Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сорамна атрымліваць незаробленыя грошы! Хто яны, гэтыя кішэнныя выбраньнікі народу, як ім ня сорамна?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 25 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Я хачу спытаць, чаму ў Сьветлагорску так дрэнна прымаецца Радыё Свабода? Перашкода адна за адной ідуць: то цішыня, то шум, то яшчэ нешта іншае. Трэба штосьці зрабіць. Гэта ўжо амаль два гады так. Дзякуй.”

(Спадар: ) “ У мяне пытаньне. Чаму Свабода ў сваіх перадачах па Беларусі расказвае ўсё дрэннае, як быццам бы тут нічога добрага ня робіцца, нічога добрага няма. Аднабаковая перадача! Калі вас гэтая Амэрыка фінансуе, дык яна вам дыктуе і перадачы такія рабіць. Дзеля Бога! Будзьце аб’ектыўныя!”

(Спадар: ) “Прыемна жыць на вуліцы, якая носіць прозьвішча аднаго зь беларускіх дзеячоў Беларускай народнай рэспублікі альбо дзеячоў іншых бліжэйшых часоў. Такі час абавязкова наступіць. Прыйдуць разумныя кіраўнікі зь ліку шчырых беларусаў, патрыётаў беларускай зямлі, і нашая гісторыя шматпакутнай Беларусі атрымае свае ўвасабленьні ў назвах вуліцаў, пляцаў, раёнаў. Напрыклад, праспэкт Езавітава, пляц герояў Слуцкага паўстаньня, акадэмія імя Канстанціна Астроскага і г.д. Даўно прысьпеў гэты час! Дзякуй.

Каму патрэбен такі марыянэтачны парлямэнт, які нічога не вырашае, не працуе, а выконвае ролю заслоны, за якой дзейнічае на сваю асабістую карысьць, так бы мовіць, прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Усе дэпутаты атрымліваюць немалыя грошы, заробак міністра, іх бязьдзейнасьць аплочана падаткаплацельшчыкам, інтарэсы якога гэтак званыя дэпутаты не абараняюць. Гэта называецца фарсам. Сорамна атрымліваць незаробленыя грошы! Хто яны, гэтыя кішэнныя выбраньнікі народу, як ім ня сорамна? Яны нават з гонарам нашпілілі на свае строі дэпутацкі значок з выявай ня нашага, ня беларускага сьцяга.

Камандзір брыгады спэцназа Паўлючэнка заявіў, што яго брыгада і ён сам адкрытыя да грамадзкасьці і для журналістаў. Цікава паслухаць яго аб яго стаўленьні да падзеяў у сьвеце і на Беларусі, якія ён меў дачыненьні да Захаранкі, Ганчара. Хай раскрыецца гэты цікавы чалавек!

Часовы ўрад Іраку мае пасаду чыноўніка, які адказвае за правы чалавека. А на Беларусі ў цэнтры Эўропы няма каму абараніць нашых грамадзян ад зьбіцьця й катаваньня ў турмах, сьледчых ізалятарах і розных разьмеркавальніках. І што гэта за разьмеркавальнікі? Што яны разьмяркоўваюць? Каму зрабі ластаўку, а каму шпагат, каго прыдушыць, а каго прыціснуць? Дзе той беларускі Сяргей Кавалёў, якога Лукашэнка так палохаецца, што нават не пусьціў у Менск? Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG