Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў пазову партыі БНФ да Мінюсту


Альгерд Невяроўскі, Менск Вярхоўны суд Беларусі палічыў правамоцным папярэджаньне, вынесенае партыі БНФ Міністэрствам юстыцыі. Суд пагадзіўся зь міністэрскімі чыноўнікамі, якія прыйшлі да высновы, што партыя БНФ удзельнічае ў незарэгістраванай кааліцыі “Пяцёрка плюс” і заклікала людзей браць удзел у несанкцыянаваным пікеце салідарнасьці з газэтай “Народная воля”.

Паводле рашэньня, прынятага судзьдзёй Жукоўскай, папярэджаньне Партыі БНФ Мінюст вынес абгрунтавана. Суд палічыў, што партыя БНФ уваходзіць у незарэгістраваную кааліцыю “Пяцёрка плюс”. Ад імя гэтай кааліцыі ў двух нумарах газэты “Народная воля” быў зьмешчаны заклік узяць удзел у несанкцыянаваным пікеце у абарону “Народнай волі”, што супярэчыць беларускаму заканадаўству. Аргумэнты юрыстаў партыі БНФ пад увагу прынятыя не былі. Юрыст БНФ Уладзімер Лабковіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Лабковіч: ) “Іншага рашэньня й не чакалася. Яшчэ раз выкарысталі суд для таго каб яшчэ раз сьцьвердзіць, што партыі быццам бы парушаюць заканадаўства. Можна нават чакаць, што наступным крокам, на які могуць пайсьці ўлады баючыся альтэрнатывы ў выглядзе аб’яднанай апазыцыі, будзе ліквідацыя палітычных партыяў”.

25 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд такога ж пазову да Мінюсту з боку Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Празь некалькі дзён будуць разглядацца пазовы ПКБ і БСДГ. Прадстаўнікі гэтых партыяў ня надта спадзяюцца выйграць судовыя справы. Тым ня менш, яны хочуць выкарыстаць працэсы, каб прынамсі засьведчыць, што ў Беларусі не існуе незалежнай судовай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG