Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці патрэбныя ўвогуле нам дэпутаты ў бяспраўнай, дыктатарскай, пракрамлёўскай краіне?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 26 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Прывітаньне на Свабодзе! Уважліва праслухаў нядзельны выпуск “Праскага акцэнта” і быў вельмі зьдзіўлены. Як правільна і аб’ектыўна – першы раз – асьвятлілі вы пытаньне аб папулярнасьці і магчымасьцях беларускай апазыцыі на наступных выбарах! І гэты пры тым, што астатнія 364 дні года вы ўсяляк расхвальваеце апазыцыю і яе магчымасьці.

Хачу да тэмы аб выбарах і аб магчымасьцях апазыцыі дадаць наступнае. Думаю, што аб’яднаньне апазыцыі ў “5+” і вылучэньне адзіных кандыдатаў на выбарах нічога ня дасьць. Напрыклад, ад “5+” вылучаць адзінага кандыдата і гэты кандыдат будзе ад партыі камуністаў. У гэтым выпадку выбаршчыкі, якія сымпатызуюць БНФ, ніколі яго не падтрымаюць, і наадварот. Дзякуй”.

(Мікалай Качанаў: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Хачу выказаць трошкі сваё ўражаньне і паставіць колькі пытаньняў наконт таго, як ставіцца нам, беларусам, да саміх сябе. Сёньня ў эфіры была вельмі цікавая перадача, на мой погляд, пра тое, што мы анічога ня ведаем самі пра сябе добрага, што датычыцца моладзі, і тое, што беларусы так жывуць, бо вайна выкасіла самых актыўных. Але ў мяне пытаньне ўзьнікае. Якія ёсьць яшчэ меркаваньні наконт нашай нацыянальнай, як бы мовіць, ідэі? Наагул, што ў нас лепшага ёсьць? Можа які чалавек раскажа пра гэта? І мяркую, што глядзець трэба з глыбіні стагодзьдзяў, з крывічоў, адтуль, з далечыні. Хацелася б пачуць штосьці такое цікавае ў вашым эфіры. І калі вы самі будзеце разьвіваць гэтую думку, то будзе вельмі добра, бо гэта актуальна, мне здаецца, больш актуальна, чым розныя Іракі, футболы і наагул уся палітыка Лукашэнкі. Выбачайце. Будзьце з Богам!”

(Мікола Саскевіч: ) “Шчыра спачуваю ўсяму расейскаму народу ў сувязі з такой страшнай авіякатастрофай, у якой загінула шмат народу. Каралеўства ўсім ім нябеснага!

Пасьля ілжывых мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, альбо, як сказаў пра сябе Лукашэнка, “элегантнай” ягонай перамогі, я на выбары ўвогуле не хаджу і якое прозьвішча нашага дэпутата, які зараз знаходзіцца ў парлямэнце, я ня ведаю і ведаць не жадаю. Бо гэты дэпутат нічога не вырашае, ён проста “зэро”. Усе каманды і рашэньні ў Беларусі ідуць і прымаюцца дыктатарам, які зьяўляецца марыянэткай Крамля. Вось і думайце, беларускі народ, ці патрэбныя ўвогуле нам дэпутаты ў бяспраўнай, дыктатарскай, пракрамлёўскай краіне? Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь і Свабода!”

(Спадар: ) “Калі вы выганіце гэтага Барадуліна? Ён гаворыць абы што! Адно і тое ж! Ніхто нічога не разумее, што ён там балбоча”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Хачу паведаміць пра свайго дэпутата Сяргея Скрабца. Ён піша, што можна жыць лепей, але яму не дазваляюць улады, што да яго прыходзіла шмат людзей, але ён нікому ня можа дапамагчы, бо не дазваляюць ўлады, перашкаджаюць. Шмат грошаў сабраных – давайце дапаможам людзям у сельскай мясцовасьці, горадзе. А яны пабудавалі стадыён. Ніхто на гэты стадыён ня пойдзе і ніхто ня ходзіць. Кажа, што ня можа нічога зрабіць, выбачаецца, што ня можа дапамагчы, бо ўлады не дазваляюць. Дык што ж рабіць з гэтымі ўладамі? Дэпутат ня мае ніякай сілы, каб дапамагчы. Трэба прымяняць нейкія сілы ўсім сьветам! Дзякую за ўвагу”.

(Эвальд Гатоўскі: ) “Добрай раніцы! Выказваю такое меркаваньне. Перад самым пачаткам Алімпійскіх гульняў я патэлефанаваў да вас і сказаў, што толькі 14 мэдалёў заваююць нашыя спартоўцы. Зараз я бяру свае словы назад, бо, мне здаецца, будзе больш за 14. Хацелася мне зарабіць сабе на прымач, але бяру словы, бо я трохі містык, і таму кажу, як і тады казаў, хай шэпчуць сабе спартоўцы перад стартам, перад пачаткам бегу альбо іншых спаборніцтваў: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” І Бог дапаможа, і хлопцы заробяць больш за 14 мэдалёў, якія я нагадаў перад самым пачаткам Алімпіяды. Добрага здароўя!”

(Пятліцкі Іпаліт Пятровіч: ) “У мяне ёсьць такое пытаньне да вас. Я слухаю вас і на расейскай, і на беларускай, і на ўкраінскай мове, і ствараецца такое ўражаньне, што вы падносіце аднабаковыя факты і аднабаковыя зьвесткі даеце. Чаму вы не паведамляеце і пра пазытыўнае, і, безумоўна, пра нэгатыўнае ў той ці іншай дзяржаве? Ці ў вас такое даручэньне ад тых, хто вас фінансуе, то бок амэрыканцаў, каб прыпадносіць толькі чорнае, а белае ні ў ніякім разе не паказваць у тых краінах, якія не падабаюцца амэрыканцам? Гэта, ведаеце, нагадвае гёбэльсаўскую аднабаковую інфармацыю. Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG