ скажу: мы здаём малако. Але нам за малако ні хунта сена не даюць. Кароўку яшчэ хочам трымаць, а сена няма! І нам толькі далі па пакосу саломкі аўсянай. Адзін пакос болей кілямэтра! Пры такім узросьце як хочаш, так яе і грабі, кармі карову той саломай. Вось такія ў нашым саўгасе звычаі”.

(Карэспандэнт: ) “А можа, у сельсавет зьвярталіся?”

(Ніна Нікіцькіна: ) “Зьвярталіся мы і ў сельсавет. А нам кажуць: далі вам пакос, што хочаце, тое і рабіце”.

(Карэспандэнт: ) “Слухайце, але калі так далей справа пойдзе, трэба будзе з кароўкай разьвітвацца…”

(Ніна Нікіцькіна: ) “А як жа! А чым я буду карміць?! А мне дапамогі няма. І ня тое, што мне, а ўсім адзіночкам. Як хочаш, так і жыві. Няхай бы гэта пачуў бы наш саўгас! Гэта можна перадаць?”

(Карэспандэнт: ) “Перададзім абавязкова”.

Яшчэ адна самотніца, якую таксама завуць Ніна, апроч худобы ўвіхаецца над немалымі загонамі жыта ды бульбы. Калі бы нехта зладзіў спаборніцтвы збору ўраджаю, гэтая згорбленая худзенькая бабулька стала бы абсалютнай пераможцай у сваёй узроставай катэгорыі.

(Ніна: ) “Я скасіла ўперад усіх. Касою”.

(Карэспандэнт: ) “Самі касілі?”

(Ніна: ) “Сама. Я сама і аратай, і касец, і што хочаце”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі вам год?”

(Ніна: ) “Мне 78”.

(Карэспандэнт: ) “І вы сама косіце?”

(Ніна: ) “Сама. Дзеткі родныя, ніхто не дапамагае. А паспрабуй касу пацягаць. Косіш-косіш… Аж рукі трашчаць, аж у галаве цёмна! Дзеткі родныя, я парабіла столькі працы, што ніводзін конь столькі не парабіў! Як так, мне б трэба было ў першую чаргу. Я адна ўжо такая састарэлая, ні дзяцей у мяне, нікога – адна-ядзінсьцьвенная”.

(Карэспандэнт: ) “Калі чалавек сталага веку і адзін, яму мусіць дапамагаць сельсавет ды сацыяльныя работнікі”.

(Ніна: ) “Ніхто не дапамагае! Як хочаш, так і жыві. Хочаш жыць – жыві, а лянуесься – памірай. Божа хронь, ніхто пра нас не клапоціцца! Хадзіла да іх. Ну, і што той сельсавет? У гэтым нашым сельсавеце нічога не даб’есься. Гэта вам ня горад і ня прыгарад, дзе начальства болей-меней за старымі глядзіць”.

А галоўны занятак яшчэ адной удзельніцы віртуальных Дажынак Ніны Марозавай – зьбіральніцтва. Вялікую гаспадарку дапамагаюць трымаць дзеці і ўнукі. Старая ж выбірае працу, якая больш ёй даспадобы.

(Карэспандэнт: ) “Сядзім мы з вамі ў сенцах. Бачу, што побач з вамі гара лісіцаў. Гэта сабе зьбіраеце альбо на продаж?”

(Ніна Марозава: ) “На продаж. Скончыла апрацоўваць свае сялібы і пайшла ў лісіцы. Вось такія маленькія сталі цяпер ужо па 6 тысяч кіляграм, а вялікія ўжо па 2 тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я ведаю, Веткаўскі раён пацярпеў ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Кажуць, што ў вас тут забруджаныя тэрыторыі. Не баіцеся зьбіраць грыбы і здаваць іх?”

(Ніна Марозава: ) “Бяруць жа. Мы-та самі іх не ядом. Мы можа б і самі іх паелі, але хочам здаць паболей. Унук мой на платным вучыцца”.

З усіх удзельніцаў Дажынак самае бесклапотнае жыцьцё ва Ўляны Зуевай. На ўвесь Стаўбун баба Ўлюта слынная сваім зьнешнім выглядам: нізенькага росту, у доўгай спадніцы і даматканай кашулі. На галаве – каптур, у роце – лічаныя ацалелыя зубы, а ў вушах – таўсьценныя срэбраныя кольцы.

(Зуева: ) “Дзеці ў мяне ё. Як едуць, бабе ўсё вязуць: харчы і іншую ўсячыну. Як панавозяць бабе і як закрыюць мой стол! Кажу ім: браццы, вязіце ўсё назад, ня трэба мне! Што вы мяне гэтым загружаеце! Яно тут усё паплесьнее. Яны мне і гарэлку прывозяць”.

(Карэспандэнт: ) “Часта п’яце?”

(Зуева: ) “Я і на вясельлі выпіваю, і на хаўтурах. Я сьпяваю добра. Мяне ўсе паважаюць – па абедах клічуць. Іншы ідзе… Чакае хаўтураў, бо так ня трэба як на вясельлі класьці тысячы. Ён там нажрэцца – чарак пяць вып’е. І дамоў гэтая п’яніца подзе. А мне чарку як нальюць, калі дап’ю, а калі яшчэ і застанецца”.

Дажынкі ў Стаўбуне памерлі. Тут адно наклалася на другое. У старых, якія памятаюць абрад, няма сілаў, каб ушанаваць прыроду. Маладых жа даўніна не цікавіць. А яшчэ наступ цывілізацыі: абавязковая прылада сьвята – гэта серп. Аднак яго даўно перамаглі камбайны. Тэхнічны прагрэс зьнішчыў старадаўні звычай, але не палегчыў жыцьцё вяскоўцаў. Як і стагодзьдзі таму, збажыну яны садзяць, косяць, малоцяць і веяць сваімі рукамі.
XS
SM
MD
LG