Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргі на Цэнтрвыбаркам


Уладзімер Глод, Менск Спробы Ўладзімера Вярэніча, Уладзімера Лапцэвіча й Валерыя Шчукіна абскардзіць у Вярхоўным судзе рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі не прынесьлі плёну: сёньня суд вынес рашэньне на карысьць Цэнтрвыбаркаму. Разгляд скаргі Вольгі Карач будзе працягнуты 26 жніўня. Усе патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты выбылі з выбарчай барацьбы пасьля таго, як не былі зарэгістраваныя іхныя ініцыятыўныя групы.

Спачатку акруговыя камісіі, а затым і Цэнтрвыбаркам адмовіліся рэгістраваць ініцыятыўныя групы, у складзе якіх былі выяўленыя замежныя грамадзяне, непаўнагадовыя, а таксама асобы, якія трапілі ў сьпісы без уласнай на тое згоды.

У групах Уладзімера Варэніча й Валерыя Шчукіна апынуліся грамадзяне Расеі, хаця яны й стала жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Што тычыцца Ўладзімера Лапцэвіча, то некалькі сябраў ягонай групы заявілі пра тое, што іх уключылі туды бяз іхнага дазволу.

Усе патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты прасілі Вярхоўны суд, каб ён адмяніў рашэньні выбарчых камісіяў – інакш з-за аднаго чалавека мусяць пацярпець некалькі дзесяткаў, бо ў кожнага патэнцыйнага кандыдата ў групе ад 20 да 60 асобаў.

І нават, калі са сьпісу выкрасьліць адно-два прозьвішчы, група не становіцца непрацаздольнай. Аднак судзьдзі не прыслухаліся да гэтых аргумэнтаў.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Шчукіна Павал Левінаў зьвяртаўся да суду, прыводзячы такі аргумэнт:

(Левінаў: ) "У Грэцыі на Алімпійскіх гульнях таксама бываюць нейікія інцыдэнты. Літаральна пазаўчора ў расейскай спартоўкі адабралі залаты мэдаль. Аднак і зборная каманда лёгкаатлетаў Расеі, і каманды ў іншых відах спорту працягваюць выступаць у Афінах. Ніхто за віну аднаго чалавека іншых ад Алімпіяды не адлучаў".

Згодна зь беларускім заканадаўствам, рашэньні Цэнтрвыбаркаму можна аспрэчваць толькі ў Вярхоўным судзе. Да гэтага часу ЦВК ужо разгледзеў 26 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў акруговымі камісіямі. Задаволіў толькі пяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG