Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая мода ў Амэрыцы – простае жыцьцё й спартанская дыета


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: новая мода ў Амэрыцы – прастата жыцьця і спартанская дыета. Недаядаеце – лепш сябе адчуваеце, будзеце болей шчасьлівымі й пражывяце даўжэй.

Эмі Гросмэн больш не хвалюецца, што цана на біфштэкс дасягнула 20 даляраў за кіляграм, літар малака каштуе 2 даляры, а тузін яек болей за 4 даляры. “Падыходзячы да касы я больш не абліваюся халодным потам”, кажа настаўніца зь Нью-Ёрку, якая з энтузіязмам перайшла на новую “спартанскую дыету”.

Размова ідзе пра нізкакалярыйную дыету, якая становіцца ўсё больш папулярнай у Амэрыцы, дзе кожны трэці жыхар пакутуе ад атлусьценьня. З таго часу, як Эмі Гросмэн вырашыла зьменшыць на 40% спажываныя ёю калёрыі, яна кажа, што адчувае сябе значна лепш. “З часу, як я пачала спажываць 1500 калёрыяў у дзень, я болей не пакутую ад бяссоньня, узровень энэргіі падвысіўся ў 4 разы, і я ня ведаю, што такое прастуда”, – кажа Гросмэн.

Аднак ейны доктар рэагуе на гэта зь недаверам. “Дагэтуль дасьледаваньні наступстваў нізкакалярыйнай дыеты праводзіліся толькі на жывёлах, а вынікі дасьледаваньняў на людзях будуць вядомыя толькі сёлета ўвосень”, – нагадаў ён. 124 чалавекі ўдзельнічаюць у аднагадовым дасьледаваньні, якое фінансуецца ўрадам ЗША. Штодзённа ўдзельнікі экспэрымэнту атрымліваюць ежы на 10-30% калёрыяў меней за існуючую норму. Экспэрымэнт павінен паказаць, ці недаяданьне сапраўды карыснае для здароўя, а калі так, дык на колькі калёрыяў аптымальна зьменшыць штодзённы рацыён.

Адначасова навукоўцы працуюць над адпаведным лекам, які меўся бы сымуляваць гэты эфэкт. На старонках часопісу “Nature” генэтык Дэйвід Сінклер паведамляе, што ён і ягоныя калегі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту знайшлі ў чырвоным віне і некаторых відах гародніны субстанцыю, якая аказвае на арганізм такі самы эфэкт, як і абмежаваньне калёрыяў. Падчас экспэрымэнтаў над кузуркамі й чарвякамі гэтая субстанцыя падоўжвала ім жыцьцё на 20% бяз ніякіх пабочных эфэктаў.

Сінклер кажа, што гэтая субстанцыя актывізуе ген, якія адыгрывае ключавую ролю што да працягласьці жыцьця. Ген запавольвае сьмерць клетак і стымулюе арганізм да аднаўленьня пашкоджаных клетак. Ген выявіў біёляг зь Інстытуту тэхналёгіі ў Бостане Леанард Гуарэнтэ. Навуковец лічыць, што абмежаваньне калёрыяў вызваляе назапашаныя тлушчы, а гэта зьяўляецца для арганізму сыгналам, што яму трэба ратавацца. Апрача таго, недаяданьне прымушае арганізм больш эфэктыўна скарыстоўваць прадукты харчаваньня.

Аднак нягледзячы на адсутнасьць канкрэтных навуковых доказаў на дадзены момант, тысячы амэрыканцаў вераць, што зьмяншэньне колькасьці спажываных калёрыяў падаўжае жыцьцё, удвая зьмяншае рызыку дыябэту й злаякасных пухлінаў. Яны заплюшчваюць вочы на навуковыя доказы таго, што строгая дыета зьніжае сэксуальную цягу, выклікае дэпрэсію й блякуе месячны цыкл. Гэтыя аргумэнты ня стрымліваюць людзей ад экспэрымэнтаў на саміх сабе.

Каля дзьвюх тысяч энтузіястаў далучыліся апошнім часам да Таварыства абмежаваньня калёрыяў (Calorie Restriction Society) зь сядзібай у Каліфорніі. Лёзунг гэтай арганізацыі: “Меней ясі – лепш сябе адчуваеш”. Арганізацыя прапагандуе спартанскую дыету й абяцае ўзамен неадкладнае паляпшэньне стану здароўя. Джулія Локгард, кампутарная спэцыялістка са штату Масачусэтс, якая далучылася да арганізацыі летась, зьменшыла колькасьць калёрыяў да 1600 у дзень. Яна выказвае ўпэўненасьць, што і ў 90 гадоў яна ўсё яшчэ зможа займацца спортам, і што дажыве да 140 гадоў.

Спартанская дыета, гэта толькі адзін з прынцыпаў новага руху, які атрымаў назоў “руху да прастаты”. Тэарэтыкі гэтага руху нагадваюць, што яшчэ ў першай палове 19 стагодзьдзя Генры Дэвід Таро заклікаў амэрыканцаў жыць сьціпла й задавальняцца малым. Бібліяй руху сталася кніга “Грошы або жыцьцё: зьмяні свае адносіны да грошай і ажыцьцяўляй сваю фінансавую незалежнасьць”. Цягам некалькіх тыдняў гэтая кніга была бэстсэлерам у ЗША. “Скарачэньне спажываньня адным махам вырашае шэраг праблемаў”, – кажа Пэм О’Ніл, якая страціла працу брокера на Ўол Стрыт і 300 тысяч даляраў гадавога заробку. Цяпер яна выкладае ёгу і жыве на 10 тысяч даляраў у год.

“Я ніколі не хаджу ў рэстараны, купляю вопратку ў крамах “сэканд-гэнд”, а для паездак карыстаюся толькі роварам, аднак адчуваю сябе шчасьлівейшай і адчуваю значна менш стрэсу, чым раней”, – распавядае яна.

І яна не адна такая – кожны аўторак Пэм О’Ніл удзельнічае ў занятках групы пад назвай “Дамачадцы прастаты”. Тут сем’і вучацца, як дасягнуць шчасьця: пагасіць даўгі, менш працаваць, зьмяншаць выдаткі і больш часу прысьвячаць любімым людзям. Некаторыя з адэптаў новага руху працуюць на невялікіх фэрмах, жывуць у дамах, якія абаграваюцца энэргіяй сонца або ветру, карыстаюцца “экалягічнымі” аўтамабілямі і не глядзяць тэлебачаньне.

“Буш кажа, што чым болей мы выдаткоўваем грошай, тым больш карысна гэта для эканомікі, але ён не гаворыць пра тое, што гэта дрэнна адбіваецца на навакольным асяродзьдзі і на кішэнях амэрыканцаў”, – кажа Пэм О’Ніл.

“Ніхто дакладна ня ведае, колькі амэрыканцаў жывуць паводле прынцыпаў гэтага руху да прастаты”, – піша газэта “Los Angeles Times”, аднак ажно 62% апытаных заявілі, што хочуць зрабіць свае існаваньне прасьцейшым.
XS
SM
MD
LG