Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер дзеці больш разьняволеныя: у дзеяньнях, у думках, у словах”


Севярын Квяткоўскі, Менск Як зьмяніліся першаклясьнікі ад савецкіх часоў? Ці розьняцца колішнія лінейкі пад сьцягам зь сярпом і молатам ад сучасных? Сябе, дзяцей і сучасных школьнікаў параўноўваюць менчукі.

Сучасныя ўрачыстыя лінейкі ад колішніх савецкіх сапраўды розьняцца, пра гэта кажуць усе ў адзін голас. Адны гавораць пра зьнешні бок, але многія пра тое, што зьмяніліся самі дзеці. А вось стаўленьне да зьменаў рознае:

(Дзядуля: ) “Трохі памятаю – у вёсцы было... У горадзе больш урачыста адбываецца. А ў вёсцы: завялі, пасадзілі за парту – сядзі вучыся... 60 гадоў таму”.

(Спадарыня: ) “У нашу бытнасьць было больш урачыста. Цяпер неяк усё паводле шаблону”.

(Сталая спадарыня: ) “Цяпер школа ня тая, што ў нас была. Цяпер 1 верасьня скамячанае да непазнавальнасьці. Дзеці прыходзяць у тым, у чым стаяў на вуліцы. Няма той прыбранасьці, таго сьвята, усьведамленьня, што гэта першы Дзень ведаў. Я абураная!”

(Маладая спадарыня: ) “Ну вось цяпер у нас у Горадні лінейкі ладзяць з канцэртамі, зь імпрэзамі. На той момант мяне тыя лінейкі задавальнялі. Цяпер час іншы”.

(Малады спадар: ) “Вядома, розьніцца. Больш свабоды ў дзяцей, інакш апранутыя, больш разьняволенасьці ў паводзінах”.

(Спадарыня: ) “Прасьцей было, і ў той жа час строгасьці больш было. А цяпер дзеці больш разьняволеныя, свабодныя: у дзеяньнях, у думках, у словах”.

(Маладая спадарыня: ) “Цяпер дзеці па-іншаму выхаваныя і растуць у іншым грамадзтве”.

(Сталы спадар: ) “Нягледзячы на тое, што цяпер іншыя паняткі – яны, вядома, не супадаюць з маімі, і з тымі, што я меў, калі вучыўся ў школе – я лічу, што гэта нармальна”.

Апошнія словы належаць спадару, у якога восем унукаў рознага ўзросту. То бок, ён мае магчымасьць прасачыць дынаміку зьменаў.

Большасьць сучасных настаўнікаў – выпускнікі савецкіх школаў. Ці заўважаюць бацькі, бабулі і дзядулі розьніцу ў падыходах настаўнікаў да выхаваньня дзяцей? Напрыклад, я пачуў ад іх некалькі адрозных адказаў, дзе гучыць слова “патрыятызм”:

(Сталы спадар: ) “Раней было іншае ўяўленьне пра патрыятызм. Іншае ўяўленьне пра панятак Радзімы. Піянэрскія дружыны былі, вядома, больш актыўныя, чым цяпер”.

(Сталы спадар: ) “Цяпер у краіне шмат робіцца, каб прышчапіць дзецям любоў да сваёй Айчыны – Беларусі. У прыватнасьці, да гістарычных каштоўнасьцяў: цяпер паўсюль ідзе прапаганда беларускай гісторыі”.

Вось такое аптымістычнае меркаваньне былога вайскоўца і цяперашняга працаўніка прыватнай турфірмы, які меў на ўвазе менавіта старадаўнюю гісторыю Беларусі.
XS
SM
MD
LG