Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адмыслоўцы лічаць, што ацэнка Іванкова была адэкватнай


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва міністэрства спорту і турызму Беларусі дало зразумець: калі гімнаст Іван Іванкоў захоча аспрэчваць вынікі спаборніцтваў на брусах, дзе ён спыніўся ў адным кроку ад алімпійскай бронзы, спартовае ведамства будзе яму ў гэтым усяляк дапамагаць. Болей чым праз суткі спрэчкі вакол выступу Іванкова не сьціхаюць: адны спэцыялісты кажуць, што Іванкову нават пашанцавала, што ён падняўся так высока; іншыя перакананыя, што за заслугі перад усясьветным спортам судзьдзі проста абавязаныя былі пайсьці яму насустрач.

Гімнастыка здаўна лічыцца вельмі суб’ектыўным відам спорту ў сэнсе выстаўленьня адзнакаў. Мяркую, шмат хто бачыў выступы гімнастаў у асобных практыкаваньнях, і тое, што пачалося на трыбунах пасьля выступу лепшага расейскага гімнаста Аляксея Немава. У лепшых традыцыях глядыятарскіх баёў гледачы апускалі ўніз вялікія пальцы, тым самым пратэстуючы супраць вэрдыкту судзьдзяў.

Выступ Івана Іванкова не пацягнуў за сабой такіх эмоцый, бо, на думку аднаго са старэйшых беларускіх трэнэраў, Рэнальда Кныша, калі Немава сапраўды засудзілі, то Іванкоў атрымаў адзнаку паводле цяперашніх здольнасьцяў.

(Кныш: ) “Ды не, ацэнка была адэкватная. Памылкі рабіў: у адным выпадку вельмі значную, у іншым крыху меншую. Ну, і цяжкавата ўсё крыху выглядала. Таму заслужанае чацьвёртае месца. Магло быць нават ніжэйшае”.

А вось калегі, сябры Івана Іванкова эмоцыі наконт судзейскага выраку не хаваюць. Напярэдадні я затэлефанаваў чэмпіёнцы сьвету і Эўропы ў мастацкай гімнастыцы Яўгеніі Паўлінай, шляхі якой у складзе нацыянальнай каманды перакрыжоўваліся зь Іванковым пастаянна. І вось што мяркуе яна.

(Паўліна: ) “Проста крыўдна за Ваню: судзьдзі вырашаюць лёс хлопцаў. Увогуле, гэта такі від спорту, дзе судзьдзі альбо ідуць насустрач, альбо не. Я ня думаю, што ён нешта ня выканаў, і яму паставілі адзнаку ніжэйшую за астатніх. Тут ўсё вырашаюць дамоўленасьці, якія мелі месца раней. Проста абавязаныя былі яму даць мэдаль хоць бы ў знак павагі да яго. Мы выступалі разам, і я ведаю, што значыць так доўга дастойна пратрымацца ў спорце. За тое, што Ванька зрабіў, ён ужо нацыянальны герой”.

Паступова Алімпіяда набліжаецца да сваёй разьвязкі. Кожныя Алімпійскія Гульні адзначаныя гучнымі імёнамі. У 1992 годзе ў Барсэлёне, дзе хоць і ў складзе зборнай СНД, але беларусы дэбютавалі ўжо не як савецкія людзі – гэта, безумоўна, Віталь Шчэрба. Калі не памыляюся, ягоны паказчык, 6 залатых медалёў на адных Гульнях, саступае толькі амэрыканскаму плыўцу Марку Сьпітцу.

Гэтым разам беларусы нечакана нават для сябе здолелі стрэліць на ўвесь сьвет у асобе Юліі Несьцярэнкі: той жа Рэнальд Кныш перакананы, што ейны залаты мэдаль варты ўсіх заплянаваных 25 медалёў, і тое, што адбылася рэвалюцыя ў лёгкай атлетыцы, зразумеюць ужо пасьля Алімпіяды.

Асабіста для мяне Афіны – гэта ўнікальныя паказчыкі кітайскай алімпійскай каманды. Краіна, дастаткова сьціплая ў спорце яшчэ дзесяцігодзьдзе таму, раптам уварвалася ў спартовую эліту. Тое ж можна казаць і пра аўстралійцаў – іхны міжнародны статус з кожным разам толькі ўзмацняецца. А непераможны Ян Торп абсалютна заслужана стаўся візытоўкай ня толькі аўстралійскага спорту, а ўсёй Аўстраліі.

Натуральна, запамінаюцца і камічныя моманты – калі ў забегу на 400 мэтраў пабеглі ўсе, апроч амэрыканкі, якая проста не пачула стартавага пісталета. Здараюцца і трагікамэдыі – беларускі баксёр Сяргей Быкоўскі, які столькі гадоў марыў пра Алімпіяду і спадзяваўся на высокія паказчыкі, аказаўся ў Афінах толькі ў якасьці турыста – яго з-за тэхнічных непаразуменьняў ня выпусьцілі на рынг.

На што можна спадзявацца беларускім заўзятарам сёньня? Найперш, адмыслоўцы раяць зьвярнуць увагу на кіданьне молату сярод жанчын: Вольга Цандэр здольная на неспадзяванкі. Таксама – на паўфінал двойкі-каноэ ў складзе Курляндзкі-Багдановіч. У грэка-рымскай барацьбе пачынае змагацца Сяргей Ліштван. І яшчэ адна прадстаўніца лёгкай атлетыкі, Натальля Шымчук, стартуе ў кваліфікацыі ў кіданьні кап’я – шанцы ня самыя высокія, але ёсьць.
XS
SM
MD
LG