Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 жніўня 1840 году царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 25 жніўня

25 жніўня 1840 году расейскі царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. На зьмену традыцыйнаму беларускаму праву былі ўведзеныя законы Расейскай імпэрыі.

У гэты дзень у 1991 годзе Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі была нададзеная сіла канстытуцыйнага закону. Вось як згадваў тую падзею дэпутат Алег Трусаў: “25 жніўня Вярхоўны Савет абвясьціў незалежнасьць Беларусі, і дэпутаты Лукашэнка, Кавалёнак і Драбышэўская ўнесьлі ў залю пасяджэньняў бел-чырвона-белы сьцяг”. У той самы дзень у Беларусі была прыпыненая дзейнасьць камуністычнай партыі.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 25 жніўня ў розныя гады, згадаем сёньня амэрыканскага кампазытара Леанарда Бэрнстайна, самыя славутыя творы якога – “Імша” і мюзыкл “Вэстсайдзкая гісторыя”, ды беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, які напісаў дзесяткі кніг у самых розных жанрах, і якога на літаратурных сустрэчах маглі бачыць жыхары ўсіх гарадоў і мястэчак краіны. Арлоў піша гістарычную прозу, эсэістыку і вершы. А ягоная кніга “Таямніцы полацкай гісторыі” перавыдаецца ледзьве ня кожны год – такі вялікі на яе чытацкі попыт.

Наагул жа 25 жніўня нараджаліся пераважна ўладары, каралі і цары, а таксама генэральныя сакратары. Да прыкладу, 25 жніўня 1530 году нарадзіўся расейскі ўладар Іван IV, які першы пачаў называць сябе царом, а ў гісторыю ўвайшоў з азначэньнем Іван Грозны або Іван Жахлівы. Іншы прыклад – Людвік ІІ, кароль Баварыі, які нарадзіўся ў 1845 годзе. Гэты ўладар запомніўся як мэцэнат кампазытара Рыхарда Вагнэра, а таксама сваімі вар’яцкімі архітэктурнымі праектамі, за што яго называлі Людвікам Вар’ятам. Гэты кароль спрабаваў у Баварскіх гарах збудаваць дакладную копію Вэрсаля. Урэшце, лекарскі кансыліюм прызнаў Людвіка вар’ятам, пасьля чаго няшчасны кароль патапіўся ў возеры. Наступны ўладар – Эрых Хонэкер, які нарадзіўся ў 1912 годзе. Гэты кіраваў камуністычнай уладай у ГДР ажно шаснаццаць гадоў – такі сабе нямецкі Брэжнеў. Цікава, што памёр ён у выгнаньні ў Чылі, ужо пасьля таго, як быў разбураны Бэрлінскі мур. Газэта “Ды Цайт” назвала Хонэкера “апошнім нямецкім камуністам“.

А яшчэ 25 жніўня ў 1819 годзе нарадзіўся славуты дэтэктыў Алан Пінкертон. У адрозьненьне ад свайго земляка Шэрлака Холмса, Пінкертон быў рэальнай гістарычнай пастацяй. Сын паліцэйскага сэржанта ў Глазга, ён вывучыўся на бондара і эміграваў у ЗША. Там пасяліўся ў невялікім мястэчку каля Чыкага і адкрыў бандарную краму – прадаваў бочкі. Аднойчы Пінкертон сутыкнуўся з фашываманэтнікамі, якіх сам выкрыў і затрымаў. Пасьля некалькіх такіх выпадкаў людзі абралі яго шэрыфам. Урэшце, Пінкертон кінуў паліцэйскую службу і заснаваў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва, якое спэцыялізавалася на расьсьледаваньні крадзяжоў на чыгунцы. З часам агенцтва стала самым знакамітым. Самы буйны посьпех дэтэктываў Пінкертона – гэта папярэджаньне замаху на прэзыдэнта Лінкольна. Праўда, пасьля Лінкольна ўсё адно забілі. Але імя Пінкертона стала назыўным. Сёньня і ў нашых краях сьледчых часам называюць пінкертонамі.
XS
SM
MD
LG