Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве авіякатастрофы ў Расеі – ці гэта тэракт?


Юры Дракахруст, Прага Учора ўвечары ў Расеі адбылася дзьве буйныя і надзвычай загадкавыя авіякатастрофы. Два самалёты, якія вылецелі з маскоўскага аэрапорту “Дамадзедава” з інтэрвалам менш як 40 хвілінаў пацярпелі катастрофы амаль у тую самую хвіліну. Загінулі 90 чалавек. Экспэрты не выключаюць, што катастрофы сталі вынікам тэрактаў, прымеркаваных да выбараў прэзыдэнта Чачэніі.

Самалёт Ту-134, які ляцеў рэйсам Масква-Валгаград і на борце якога было 44 чалавекі, упаў каля невялікай вёскі ў Тульскай вобласьці. Некаторыя відавочцы гавораць, што самалёт нібыта выбухнуў у паветры перш чым упасьці на зямлю. Іншыя сьведкі адмаўляюць гэта.

Другі авіялайнэр Ту-154, які ляцеў у Сочы і меў на борце 46 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу, абрынуўся ў Растоўскай вобласьці літаральна празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як у Тульскай вобласьці ўпаў Ту-134.

Паводле афіцыйных крыніцаў самалёт Ту-154 перад гібельлю пасьпеў паслаць сыгнал SOS. Прадстаўнікі міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расейскай Фэдэрацыі гавораць, што самалёт, які ўпаў у Растоўскай воласьці, праўдападобна выбухнуў у паветры. Кавалкі фюзэляжу былі раскіданыя на зямлі на сотні мэтраў.

“Чорныя скрыні” абодвух самалётаў ужо знойдзеныя і дастаўленыя ў Маскву.

На мейсцах катастрофаў працуюць спэцыялісты міністэрства па надзвычайных сытуацыях, сьледчыя генэральнай пракуратуры Расеі. Дапамогу аказвае войска.

Наконт магчымых прычынаў катастрофаў прадстаўнік ФСБ Сяргей Ігнаценка заявіў.

(Ігнаценка: ) “Разглядаецца некалькі вэрсіяў. Асноўная вэрсія – гэта парушэньне правілаў грамадзянскай авіяцыі. Разглядаецца, сярод іншых, і вэрсія тэракту, але на дадзены момант ніякіх пацьверджаньняў таго, што быў зьдзейсьнены тэракт, няма”.

Выказваюцца меркаваньні, што гібель двух самалётаў магла стаць вынікам тэрарыстычных атак чачэнскіх сэпаратыстаў, прымеркаваных да выбараў прэзыдэнта Чачэніі, якія адбудуцца ў гэтую нядзелю.

Прадстаўнік лідэра сэпаратыстаў Аслана Масхадава Ахмэд Закаеў заявіў сёньня, што Масхадаў ня зьвязаны з учорашнімі катастрофамі. У нядаўнім інтэрвію Радыё Свабода Масхадаў паведаміў, што дасягнуў згоды зь лідэрам чачэнскіх радыкальных сілаў Шамілём Басаевым у тым пытаньні, што тэрарыстычныя напады шкодзяць справе чачэнскага супраціву.

Міністэрства замежных справаў Беларусі пакуль ня мае інфармацыі, ці ляцелі на гэтых самалётаў беларускія грамадзяне. Дзяржаўны камітэт Беларусі па авіяцыі выбаў загад аб узмацненьні кантролю за багажом і асабістымі рэчамі пасажыраў на лётнішчах краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG