Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў ЗША дало “Інфабанку” 30 дзён, каб выправіцца


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Учора міністэрства фінансаў ЗША вылучыла два банкі, “Першы гандлёвы банк” Турэцкай Рэспублікі на Паўночным Кіпры і “Інфабанк” Рэспублікі Беларусь як фінансавыя інстытуцыі, якія падазраюцца ў адмываньні грошай. У той час як паводле дадзеных амэрыканскіх фінансістаў “Першы гандлёвы банк” адмывае грошы для арганізаванай злачыннасьці, злачынныя апэрацыі “Інфабанку” вядуць да рэжыму былога ірацкага дыктатара Садама Хусэйна.

Заява міністэрства фінансаў ЗША гаворыць, што “Інфабанк” патрапіў у гэты сьпіс як саўдзельнік у адмываньні грошай зь незаконных фінансавых апэрацый з Іракам. “Інфабанк” адмываў грошы для былога ірацкага рэжыму Садама Хусэйна. Грошы здабываліся праз махінацыі з праграмай ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”, калі цэны ў кантрактах штучна завышалася празь нелегальныя надбаўкі.

Атрыманыя грошы затым праходзілі празь некалькі замежных банкаў і падстаўных карпарацый. Нарэшце, грашовы прыбытак ад незаконных надбавак і завышаных кантрактаў або быў вернуты ірацкаму рэжыму ў парушэньне ўмоваў праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне”, або траціўся праз “Інфабанк” і ягонае аддзяленьне на куплю зброі й фінансаваньне вайсковай падрыхтоўкі.

Сёньняшняе вылучэньне двух банкаў разглядаецца міністэрствам фінансаў ЗША як папярэджаньне сусьветнай фінансавай супольнасьці датычна гэтых двух банкаў. У дадатак, аддзел міністэрства фінансаў па барацьбе зь фінансавымі злачынствамі наклаў на банкі санкцыі. Фінансавым установам ЗША забараняецца мець любыя карэспандэнцкія дачыненьні з “Інфабанкам” і “Першым гандлёвым банкам”. У дадатак, фінансавыя установы ЗША абавязаныя ўвесьці меры надзвычайнай пільнасьці, каб уладальнікі карэспандэнцкіх рахункаў у іхных установах ня мелі аніякіх стасункаў са згаданымі банкамі.

Мы зьвярнуліся ў міністэрства фінансаў ЗША па камэнтар пра дзейнасьць “Інфабанку”. Прэсавая прадстаўніца Молі Мілер-Вайз сказала, што інфармацыя пра колькасьць адмытых грошай пакуль засакрэчаная.

Таксама не публікуецца інфармацыя пра тое, як доўга “Інфабанк” займаўся незаконнымі апэрацыямі і якія замежныя й амэрыканскія бізнэс установы супрацоўнічалі з “Інфабанкам” у гэтай справе.

Прэсавая прадстаўніца міністэрства фінансаў згадала, што раней два бэрмудзкія, адзін сырыйскі і адзін украінскі банкі былі патрапілі ў такі самы сьпіс.

(Мілер-Вайз: ) “Украінскі банк пазьней быў выключаны са сьпісу, пасьля таго як ён увёў кантрольныя меры супроць адмываньня грошай. Кожная сытуацыя адрозьніваецца. Я не магу прадказаць, ці (беларуская сытуацыя) паўторыць украінскую. Сёньняшняе вылучэньне распачынае 30-дзённы “перамоўны” тэрмін. Гэта дасьць нам магчымасьць працаваць ня толькі з амэрыканскімі фінансавымі установамі, але і з замежнымі, уключна з “Інфабанкам”, каб убачыць зь іх боку сур’ёзнае жаданьне супрацоўніцтва па ўводзе кантрольных мер супроць адмываньня грошай.”

Калі ж Інфабанк ня пойдзе на супрацоўніцтва зь міністэрствам фінансаў ЗША па ўводзе такіх мер, тады, паводле прэсавай прадстаўніцы Молі Мілер-Вайз, санкцыі, у сёньняшнім ці трохі зьмененым выглядзе стануць пастаяннымі.
XS
SM
MD
LG