Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 13-ы – беларусы пакуль без мэдаляў


RFE/RL За 4 дні да сканчэньня алімпійскіх гульняў у Афінах Беларусь мае 12 мэдалёў і паводле колькасьці ўзнагародаў займае 15 месца. Варта ўзгадаць, што ў часе алімпійскіх гульняў у Атлянце беларускія спартоўцы заваявалі 15 мэдалёў, а ў Сыднэі – 17. На сёньня болей за ўсіх мэдалёў маюць спартоўцы са Злучаных Штатаў – 76, зь якіх 25 – залатыя.

* У эстафэце 4 па 100 мэтраў беларуская каманда на чале зь пераможцай алімпійскіх гульняў у найбольш прэстыжнай лёгкаатлетычнай дыстанцыі – 100 мэтраў, Юліяй Несьцярэнкай, заняла пятае месца ў кваліфікацыйным раундзе, але выйшла ў фінал, як “самы хуткі прайграўшы”.

* Беларускі пяціборац Дзьмітры Мелях пасьля першага віду спаборніцтваў (стральба) быў на першым месцы, а пасьля перадапошняга віду (конны спорт) займаў трэцюю пазыцыю, але ўрэшце прыбег на фініш толькі пятым. Мелях паказаў высокі вынік у стральбе, паўтарыўшы алімпійскі рэкорд у гэтай дысцыпліне, які быў устаноўлены 4 гады таму ў Аўстраліі таксама беларусам Паўлам Доўгалем, але ў бегу на тры кілямэтры быў 15-м. Пераможцам стаў расеец Андрэй Майсееў. Срэбны мэдаль заваяваў Андрэюс Задняпроўскіс зь Літвы.

* У мастацкай гімнастыцы пасьля кваліфікацыйнага раўнду перамагае каманда Расеі. На другім месцы – італьянкі, а на трэцім – баўгаркі. Беларусь заняла шостае месца і прайшла кваліфікацыйнае кола. У асабістых спаборніцтвах пасьля двух практыкаваньняў беларускі Ірына Жукава займае 9-е месца, а Сьвятлана Рудалава – 11-е.

* Беларуская спартоўка Вольга Цандэр, якая выступае ў кіданьні молату, лічыць, што не да канца выкарыстала свае магчымасьці на Алімпіядзе. Яна зазначыла, што ў часе спаборніцтваў у Афінах кінула молат амаль на 2 мэтры бліжэй, чым падчас трэніровак у Менску.

* Беларускія весьляры на каноэ і байдарках трапілі ў фінал алімпійскага турніру. У каноэ-адзіночцы Аляксандр Жукоўскі сёньня раніцай паказаў найлепшы вынік у сваім заезьдзе на 500 мэтраў. У фінал трапіў і беларускі жаночы экіпаж байдаркі-двойкі, і мужчынскі дуэт канаістаў.

* Беларуская спартоўка Натальля Шымчук, якая выступае ў кіданьні кап’я, не змагла выйсьці ў фінал Алімпійскіх гульня, кінуўшы кап’ё на 10 мэтраў бліжэй, чым гэта прадугледжвае кваліфікацыйная норма. У турніры ў трайных скачках, беларуска Натальля Сафронава атрымала 13-е месца.

* Беларускі футбольны арбітар Юры Дупанаў пасьпяхова праводзіць сустрэчы алімпійскага турніру ў футболе. Дагэтуль беларус адсудзіў тры матчы, апошні – Ірак-Парагвай – і ў прадстаўнікоў ФІФА не было ніякіх закідаў да ягонай працы.

* У арганізьме ўкраінкі Алены Алефрэнкі, якая напярэдадні заваявала бронзавы мэдаль у вясьлярстве, знойдзеныя недазволеныя сродкі. Украінская спартоўка, разам з трыма калегамі была дыскваліфікаваная, – мэдалі перададзеныя аргентынкам, якія былі чацьвёртымі.

* Нямецкая канаістка, 42-х гадовая Брыджыт Фішэр хоча заваяваць у Афінах восьмы і дзевяты залатыя мэдалі. Спартоўка не выключае, што потым выступіць у Пэкіне – гэта былі б яе сёмыя алімпійскія гульні.
XS
SM
MD
LG