Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка нарадзіўся ў год выбараў


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд сьвежых нумароў незалежных беларускіх газэтаў

Першую паласу сёньняшняй “Белорусской Деловой Газеты” упрыгожвае пікантны загаловак – “Разьвітацца, каб пераспаць”. У артыкуле пад такой назвай вядзецца пра чарговую сустрэчу Пуціна й Лукашэнкі ў Сочы. Паводле назіраньняў аўтараў матэрыяла, кіраўнікі абедзьвюх краінаў дэманстравалі на апошняй прэсавай канфэрэнцыі поўную ідылію ва ўзаемаадносінах, якія яшчэ нядаўна былі “атручаныя газам”. “Быццам дзьве знакамітасьці абвясьцілі пра новыя заручыны пасьля намёкаў на магчымы распад яшчэ не аформленага саюза”, – як заўсёды іранізуе БДГ. Ну а што насамрэч хаваецца за паказной ідыліяй, можна прачытаць у рэдакцыйным камэнтары.

Між іншым, усяго праз тры дні Аляксандар Лукашэнка адсьвяткуе свой пяцідзесяцігадовы юбілей. Дык вось, як высьветлілася, 30 жніўня 1954 году на дварэ было ня горача – тэмпэратура паветра не перавышала 16 градусаў. І цяпер у рэзыдэнцыях беларускага лідэра тэмпэратура паветра не перавышае 17 градусаў. “У цяпле мазгі працуюць куды горш”, гаворыць Лукашэнка. Сымбалічна, што Лукашэнка нарадзіўся ў год выбараў – якраз ішла кампанія па выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет, і ў жыхароў Александрыі быў свой выбарчы ўчастак. Пра іншыя, часам амаль містычныя супадзеньні ў лёсе Лукашэнкі – у сьвежым нумары БДГ.

Карэспандэнтка “Віцебскага кур’ера” зьдзейсьніла закупачны першаверасьнёўскі маратон і прыйшла да высновы, што кожны год зборы дзіцяці ў школу балюча б’юць па сямейным бюджэце. Да таго ж не настолькі проста падабраць патрэбныя школьныя прынады, нават калі грошы ёсьць. Пры ўсім, здавалася б, багацьці выбару тавараў, бацькі ды іхныя дзеці часта ня могуць знайсьці патрэбную рэч, якая б ім пасавала ды коштам задавальняла. Усе падрабязнасьці гэтых клопатаў ды некаторыя карысныя парады можна знайсьці ў сёньняшнім “Віцебскім кур’еры”.

“Рэгіянальная газэта” расказвае пра тое, як да новага навучальнага году рыхтуюцца ў Вілейскім раёне. Там налічваецца каля 30 школ, 2 гімназіі, дзяржаўны тэхнічны каледж ды сельскагаспадарчы ліцэй. На іхную падрыхтоўку выдаткавалі 35 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў. Але ж ёсьць тут і нямала праблемаў, якія даўно нікога ня дзівяць. Таксама “Рэгіяналка” піша пра жыхара Смаргоні, які цяпер будзе месьці вуліцы, бо вынес з хлебазаводу алюмініевыя формы для выпяканьня хлеба, пра ашмянскіх мытнікаў, якім цяжка ўпраўляцца з кіргіскімі перагоншчыкамі машын, ды пра тое, што ў Астравец ніяк ня прыйдзе мабільная сувязь – а жыхары мястэчка так на гэта спадзяваліся…
XS
SM
MD
LG