Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1991 году ў Беларусі зьявілася больш за 600 уласных паштовых марак


Іна Студзінская, Менск Што цікавага ў марцы? Здавалася б, умоўны знак паштовай аплаты, кавалачак паперы, неабавязкова прыгожы ды яскравы. Але цэны некаторых марак дасягаюць на аўкцыёнах касьмічных вышыняў. Адзін салідны банкір набыў за 50 мільёнаў даляраў марку Брытанскай Гвіяны з выяваю парусьніка – гэтую марку называюць “Прынцэсаю філятэліі”. Вартасьць яе з кожным годам расьце. Ёсьць маркі на залатой фользе, ёсьць – з водарам. Пасьля перамогі расейскіх тэнісістаў у Кубку Дэвіса была выпушчаная марка з напыленьнем пяску са шчасьлівага для спартоўцаў корту. У Беларусі такіх “фішак” пакуль што няма. Але ўсё яшчэ наперадзе.

Гісторыя філятэліі непарыўна зьвязаная з гісторыяй пошты. Калі на тэрыторыі Беларусі ўзьнікла пошта, дакладна невядома, але ў “Аповесьці мінулых гадоў” пад 885 годам згадваецца, што князь Алег накіроўваў пасыльных да родзічаў. Першая паштовая ўстанова была створаная ў Вялікім Княстве Літоўскім ў 1558 годзе Жыгімонтам П Аўгустам. Але спачатку замест маркі выкарыстоўваліся паштовыя штэмпэлі. Першы менскі штэмпэль вядомы з 1778 году, гарадзенскі – з 1806, пінскі – з 1843 году. У сьнежні 1857 году былі выпушчаныя першыя маркі Расейскай імпэрыі, якія хадзілі й па Беларусі.

А гісторыя беларускай філятэліі пачынаецца з ХХ стагодзьдзя. У 1919-20 гадох зьявіліся пяць марак “Асобнага атраду”. Спачатку меркавалася, што да гэтага меў дачыненьне Булак-Булаховіч, але дакумэнтальнага пацьверджаньня не знайшлося. І толькі праз гады стала дакладна вядома: выпуск той сэрыі санкцыянавала Рада народных міністраў БНР.

Распавядае філятэліст Сяргей Байко, які вывучаў архівы БНР:

(Байко: ) “Было паседжаньне Рады народных міністраў БНР 31 жніўня 1919 году, на якім разглядалася пытаньне аб выданьні марак БНР. Была прынятая “прапазыцыя на выданьне й продаж спадаром Варонкам марак ува ўсіх краінах і на Бацькаўшчыне”. Калі браць тагачасныя выданьні, якія пісалі пра філятэлічнае жыцьцё, то гэтыя маркі называліся “фантастычнымі”, “спэкуляцыйнымі”, маркамі, “якія ніколі ня мелі паштовага ўжытку”. Але, я лічу, для нас гэта гісторыя. Яны ў мяне ёсьць. Сустракаюцца й канвэрты з гашанай гэтай маркаю, але гашэньні былі зробленыя значна пазьней, чым выдаваліся гэтыя маркі”.

У 1920 годзе выдадзены тры маркі Часовай рады Случчыны – з выявамі Скарыны, аратага й гербу “Пагоня”. На іх зроблена наддрукоўка гумавым штэмпэлем з “Пагоняю” й надпісам “ЧРСл”. Таксама цяжка сказаць, ці выкарыстоўваліся яны ў паштовых мэтах. Але для калекцыянэраў гэта каштоўнасьць.

У савецкі час Беларусь дэлегавала права выданьня знакаў паштовай аплаты Маскве, і на тэрыторыі краіны да 1992 году былі ў абарачэньні паштовыя маркі СССР. Прыкладна 100 марак (з 6380, выдадзеных у Савецкім Саюзе) тэматычна былі зьвязаныя з БССР: дзяржаўныя сымбалі, архітэктура, героі вайны, культура, мастацтва.

