Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ААН заклапочаныя тым, што ў Беларусі палітычных апанэнтаў трымаюць за кратамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сябры рабочай групы ААН у справе адвольных затрыманьняў распавялі падчас прэсавай канфэрэнцыі пра вынікі свайго візыту ў Беларусь. Заўвагаў на адрас беларускіх уладаў у прадстаўнікоў ААН было болей, чым пазытыўных ўражаньняў.

Група экспэртаў ААН на чале з Лэйлай Зэругі на працягу дзесяці дзён знаёмілася з умовамі ўтрыманьня ў больш як дзесяці турмах і сьледчых ізалятарах. Прадстаўнікі ААН сустракаліся са зьняволенымі, а таксама з тымі, хто ўжо адбыў пакараньне; размаўлялі зь беларускімі афіцыйнымі асобамі й праваабаронцамі. 26 жніўня перад адлётам зь Беларусі Лэйла Зэругі распавяла журналістам пра свае ўражаньні.

Яна паведаміла, што ўлады спрыялі іхным сустрэчам і візытам у розныя ўстановы, за выключэньнем КГБ. У прадстаўнікоў ААН склалася ўражаньне, што ўлады імкнуцца паляпшаць законы, каб выконваць правы затрыманых і асуджаных, а ўказы прэзыдэнта аб амністыі зьніжаюць перагружанасьць у месцах пазбаўленьня волі. Аднак нэгатыўных аспэктаў, якія адзначае рабочая група ААН, набралася болей.

(Зэругі: ) “Мы атрымалі шмат зьвестак, што Адміністрацыйны кодэкс выкарыстоўваюць для пакараньня свабоды выказваньняў. Мы заклапочаныя, што мірных дэманстрантаў і палітычных апанэнтаў адміністрацыйна затрымліваюць”, — заявіла Лэйла Зэругі.

Таксама Лэйла Зэругі адзначыла, што ў Беларусі ў пракурораў і сьледчых завялікія паўнамоцтвы адносна затрыманых, а правы абаронцаў абмежаваныя. Рабочая група ААН заклапочаная і тым, як шырока ў Беларусі выкарыстоўваюць папярэдняе затрыманьне.

“Міжнародны стандарт — затрыманьне да суду ў выключных выпадках, а ў Беларусі гэта паўсюдная практыка, у тым ліку адносна жанчын і непаўнагадовых. Мы ўбачылі, што ў сьледчых ізалятарах умовы ўтрыманьня горшыя, чым для тых, каго суд ужо прызнаў злачынцамі”, — заявіла кіраўнічка рабочай групы ААН Лэйла Зэругі. Паводле яе зьвестак, гэтая практыка часта мае вынікам тое, што арыштаваныя нагаворваюць на сябе, каб палепшыць умовы ўтрыманьня.

Лэйла Зэругі распавяла пра сустрэчы зь вязьнямі , якіх у Беларусі лічаць палітычнымі. Прадстаўнік ААН сустракаліся з Валерам Леванеўскім, якога трымаюць у гарадзенскім ізалятары паводле абвінавачаньня ў паклёпе на прэзыдэнта, і Юрыем Бандажэўскім, які адбывае свой тэрмін за хабарніцтва ў паўзакрытай спэцкамэндатуры. Лэйла Зэругі назвала абодвух “мужнымі людзьмі й цікавымі суразмоўцамі” і выказала шкадаваньне, што яе не азнаёмілі зь іх крымінальнымі справамі. Яна спадзяецца, што гэтыя вязьні хутка выйдуць на волю.

Прадстаўнікі ААН спрабавалі сустрэцца зь Міхаілам Марынічам, якога трымаюць у сьледчым ізалятары КГБ, але не атрымалі на гэта дазволу. “Нам было сказана, што мы зьвярнуліся з гэтай просьбай запозна”, — паведаміла Лэйла Зэругі й патлумачыла, што да візыту ў Беларусь ня ведала, што ў КГБ ёсьць свой сьледчы ізалятар.
XS
SM
MD
LG