Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская “мэдальная сыстэма” не спрыяе гульнявым відам спорту


Уладзімер Глод, Менск Беларусь не прадстаўленая на Алімпіядзе ў Афінах ніводным гульнявым відам спорту. Хаця тут спаборнічаюць футбалісты, гандбалісты, баскетбалісты, хакеісты на траве, валейбалісты і нават прадстаўнікі так званага пляжнага валейболу. Няма мора? Але ж у біч-валейболе зусім нядрэнна выступаюць чэхі, у якіх таксама няма мора...

Трэнэры, якія працуюць з гульцамі, перадусім, спасылаюцца на заганную, паводле іхных словаў, мэдальную сыстэму, якая пануе ў беларускім спорце. Безумоўна, цяжкаатлетка Ганна Бацюшка – выключна здольная дзяўчына. Але каб яна атрымала свой срэбны алімпійскі мэдаль, спатрэбілася літаральна пара-тройка гадоў падрыхтоўкі. А хіба ж можна стварыць каманду такога ж высачэннага ўзроўню за такі кароткі час?!

Канешне, не. І спартыўнае чынавенства, і палітычнае кіраўніцтва гэта вельмі добра разумеюць. Таму ніхто не хоча ўкладваць грошы (а яны на некалькі парадкаў большыя, чым для выхаваньня аднаго спартоўца) ў гульні. Што прасьцей – падрыхтаваць, напрыклад, аднаго лёгкаатлета ці 22 футбаліста? І калі раптам футбольная дружына пераможа, кожнаму, трэба будзе выдаць па 60 тысячаў даляраў...

Сярод іншых прычынаў называюць таксама ад’езд лепшых гульцоў і трэнэраў за мяжу. Аляксандр Тучкін – нашая гандбольная зорка – і цяпер выступае ў Афінах, але ўжо за Расею. Бадай, лепшы ў Беларусі трэнэр па баскетболе Сямён Халіпскі працаваў у чатырох краінах.

Ёсьць і іншыя прычыны. Ніхто чамусьці ня хоча ўлічваць, што цяпер мала знойдзецца жадаючых ехаць глядзець гандбол у спартыўны комплекс Уручча – там жа усё безнадзейна састарэла. А прыстойнай залі ў цэнтры сталіцы дагэтуль няма.

Мэдалёвая ліхаманка ўзьнікла не на пустым месцы. У савецкія часы была адна прынцыповая задача – абавязкова атрымаць больш узнагародаў, чым амэрыканскія алімпійцы. І вось што з гэтага атрымлівалася: калі пасьля Алімпіяды друкавалі табліцу ўдзелу ў ёй спартоўцаў усіх савецкіх рэспублік, то абавязкова атрымлівалася, што разам яны набіралі значна больш мэдалёў, чым каманда Савецкага Саюза.

Чаму атрымліваўся такі нонсэнс? Да прыкладу, баскетбалісты СССР перамаглі на Алімпіядзе ў Мюнхэне. Залаты мэдаль адзін, а БССР запісвала яго сабе, паколькі там гуляў Іван Ядэшка; Грузія ды Літва – ажно па два мэдалі за сваіх гульцоў; Украіна – за сваіх... Прафанацыя, але ж кожная рэспубліка хацела паказаць свае дасягненьні.

Гэтая любоў да мэдалёў, заліковых ачкоў не паменшылася, а нават неверагодна ўзрасла. Канешне, ня трэба ідэалізаваць Савецкі Саюз, і тады таксама плянавалі ўзнагароды. Але ж тады алімпійцаў дабраслаўлялі словамі: “Мы спадзяемся, мы чакаем ад вас”. Цяпер жа кажуць: “Вы мусіце, вы павінны...”

І гэта прыводзіць часам да неверагодных рэчаў, пра што, у прыватнасьці, сьведчыць алімпійскі чэмпіён Рамуальд Клім. За яго славутыя дасягненьні Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі запрасіла спадара Кліма госьцем на чэмпіянат Эўропы.

(Клім: ) “Тады старэйшым трэнэрам беларускіх кідальнікаў молату быў Зайцаў Пётр. Ён сядзіць, безуважны да ўсяго. А тут кідаюць нашыя хлопцы, якія прыехалі на спаборніцтвы без асабістых трэнэраў. Я кажу яму: ну, ідзі хутчэй, падкажы. Я тут хвалююся, пабочны чалавек. А ён адказвае: “А навошта мне? А раптам ён дрэнна выступіць, і ўсё перакладуць на мяне. А так я гляджу, фіксую ягоныя памылкі. Цяпер такая тэндэнцыя”.
XS
SM
MD
LG