З 1991 году, калі краіна набыла незалежнасьць, выданьне марак у Беларусі аднаўляецца. І з таго часу зьявілася больш за 600 марак, паўтысячы мастацкіх капэртаў з арыгінальнымі маркамі. Цікава, што першую сучасную марку прысьвяцілі Рыгору Шырму. А потым зьявіліся выявы крыжа Эўфрасіньні Полацкай і нацыянальных сымбаляў: бел-чырвона-белага сьцягу й гербу “Пагоня”. Дарэчы, гэтыя маркі й цяпер ёсьць у продажы. Згадвае мастак Мікола Купава:

(Купава: ) “Мне пашанцавала – я рабіў некалькі канвэртаў з маркамі яшчэ ў савецкую пару. І ў 1992 годзе мне замовілі сьцяг і герб. Я з задавальненьнем гэта зрабіў. Тут жа ідэйны зьмест, тэма і ўсё, што зьвязана з нашай гісторыяй, культурай. Наагул, тэматыка маркі й канвэрта вельмі шырокая, разнастайная. І тут я ня кідаюся на любыя – а цяпер шмат усякіх можа быць. Пасьля былі маркі з гербамі гарадоў Беларусі – Менск, Полацак. Гістарычная тэма – вельмі прыцягальная, гэта мая тэма. Я люблю гэта рабіць”.

З рук Міколы Купавы выйшла нямала марак і капэртаў. Вельмі ганарыцца мастак працаю, прымеркаванай да 200-годзьдзя Адама Міцкевіча. Да 500-годзьдзя Магдэбурскага права выпушчаныя тры вельмі цікавыя капэрты з адмысловымі маркамі – прысьвечаныя Менску, Полацку й Браславу. Апошнія работы Міколы Купавы – выявы слыннага вайскоўца, генэрал-фэльдмаршала Язэпа Рамейкі-Гуркі й канцлера Вялікага Княства Літоўскага Яўхіма Храптовіча.

З выдавецкім цэнтрам “Марка” вельмі цесна супрацоўнічае Таварыства беларускай мовы: нязьменна нагадвае пра важныя даты. Дарэчы, старшыня ТБМ Алег Трусаў – заўзяты калекцыянэр.

(Трусаў: ) “У Беларусі выпусьцілі ўнікальныя маркі. Напрыклад, да юбілею Шагала выйшлі 4 маркі. Расейцы прапусьцілі 150-годзьдзе Ільлі Рэпіна, а мы выпусьцілі марку з выяваю ягонай карціны “Беларус”. У нас выйшла марка з Радзівілам Чорным – нідзе няма такой, ні ў Польшчы, ні ў Літве”.

Дарэчы, многія калекцыянэры зьбіраюць менавіта “беларусіку” – маркі, тэматычна зьвязаныя зь Беларусьсю. Старшыня філятэлістычнага саюзу краіны Леў Коласаў мае амаль усе – ад “Аповесьці мінулых гадоў” да сучаснасьці. Вельмі ганарыцца рэдкай маркаю княства Манака з выяваю помніка Перамогі ў Менску.

(Коласаў: ) “Марку Манака я атрымаў ад свайго францускага калегі, якому даслаў савецкія маркі, прысьвечаныя эскадрыльлі “Нармандыя – Нёман”. Я яму даслаў на тэму Францыі, ён мне пра Беларусь”.

Складана пералічыць нават сэрыі марак, выпушчаных за 13 гадоў незалежнасьці: гістарычныя асобы, дойлідзтва, нацыянальнае адзеньне, геральдыка, мастакі, іканапіс, нацыянальныя паркі, птушкі, рэдкія жывёліны й расьліны, вакзалы й паравозы, матылькі, жукі, масты – тэматыка найразнастайнейшая. Меркаваньне мастака Міколы Купавы:

(Купава: ) “На мой погляд, адно з маладых выдавецтваў краіны – “Марка” – зарэкамэндавала сябе вельмі красамоўна. Паколькі менавіта праз маркі, канвэрты найлепшым чынам паказваецца наша гісторыя, культура. На падставе таго, што зроблена мастакамі й выдавецтвам, можна рабіць і сайты розныя, і выставы, публікацыі, каталёгі. І гэта ўжо адлюстроўвае стабільны стан дзяржавы (дарма што дзяржава займаецца як бы самаразбурэньнем). А вось гэтае выдавецтва “Марка” якраз працуе на незалежнасьць краіны”.

Першыя беларускія маркі друкаваліся за мяжою. Цяпер яны вырабляюцца на Барысаўскай фабрыцы Дзяржзнаку. Абсталяваньне пакуль, мякка кажучы, не зусім адпавядае ўсясьветным стандартам. Толькі тры гады таму ў краіне пачалі выпускаць блёкі з пэрфарацыяй. Але зрухі ёсьць, лічыць філятэліст Сяргей Байко.

(Байко: ) “Цяпер робім добрыя маркі. Але ёсьць так званыя “спэцыялітэты”. У Беларусі гэта невычэрпная тэма, бо абсталяваньне старое, і шмат цікавага можна знайсьці ў гэтым пляне. Калі казаць пра тэмы, то добрая тэма геральдыкі, сэрыя “Ахова птушак” мне падабаецца. Вядома, пошта не адыходзіць і ад камэрцыйных рэчаў. Тая ж самая Алімпіяда – шмат людзей у сьвеце зьбіраюць маркі на спартовую тэматыку. І Беларусь выпускае гэтыя маркі. Пошце трэба іх прадаваць і зарабляць грошы. Можа, больш прададуць, купяць лепшае абсталяваньне, каб выпускаць лепшыя маркі”.

Тым часам філятэлістаў у Беларусі стала значна менш, чым у савецкую пару, лічыць Леў Коласаў.

(Коласаў: ) “Раней толькі ў Менску было каля 7 тысяч. У кожнай школе быў гурток, рабілі выставы. Цяпер гэтага, на жаль, няма, дзятва пераключылася на кампутарныя гульні, і ніякімі маркамі іх не завабіш. Вялікі адсеў і сярод дарослых калекцыянэраў. Нас засталося вельмі мала... Падаражэла ўсё – люпы, пінцэты, маркі. Пэнсіянэрам цяжка выкраіць з пэнсіі грошы на сваё хобі”.

Няма цяпер у філятэлістаў і свайго памяшканьня. За арэнду ад некамэрцыйнай арганізацыі патрабуюць 10 даляраў за квадратны мэтар. Таму вымушаныя філятэлісты ў роднага Міністэрства сувязі арандаваць інтэрнацкі пакойчык на дзьве гадзіны ў тыдзень, зьбіраюцца ў чацьвяргі, плацяць 9 эўра. А паразмаўляць і паказаць сапраўды ёсьць што, цьвердзіць Леў Коласаў. Але імёнаў не называе – спрацоўвае так званы “комплекс калекцыянэра”.

(Коласаў: ) “Называць імёнаў ня буду. Ёсьць калекцыя пра Вялікую Айчынную вайну. Калі марка выпускаецца, у друкарні бываюць памылкі, недзе трапіць валасок, пылінка. Ці фарба няроўная. У нас ёсьць адзін таварыш, які зьбірае такія незвычайныя маркі. Ёсьць у нас салідны намесьнік дырэктара вялікага заводу, які зьбірае тэму “Матылі”. На міжнародных выставах калекцыя атрымала самыя высокія ўзнагароды: залаты мэдаль, прызы. Чалавек з захапленьнем піша ў міжнародныя часопісы”.

Дарэчы, сваіх спэцыялізаваных філятэлістычных выданьняў краіна ня мае. У 1990-я была газэта “Беларускі калекцыянэр”, але цяпер на яе выхад бракуе сродкаў. На ўсю краіну засталася толькі адна спэцыялізаваная крамка. Каб у сьвеце усё ж такі ведалі пра беларускія маркі, Сяргей Байко стварыў у Інтэрнэце філятэлістычны сайт. Ніякай заўважнай дапамогі ад афіцыйных структур дабіцца Сяргею не ўдалося. Хоць, здавалася б, і Міністэрства культуры, і Міністэрства сувязі павінны падтрымліваць філятэлістаў: праз маркі краіна “раскручваецца” ў сьвеце. Невыпадкова ў суседніх Украіне й Латвіі менавіта Міністэрствы сувязі спансіруюць выданьне адпаведных часопісаў і каталёгаў. Беларускія ж філятэлісты вымушаныя пакуль што друкавацца й выстаўляцца за мяжою. Суцяшае толькі, што робяць яны гэта вельмі пасьпяхова…
XS
SM
MD
LG