Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк, БНФ, беларуская мова – галоўныя “страшылкі” патэнцыйных падпісчыкаў


Галіна Жарко, Менск Вылучыцца кандыдатам у дэпутаты можна шляхам збору подпісаў. Для гэтага неабходна 1000 подпісаў. Увечары, калі людзі вярнуліся з працы й пакуль не сьцямнела (гэта прыблізна за дзьве з паловаю гадзіны) можна, калі пашанцуе, сабраць 10-15 подпісаў. А часам ня болей за 5.

Не абыходзіцца й без таго, каб нехта не “прывітаў” зборшчыкаў нецэнзуршчынаю альбо адкрытымі пагрозамі. Гэта расказалі мне сябры ініцыятыўнае групы, якія зьбіраюць подпісы з старшыню Таварыства Беларускае мовы Алега Трусава ў цэнтры Менску. Я таксама наведала разам з адным зь іх некалькі пад’ездаў шматпавярховага дома.

(Зборшчык подпісаў: ) “Добры дзень. Праводзіцца збор подпісаў за Трусава Алега Анатольевіча...”

(Спадарыня: ) “За Трусава падпішуся. Ён – за беларушчыну і я за беларушчыну. Я беларуска і хачу, каб Беларусь была вольная, незалежная... Мая дачка таксама расьпісалася б, але яна адсутнічае”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія шансы ў вашым доме, у вашым пад’едзе?”

(Спадарыня: ) “Ня вельмі. Ім усё роўна”.

(Зборшчык подпісаў: ) “Добры дзень! Збор подпісаў...”

(Спадар: ) “Ну, добра...”

(Карэспандэнтка: ) “Можа вы нешта хочаце даведацца пра кандыдата, за якога ставіце подпіс?”

(Спадар: ) “Зьнешне ён мне падабаецца... Маю ж права давяраць першаму ўражаньню?..”

(Зборшчык подпісаў: ) “Ці не пагадзіліся б вы паставіць свой подпіс?”

(Спадарыня: ) “Мой чалавек у бальніцы. Схаджу да яго, параімся і вырашым. А ён не БНФ?!”

(Зборшчык подпісаў: ) “Не, ён прадстаўнік сацыял-дэмакратычнае партыі”.

(Спадарыня: ) “Бо калі БНФ, ніякіх подпісаў ня будзе!”

(Зборшчык подпісаў: ) “Прапаную падпісацца за Алега Анатольевіча Трусава. Ведаеце яго?”

(Спадарыня: ) “Крыху чула, але ня ведаю”.

(Зборшчык подпісаў: ) “Старшыня ТБМ, археоляг, праводзіў раскопкі...”

(Спадарыня: ) “А, Курапаты!..”

(Зборшчык подпісаў: ) “Не, Курапаты раскапаў Пазьняк...”

(Спадарыня: ) “А, Пазьняка няма. Гэта вельмі добра”.

(Спадар: ) “Якія яго адносіны да літоўцаў, палякаў, украінцаў і расейцаў?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Ён ставіцца з павагаю да ўсіх нацыянальнасьцяў”.

(Спадар: ) “Расейскія школы ён зачыняць не зьбіраецца?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Не! Адназначна”.

(Спадар: ) “Казаць пра ворагаў на Захадзе і на Ўсходзе ён таксама ня будзе?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Не! Яго погляды лібэральна-дэмакратычныя”.

(Спадар: ) “Вы з ТБМ – якая ў нас будзе беларуская мова? Зь мяккімі знакамі, як Пазьняк ці Данчык, калі ён прыяжджаў сьпяваў песьні? Мне ягоная беларуская мова болей падабаецца”...

(Кірыл, зборшчык подпісаў: ) “Зьбіраю подпісы ўжо сёмы дзень і маю пэўны досьвед”.

(Карэспандэнтка: ) “І як уражаньні?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Калі зьбіраеш подпісы па беларуску, людзі даюць іх вельмі неахвотна. Галоўнае, каб не БНФ, каб не па беларуску. Гэта выступае раздражняльным фактарам. Яны пачынаюць сьціскацца, напружвацца. Баяцца нават беларускай мовы. У іх БНФ, беларуская мова – гэта такія страшылкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Па колькі чалавек вы ходзіце на збор подпісаў?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Звычайна – па два. Адзін ідзе наверх, другі – зьнізу. Так што атрымліваецца фактычна – па адным ходзім”.

(Карэспандэнтка: ) “Кірыл, колькі табе гадоў?”

(Зборшчык подпісаў: ) “Дваццаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты адчуваеш небясьпеку, што даводзіцца хадзіць па чужых кватэрах, па чужых пад’ездах?..”

(Зборшчык подпісаў: ) “У прынцыпе, не. Я займаўся тайскім боксам. Натуральна, я пазьбягаю канфліктаў, але канфліктаў я таксама не баюся. Былі й нападпітку. Былі й вельмі агрэсіўныя. Было – адзін таварыш выскачыў, у яго вены парэзаныя, увесь сколаты. Пачаў паліваць нас расейскім брыдкаслоўем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG