Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Інфабанк” адхіляе абвінавачваньні ў адмываньні грошай


Валер Каліноўскі, Менск “Інфабанк” адхіляе абвінавачваньні Міністэрства фінансаў ЗША ў адмываньні грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Тым часам незалежныя экспэрты зазначаюць, што ў Беларусі няма адмысловага агенцтва ў справе кантролю за адмываньнем брудных грошай, і гэта стварае глебу для махінацыяў.

МЗС Беларусі пацьвердзіў, што ЗША раней выказвалі занепакоенасьць з прычыны магчымай датычнасьці “Інфабанка” да адмываньня ірацкіх грошай. Паводле прэсавага сакратара МЗС Андрэя Савіных, пасьля гэтага беларускімі ўладамі была праведзеная комплексная праверка банку, аднак яна ня выявіла парушэньняў:

(Савіных:) “Вынікі праверкі былі перададзеныя зацікаўленым органам у ЗША. Мы таксама адназначна прапанавалі амэрыканскаму боку далейшае супрацоўніцтва ў дасьледаваньні любых падазрэньняў, бо лічым, што сумесныя дзеяньні ў справе выяўленьня рэальнага становішча справаў адпавядаюць інтарэсам абодвух бакоў.”

Андрэй Савіных кажа, што беларускі бок будзе далей дасьледаваць гэтую сытуацыю. Тым часам у самім “Інфабанку” заявы Міністэрства фінансаў ЗША аб санкцыях за адмываньне грошай для Садама Хусэйна назвалі “пасьпешлівым”. У афіцыйным паведамленьні банку гаворыцца, што “за ўвесь пэрыяд сваёй дзейнасьці “Інфабанк” строга выконваў міжнародныя пагадненьні і нацыянальныя патрабаваньні, зьвязаныя з арганізацыяй кантролю і процідзеяньня незаконным фінансавым апэрацыям”. “Інфабанк” таксама выказаў спадзяваньне на ўрэгуляваньне “гэтага прыкрага інцыдэнту”.

Прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў заявіў, што ў парадку нагляду “Інфабанк” нядаўна правяраўся Нацбанкам, але ніякіх парушэньняў там выяўлена не было. Калі ЗША прадставяць нейкія канкрэтныя зьвесткі, то яны будуць правярацца Нацбанкам, і калі пацьвердзяцца, то “Інфабанк” будзе пакараны, заявіў спадар Драздоў.

(Драздоў:) “Будзем правяраць, але проста заява яшчэ нічога не азначае. Амэрыканцы ў свой час прыцягнулі з Аўганістану цэлую групу людзей на Гуантанама. А цяпер іх выпускаюць і кажуць, што невінаватыя. Таму да заяваў амэрыканскіх органаў улады трэба ставіцца вельмі насьцярожана. Хай прадставяць факты.”

Нацыянальны банк павінен сачыць за выкананьнем захадаў супраць адмываньня брудных грошай. Але да гэтага часу ім не было зафіксавана ніводнага такога факту. Рэальна Нацбанк і ня мае магчымасьцяў эфэктыўна кантраляваць адмываньне брудных грошай, у іншых краінах за гэтым сочаць спэцыяльныя агенцтвы,– кажа вядомы экспэрт у банкаўскай галіне Валерый Дашкевіч:

(Дашкевіч:) “У Беларусі ў чыстым выглядзе такога агенцтва ці якой службы няма. І таму беларускі бізнэс можа займацца гэтай справай без асаблівай рызыкі.”.

Валерый Дашкевіч зазначае, што паколькі амаль ўсе камэрцыйныя банкі Беларусі выконваюць плацяжы ў далярах, у тым ліку і “Інфабанк”, то замарожваньне ягоных рахункаў у ЗША можа нэгатыўна адбіцца на сытуацыі ў банку, але той здолее вырашыць гэтую праблему, працуючы праз іншыя беларускія банкі. У цэлым на думку Валерыя Дашкевіча, гэты інцыдэнт мала паўплывае на імідж беларускай банкаўскай сыстэмы ў сьвеце:

(Дашкевіч:) “Справа ў тым, што імідж беларускай банкаўскай сыстэмы сярод разьвітых краінаў Захаду, Эўропы, Штатаў, – ён настолькі нізкі, што паўплываць на яго паніжэньне гэты выпадак ня можа. Няма куды ніжэй.”

“Інфабанк” адносіцца да групы сярэдніх беларускіх банкаў, ягоная доля ў актывах банкаўскай сыстэмы Беларусі складае каля 1 адсотка. Банк ня мае сваёй сеткі філіялаў і спэцыялізуецца на абслугоўваньні фінансавых патокаў Беларусі з краінамі Усходу: Іракам, Іранам, Лібіяй. Лібія ж з’яўляецца адным з уладальнікаў акцыяў гэтага банка. “Інфабанк” меў трывалыя сувязі з Іракам часоў Садама Хусэйна.

Гл. таксама • Міністэрства фінансаў ЗША: Беларускі “Інфабанк” адмываў грошы Садама Хусэйна • Міністэрства фінансаў ЗША дало “Інфабанку” 30 дзён, каб выправіцца • Якія будуць наступствы санкцыяў міністэрства фінансаў ЗША супраць беларускага “Інфабанку”? - камэнтар спэцыяліста
XS
SM
MD
LG