Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 27 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 27 жніўня

“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год:

“На зьмяненьне асобнага IV пастанаўленьня і асаблівай маёй аб’явы, раздрукаванай 21 жніўня, адносна парадку аб’яўленьня аб прыбыцьці параненых, сустрэчы і пераносцы іх, гэтым даводжу да агульнага ведама, што насельніцтву гораду, якое ня ўдзельнічае ў пераносцы параненых і хворых воінаў у шпіталі, не забараняецца прысутнічаць у раёне пунктаў прыбыцьця санітарных цягнікоў, з тым аднак, каб на плятформы, дзе будуць прымацца параненыя, пабочныя асобы не ўваходзілі; таксама не забараняецца насельніцтву і вітаць параненых. Магілёўскі Паліцмайстар П.Яўдоцьеў”.

“Сын Беларуса”, 1924 год. Адозва да беларускіх настаўнікаў:

“У 1921 годзе польская ўлада адарвала Вас ад свайго роднага Беларускага Народу і выслала на вучыцельскія курсы ў Кракаў. Па сканчэньні гэтых курсаў тая-ж улада папазначала Вас на вучыцялёў у польскія школы – часта нат’ ня ў роднай краіне. Даволі зьдзеку! Пара Вам вярнуцца да свайго Беларускага Народу і сярод яго шырыць прасьвету. Беларуская Цэнтральная Школьная Рада ў Вільні, прыступаючы да арганізаваньня беларускіх пачатковых школ на 1924/25 школьны год, гэтым зварочваецца да Вашага беларускага пачуцьця з просьбай найхутчэй адказаць ёй на гэтыя пытаньні: 1. Дзе Вы цяпер прабываеце: (Ваш акуратны адрас). 2. Ці згодны Вы, замест польскай, працаваць у беларускай школе?”

“Звязда”, 1934 год. Прамова Якуба Коласа на 1 Усесаюзным зьезьдзе савецкіх пісьменьнікаў:

“Я лічу сваім грамадзянскім абавязкам перад пісьменніцкай грамадскасцю Саюза і прысутнымі тут пісьменнікамі Захада і Ўсхода ад імя пісьменнікаў Беларусі заявіць аб нашай пагардзе да ўсіх гэтых паклёпнікаў, якія “турбуюцца” аб лёсе беларускага народу і яго нацыянальнай культуры. Беларуская совецкая літаратура, нацыянальная па форме і соцыялістычная па зместу, ідзе наперад, не гледзячы на енкі зарубежнага міжнароднага фашызма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG