Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эміграцыя і праца ў Канадзе – досьвед эмігрантаў зь Беларусі ў Таронта


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Віктар Саўрыцкі, Валянціна Шаўчэнка, Віялета Кавалёва.

Канада належыць да тых краінаў сьвету, якія актыўна прымаюць эмігрантаў. Найбольш распаўсюджаная форма эміграцыі – працоўная. Улады Канады пастаянна ўдакладняюць сьпіс прафэсіяў, якія патрабуюцца ў краіне і тым самым даюць магчымасьць прадстаўнікам гэтых спэцыяльнасьцяў з розных канцоў сьвету выехаць у Канаду на сталае жыхарства.

Грамадзяне Беларусі таксама нярэдка карыстаюцца гэтай магчымасьцю і шмат хто жыве цяпер у гэтай краіне. Як склаўся іх лёс на чужыне? Ці маюць тое, чаго чакалі?

Віктар Саўрыцкі жыве ў Канадзе з 1998 году. Ён – праграміст, скончыў у Менску палітэхнічную акадэмію. У той час у Канадзе найбольш патрабаваліся спэцыялісты ў галіне кампутараў, і таму ягоную заяву на эміграцыю задаволілі без асаблівых цяжкасьцяў.

Віктар прыехаў у Таронта, дзе меў знаёмага і дзе разьлічваў хутчэй знайсьці працу. Заўважым, што эмігрант мусіць знаходзіць працу сам, без дапамогі з боку дзяржавы.

(Саўрыцкі: ) “Гэта быў вельмі добры час, патрабаваліся праграмісты й мне было шмат розных званкоў ад кампаній. На першым часе знайшоў вельмі добрае мейсца. Кампанія патрабавала, каб я падарожнічаў, езьдзіў па розных гарадох. Праца была таксама кампутарная. Калі нейкая кампанія набывала наш кампутарны прадукт, трэба было яго інсталёўваць. Найбольш я працаваў у ЗША, нават адзін раз у Мэксыцы працаваў.

Амаль два гады быў там, але, потым я ажаніўся, падарожнічаць і быць жанатым – гэта ня вельмі зручна”.

Віктар мусіў зьмяніць працу і даволі хутка знайшоў сабе іншае мейсца, якая больш яго задавальняла.

(Саўрыцкі: ) “Другая праца – я сядзеў у кампаніі, праграмаваў, добрая была кампанія. Але, ужо пачаўся ня вельмі добры час у кампутарнай індустрыі і мяне папрасілі, каб я пашукаў іншую працу.

Быў час 2-3 гады таму, калі ніякія кампаніі ня бралі праграмістаў. Мне пашанцавала, я за тры тыдні знайшоў працу. Але шмат хто з маіх знаёмых шукаюць працу і ня могуць знайсьці дагэтуль”.

(Сурмач: ) “Віктар, што сталася, чаму зьмянілася сытуацыя і попыт на кампутарных спэцыялістаў так рэзка скараціўся?”

(Саўрыцкі: ) “Калі я прыехаў, кампутаршчык быў як той геній. Гэта было вельмі прэстыжна. Вельмі многа грошай укладалі ў кампутарную індустрыю, быў вялікі бум. Калі ж гэта ўсё абвалілася, кампутаршчыкі сталі, як простыя інжынэры”.

(Сурмач: ) “А як цяпер сытуацыя з праграмістамі?”

(Саўрыцкі: ) “Зараз становіцца лепш, цяпер патрэбна больш людзей, патрэбныя праграмісты”.

(Сурмач: ) “Гэта значыць, што новыя эмігранты-праграмісты могуць разьлічваць на працу?”

(Саўрыцкі: ) “Так. Але ў Канадзе ёсьць складанасьці. Гэта краіна, у якой жывуць прадстаўнікі шмат нацыянальнасьцяў. Кампаніі, найперш, глядзяць, як чалавек можа камунікаваць зь іншымі. Вельмі важна, які сам чалавек, ці ён дастаткова адкрыты. Для мяне гэта было вялікае адкрыцьцё, што гэта так важна ў Канадзе, а тэхнічны бок, яны вераць, што справісься. Самая вялікая праблема выхадцаў з краінаў былога СССР, што яны ня ведаюць, як сябе прэзэнтаваць у час інтэрвію”.

(Сурмач: ) “Праблема камунікацыі і адаптаваньня да іншага грамадзтва чакае эмігранта на кожным кроку. Гэтая тэма міжволі ўзьнікла ў нашай размове і пасьля таго, як я запытала ў Віктара, што яму найбольш спадабалася ў Канадзе?”

(Саўрыцкі: ) “Напрыклад, мне найбольш спадабалася ў Канадзе, што ўсе вельмі памяркоўна ставяцца да жывёл – вавёрак, янотаў, ніхто іх ня ловіць, ніхто не чапае.

Аднойчы мне распавядалі пра выпадак, калі прыехаў хлопец зь Беларусі, пабачыў там вавёрку на вуліцы, ён узяў скрыначку з-пад торту і злавіў яе ў гэтую скрынку і панёс дахаты. А нехта пабачыў, патэлефанаваў і прыехалі паліцэйскія”.

***

(Сурмач: ) “Прыкладна ў той жа час, што і спадар Саўрыцкі, у Таронта прыехала сям’я Валянціны Шаўчэнка. Яна таксама кампутарны спэцыяліст, скончыла факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Спадарыня Валянціна кажа, што жылі яны ў Беларусі даволі забясьпечана і нават ня думалі пра эміграцыю, калі б не здарыліся вядомыя падзеі”.

(Шаўчэнка: ) “Калі Лукашэнку абралі прэзыдэнтам, я адразу адчула, што гэта крах. Пасьля рэфэрэндуму мы зразумелі, што вельмі цяжка нешта зьмяніць. Памятаеце, мы пайшлі тады на плошчу, нас можа каля 200 чалавек было. Калі я пабачыла, што толькі 200 чалавек з усяго Менску прыйшлі на плошчу, мы вырашылі, што цяжка нешта зьмяніць, народ хацеў Лукашэнку і я бачыла сябе ворагам народа. І мы вырашылі, што мы не падыходзім да гэтага”.

(Сурмач: ) “Валянціна падала заяву ў канадыйскую амбасаду і праз 10 месяцаў яны ўжо мелі ў руках візы”.

(Шаўчэнка: ) “Мы атрымалі ліст, што Канада быццам бы так патрабуе нас”.

(Сурмач: ) “Аднак, пры ўсёй гэтай фармальнай гасьціннасьці, зь першых крокаў эмігрантам даводзіцца самім вырашаць усе праблемы. Звычайна людзі карыстаюцца паслугамі фірмаў. Такая фірма зьняла для сям’і Шаўчэнкаў кватэру ў Таронта, за якую трэба было плаціць з прывезеных з сабою грошай.

(Шаўчэнка: ) “Першы тыдзень было так жахліва. Тэлефон маўчыць... Было цяжка, два месяцы я прасіла мужа, каб мы зьехалі назад, пакуль яшчэ не пражылі ўсе грошы. Я не магу тут жыць, тут усё чужое. Але ж, што дапамагло. Мы жылі ў доме, дзе перад домам была пляцоўка зь бярозамі, кветкамі, вельмі прыгожа. Пагляджу, і неяк супакоюся. Мовы ня ведалі, амаль зусім. Але, выхаду іншага не было, як толькі ісьці наперад”.

(Сурмач: ) “Аб працы па спэцыяльнасьці спадарыня Валянціна магла толькі марыць.”

(Шаўчэнка: ) “Першую працу знайшла ў краме, вельмі лёгка атрымалася. Я зайшла, яны запыталі, чаму я хачу працаваць. Я сказала, што пакінула ў Менску сабаку, мая мама хацела б яе прывезьці, але няма грошай на дарогу. Яна паглядзела на мяне і сказала, каб я прыйшла заўтра. І я прыйшла, працавала там амаль тры месяцы. Там сустрэлася з жанчынаю, зь Севастопаля. Яна запыталася, чаму я тут працую з такой прафэсіяй і запрасіла на фабрыку. Там была фабрыка, якая вырабляла мацярынскія платы для кампутараў. Але гэта не была праца па спэцыяльнасьці. Гэта была праца на канвэеры, я працавала ад 7 вечара да 7 раніцы, усю ноч, па 4-5 начэй у тыдзень. Паўгода так працавала, цяжка было. Але, тады ўжо пачала размаўляць па-ангельску. А першую ноч, дык плакала, нічога не разумела”.

(Сурмач: ) “Далей спадарыня Валянціна ўсё ж вырашыла ня траціць марна часу на гэту тэхнічную працу”.

(Шаўчэнка: ) “Я сама папрасіла мэнэджэра, каб мяне звольніў, бо я ўжо зарабіла сабе магчымасьць атрымаць дапамогу па беспрацоўі. І яны мяне адпусьцілі. Я атрымала гэтую дапамогу і дзяржава мне аплаціла навучаньне, каб я далей вучылася, бо я была яшчэ слабы праграміст.

Тры месяцы правучылася, атрымала сэртыфікат. Потым ізноў знайшла працу. Гэта была канадыйская кампанія. Я прайшла інтэрвію і мяне прынялі праграмісткай. Шчыра кажучы, вельмі цяжка было, мне трэба было выконваць шмат абавязкаў і шмат чаму навучыцца. Я потым пакінула гэтую працу, бо вельмі цяжка было.

Потым доўга не магла знайсьці працу. Потым я вырашыла пайсьці на праграміста– бэта-тэстэра. Праграмісты ствараюць праграмы, а бэта-тэстэр павінен праверыць, што ўсё правільна. І вось зараз я працую тэстэрам, мне гэта вельмі падабаецца. Я працую ў вялікім банку, гэта адзін з найбуйнейшых банкаў Канады”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Валянціна ўрэшце знайшла свой шлях і цалкам задаволеная працаю, дзе рэалізуе свае прафэсійныя навыкі. Ейнаму мужу, які працаваў у Беларусі інжынэрам –электрамэханікам, прафэсійна пашанцавала менш”.

(Шаўчэнка: ) “Ён цяжка тут працаваў, і на будоўлі, і ў пякарні. Цяпер ён ужо амаль што два гады, як купіў невялікі грузавік, езьдзіць па Таронта і па цэлым Антарыё, возіць грузы. Ён кажа, што ён шчасьлівы. Гэта амаль што свая справа. Ён працуе на кампанію, але ён сам сабе гаспадар”.

(Сурмач: ) “Спадарства Шаўчэнкаў мае дзьве дачкі. Па словах спадарыні Валянціны малодшая хутка адаптавалася ў новым жыцьці”.

(Шаўчэнка: ) “А старэйшая, ёй ужо 20 гадоў, ёй было цяжка. Яна малявала ў студыі, скончыла мастацкую школу ў Менску. Яна такая творчая натура ў нас, а тут ў Канадзе з гэтым цяжка. Але ж потым я трапіла ў добрую праграму. Гэта школа, спэцыялізаваная школа, скончыла яе. А потым яна паступіла ва ўнівэрсытэт Ватэрлу, скончыла першы курс, яна на архітэктурным факультэце. Зараз яна сама дае ўрокі жывапісу студэнтам-канадыйцам. Яна малюе дома, у нас шмат карцін”.

(Сурмач: ) “Сям’я Шаўчэнкаў далучылася да беларускага асяродку ў Таронта. Яны вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадзкім жыцьці Згуртаваньня беларусаў Канады. Гэтая далучанасьць да суродзічаў дапамагае ім выжыць на чужыне”.

(Шаўчэнка: ) “Вы ведаеце, вельмі дапамагае, без гэтага было б цяжка жыць. Мы прыходзім, паразмаўляем паміж сабою, пасьпяваем. І гэта дапамагае жыць, не адчуваеш адарванасьці ад Беларусі”.

(Сурмач: ) “Побач з Валянцінай Шаўчэнка ў беларускім цэнтры ў Таронта працуе яшчэ адна новая эмігрантка з Беларусі спадарыня Віялета Кавалёва. Яна – журналістка па адукацыі, у Беларусі працавала ў газэце, на тэлебачаньні. У Канаду трапіла з мужам, які меў прафэсію інжынэра-мэталюрга, што значылася ў сьпісе патрэбных ў Канадзе. Аднак, у рэальнасьці аказалася, што працаваць яму па гэтай спэцыяльнасьці амаль немагчыма”.

(Кавалёва: ) “Немагчыма ўладкавацца на працу адразу па гэтай прафэсіі. У яго ангельская мова была недастатковая, каб быць інжынэрам. Дыплём трэба паслаць на ацэнку, каб паглядзелі, што адпавядае, што не адпавядае дысцыплінам, якія інжынэры вывучаюць у Канадзе. Нам сказалі, што напэўна ня хопіць каля дзесяткі дысцыплінаў. Кожную зь іх трэба ня толькі здаваць, але трэба браць курс і вывучаць яго, плаціць за гэта грошы, даволі вялікія. Калі потым ты яго ня здаў, ты ня можаш паўторна пайсьці пераздаць, а павінен яшчэ раз узяць увесь гэты курс і яшчэ раз заплаціць. Гэта ўсё расьцягнецца на некалькі гадоў, а хто ў гэты час будзе карміць сям''ю? Працуй, зьбяры грошы і вучыся, ці, напрыклад, нехта зь сям''і працуе, а другі вучыцца.

Таму муж вырашыў, яму 44 гады, не займацца гэтым. Трошкі падвучыўшы мову, пайшоў на платныя курсы зваршчыкаў. Атрымаў пасьведчаньне, але цяжка было знайсьці працу. Знайшоў у маленькай кампаніі, але там яго звольнілі. Аднак ён напрацаваў дастаткова гадзін, каб атрымаць дапамогу па беспрацоўі. І зараз ён пайшоў у каледж зваршчыкаў, які аплачвае агенцтва па беспрацоўю. Ён будзе больш кваліфікаваным зваршчыкам і будзе шукаць новую працу”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Віялетта гадуе дзьвюх дачок і рэалізуе сябе, як журналістка, ў якасьці рэдактаркі газэты Згуртаваньня беларусаў Канады”.

(Кавалёва: ) “Мы выдаём газэту "Беларускае слова". ЗБК выпускала такі невялікі бюлетэнь, выходзіў раз у квартал. Мяне абралі ва ўправу і якраз прызначылі кіраваць прэсай. Я прапанавала зрабіць на базе гэтага лістка газэту, 2 тысяч асобнікаў. Грошы бяруцца толькі за кошт ахвяраваньняў, у Таронта няма беларускага бізнэсу. Мы раскладаем нашу газэту ў крамах – расейскіх, украінскіх, польскіх. Часам бывае, што з газэты людзі даведваюцца, што ёсьць ЗБК і прыходзяць”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Віялета з мужам адразу прыехалі ў Таронта, бо хацелі быць бліжэй да тамашніх беларусаў”.

(Кавалёва: ) “Мы неяк адразу ведалі, што без гэтага мы не пражывем, што мы абавязкова далучымся, так што са Згуртаваньнем мы зьвязаныя зь першых крокаў, у нас нікога больш няма ў Канадзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG