Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежным партнэрам абрыдлі беларускія парадкі, празь якія гуманітарная дапамога не дасягае сваёй мэты


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд сьвежых нумароў беларускіх газэтаў

Кіраўніца “Беларусьбанку” Надзея Ермакова можа стаць кандыдаткай у дэпутаты палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай акрузе №75, паведамляе сёньняшняя “Наша ніва”. Яе гатовыя вылучыць калектывы адразу некалькіх прадпрыемстваў раёну. У такім разе яна будзе процістаяць цяперашняму віцэ-сьпікеру палаты і сябру дзяцінства Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімеру Канаплёву. Гэты факт ускосна пацьвярджаецца тым, што супрацоўнікі ягонага штабу прапаноўвалі некалькім сябрам апазыцыйных партыяў са Шклова зьбіраць подпісы за Канаплёва. Усе, дарэчы, адмовіліся. Акруга №75 – незвычайная. У яе ўваходзяць аж тры раёны: Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі. Ад БНФ у ёй мае стартаваць лідэр магілёўскае арганізацыі Рыгор Костусеў.

Набліжаецца да заканчэньня праца над Зводам правілаў беларускага клясычнага правапісу (тарашкевіцы). Шэраг пытаньняў, якія паўсталі перад сябрамі працоўнае групы, выклікае дыскусіі, таму працоўная група вырашыла зьвярнуцца да грамадзтва з анкетаю. Што за пытаньні ў гэтай анкеце – апавядае “Наша ніва”.

“Берасьцейскі кур’ер” дасьледуе праблему дастаўкі ў Беларусь гуманітарнай дапамогі. Аўтар артыкула “Місія магчымая” аналізуе стан, у якім цяпер знаходзяцца ўзаемаадносіны няўрадавых арганізацыяў, што займаюцца гуманітаркай, і ўладамі. Дапамогі з-за мяжы прыходзяць усё меней – з-за неэфэктыўнасьці, бо руку дапамогі чыноўнікі адводзяць, ці нават прысабечваюць гуманітарку. Таму замежныя партнэры ня хочуць зьвязвацца зь Беларусьсю, ім папросту абрыдлі тутэйшыя парадкі, празь якія дапамога не дасягае сваёй мэты, піша “Берасьцейскі кур’ер”.

“Газэта Слонімская” сёньня шмат піша праблему барацьбы з грызунамі. Аказваецца, жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Калгаснай у Слоніме ўжо стаміліся губіць мышэй ды пацукоў, якія зрабіліся апошнім часам асабліва нахабнымі. Ратуе ўвесь дом хіба толькі разумны сабака Жуля, які добра на шкоднікаў палюе. І яшчэ адна заалягічная тэма – калгасная карова зь вёскі Старая Перавалока правалілася ў склеп. Як яна туды трапіла, адной карове й вядома, але ўпаўшы зь немалой вышыні, жывёліна зусім не пакалечылася. Як адтуль дастаць рагулю, вяскоўцы думалі два дні, а пакуль думалі, то кармілі-даілі карову проста ў склепе. Потым жывёліну ўсё ж шчасьліва вызвалілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG