Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя прафсаюзаў мяркуе ўзяць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі й пашырыць свае правы


Юры Сьвірко, Менск Незалежныя прафсаюзы кажуць, што ствараецца “прафсаюзная вэртыкаль” дзеля працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі праз рэфэрэндум або праз парлямэнт.

Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік абвесьціў на прэсавай канфэрэнцыі, што ФПБ вырашыла ўзяць актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ды ўжо вылучыла кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі. Афіцыйныя прафсаюзы сфармулявалі мэту: мець прынамсі 10–11 чалавек у парлямэнце. Будзе складзены сьпіс тых кандыдатаў, якіх падтрымлівае ФПБ. У гэты сьпіс увойдуць прыблізна 50 чалавек.

Сам спадар Козік, вылучаны працоўным калектывам у Барысаве, даў згоду балятавацца з умовай, што застанецца лідэрам ФПБ. У новым парлямэнце ён мяркуе ачольваць прафсаюзную групу дэпутатаў ды мае яшчэ адну мэту:

(Козік: ) “Я буду абараняць правы чалавека. Разам з прэзыдэнтам. Буду яму дапамагаць, таму што прэзыдэнт у нас — галоўны абаронца”.

Пакуль жа ФПБ пад кіраўніцтвам спадара Козіка даслала сваім рэгіянальным структурам праект закону аб зьменах у законе аб прафсаюзах. Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук так пракамэнтаваў гэты дакумэнт:

(Ярашук: ) “Тут запісана, што рэспубліканскім прызнаецца прафсаюз, які аб’ядноўвае ня менш за 30 тысяч грамадзян. Выснову можна зрабіць наступную: найлепшым сродкам ад галаўной хваробы ёсьць гільятына, гэтак жа вырашаюць праблему незалежнага прафсаюзнага руху, таму што, вядома ж, ні па якіх крытэрах нашы прафсаюзы й блізка ня могуць падыходзіць да гэтых стандартаў, якія ўводзяцца”.

Спадар Ярашук заявіў, што такім чынам хочуць стварыць прафсаюзную вэртыкаль, якую можна будзе выкарыстоўваць у патрэбных уладзе мэтах.

(Ярашук: ) “Галоўная мэта вярхоўнай улады — зьберагчы сябе на трэці й, можа, на далейшыя тэрміны. Аб гэтым таксама паважаны Леанід Пятровіч раней гаварыў. А ўжо якім чынам гэта будзе адбывацца, як будзе ФПБ спрыяць таму, каб увекавечыць нашу ўладу — ці то праз рэфэрэндум, ці то праз Нацыянальны сход (менавіта таму й павінны яны быць прадстаўленыя ў парлямэнце), — гэта ўжо трэцяя справа”.

Вось як камэнтуе гэта сам Леанід Козік:

(Козік: ) “Каб гэтыя злыя языкі не балбаталі абы-чаго, было бы лепш. Вы памятаеце, як усе — “Козік хутка абвесьціць рэфэрэндум, Козік тое, Козік сёе”. А я ж пра рэфэрэндум казаў толькі з адной мэтай — атрымаць права заканадаўчай ініціятывы для прафсаюзаў”.

Дык ці будзе абвешчаны сёлета рэфэрэндум? На гэтае пытаньне кіраўнік ФПБ адказаў:

(Козік: ) “Яшчэ ёсьць тэрмін для абвешчаньня рэфэрэндуму ў дзень правядзеньня выбараў у парлямэнт. Калі такое рашэньне кіраўнік дзяржавы прыме — гэта адпавядае нашым законам, Канстытуцыі, — дык мы будзем пра гэта ведаць хутка”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце інфармацыю, што ён зьбіраецца прымаць такое рашэньне?”

(Козік: ) “Ён мне не казаў. Я ня ведаю. Адкуль жа я магу ведаць? Вось, можа, на дзень нараджэньня спытаемся”.

У панядзелак, калі Аляксандар Лукашэнка будзе сьвяткаваць сваё 50-годзьдзе, старшыня ФПБ Леанід Козік хоча ўручыць яму юбілейны мэдаль “100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG