Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў злавілі на допінгу


Ігар Карней, Менск У цэнтры допінгавага скандалу апынулася алімпійская каманда Беларусі. Станоўчы вынік дала допінг-проба скакуна ў вышыню Аляксея Лясьнічага. У ягоным аналізе знойдзенае забароненае рэчыва кленбутэрол, якое спрыяе росту мышачнай масы й сілавых паказьнікаў. Нягледзячы на тое, што спартовец фінішаваў апошнім яшчэ на этапе кваліфікацыйных спаборніцтваў, санкцыі да беларускай каманды будуць жорсткія.

У Афінах – чарговыя допінгавыя скандалы: адзін мае да Беларусі наўпростае дачыненьне, другі – ускоснае. 24 жніўня пацьвердзілася допінг-проба, узятая ў скакуна ў вышыню, 25-гадовага Аляксея Лясьнічага. Спартовец гэты мала вядомы нават у беларускай камандзе: у кваліфікацыі ён заняў апошняе месца, ня ўзяўшы пачатковую вышыню 2м 15см.

Другая непрыемная гісторыя зьвязаная зь імем аднаго з найбольш вядомых колісь беларускіх спартоўцаў, алімпійскага чэмпіёна ў штанзе Леаніда Тараненкі. Апошнім часам Тараненка працаваў у Індыі і прыехаў у Афіны як адзін з трэнэраў нацыянальнай індыйскай каманды. Пасьля таго, як за ўжываньне допінгу былі дыскваліфікаваныя адразу некалькі індыйскіх штангістаў, фэдэрацыя цяжкай атлетыкі Індыі адразу ж скасавала кантракт з Тараненкам, адмовіўшыся ад ягоных паслугаў.

Напярэдадні адбылося паседжаньне дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта з удзелам самога Аляксея Лясьнічага й шэфа беларускай місіі Анатоля Іванова. Абодва трымалі адказ: якім чынам забаронены прэпарат трапіў у арганізм беларуса? Спартовец апраўдваўся, што ўжываў сыроп ад кашлю “Кленбутэрол”, які даюць нават дзецям. Аднак такі аргумэнт сябраў камісіі ня ўразіў, і сёньня ж Лясьнічы разам з трэнэрам пакінуў Афіны. Пытаньне аб пакараньні спартоўца і каманды будзе вырашана пазьней.

Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі лічыць, што рэгулярныя допінгавыя скандалы з удзелам беларусаў ёсьць вынікам адсутнасьці дасьледаваньняў у сфэры фармакалёгіі.

(Камінскі: ) “Ёсьць навукова-дасьледчы інстытут, людзі працуюць за мізэрны заробак, але ніякага ня можа быць параўнаньня з тым, што ёсьць за мяжой. Там лябараторыі працуюць на вытворчасьць. Мы ж – закладнікі савецкай сыстэмы. Усе лічаць, што ў нас шмат розных інстытутаў, усё ацэньваюць паводле валу. Насамрэч, фармакалягічны складнік падрыхтоўкі нашых спартоўцаў вельмі істотна адстае ад вядучых дзяржаваў сьвету – і Кітая, і Амэрыкі, і Расеі.

У пэрыяд існаваньня СССР у Расеі ўсё было сканцэнтравана ў сфэры дасьледаваньняў мэдыцыны, фармакалёгіі. Цяпер у ЗША, іншых краінах працэс ідзе на тым зрэзе, калі лябараторыі прэпарат зрабілі, а гэтыя рэчывы яшчэ не запатэнтаваныя, не зьяўляюцца ў сьпісе забароненых. І вось на гэтым зрэзе год ці два яны выкарыстоўваюцца”.

Ускосна беларусы маюць дачыненьне яшчэ да двух допінгавых скандалаў.

Рашэньнем дысцыплінарнай камісіі пазбаўлены залатога мэдаля вугорскі дыскабол Робэрт Фазэкаш. Дзякуючы гэтаму, беларус Васіль Капцюх аўтаматычна ўзьняўся з пятага на чацьвертае месца. А за дзень да гэтага ў штурханьні ядра была пазбаўленая вышэйшай узнагароды расейка Ірына Каржаненка. Заняўшыя пятае і шостае месцы беларускі Надзея Астапчук і Натальля Харанэка таксама адпаведна падняліся на адзін радок.

На фотаздымку: Расейка Ірына Каржаненка, якая была пазбаўленая залатога мэдалю за допінг.
XS
SM
MD
LG