Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12-ы дзень Алімпіяды – беларускі атлет выключаны за допінг


RFE/RL Сёньня, ў 12-ты дзень алімпійскіх гульняў у Афінах паводле колькасьці мэдалёў Беларусь займае 18 месца. Да гэтага часу зборная Беларусі заваявала 11 мэдалёў, у тым ліку два залатыя – Ігар Макараў (дзюдо) і Юлія Несьцярэнка (лёгкая атлетыка). Больш за ўсё залатых мэдалёў маюць кітайцы і зборная ЗША – па 23.

Сёньня першы беларускі спартовец – скакун у вышыню Аляксей Лясьнічы быў выключаны з алімпійскіх гульняў у Афінах у зьвязку з пазытыўным допінг-тэстам. 26-гадовы Лясьнічы 20 жніўня меў пазытыўны допінг-тэст на кленбутэрол, забаронены анаболік. Цягам слуханьняў у дысцыплінарнай камісіі, беларускі легкаатлет заявіў, што ён захварэў і прыняў сіроп супраць кашлю. Лясьнічы заявіў, што ён не параіўся зь лекарам. Дысцыплінарная камісія вырашыла дыскваліфікаваць Лясьнічага са спаборнітцваў у скоках у вышыню, выключыць з Алімпійскіх гульняў, скасаваць акрэдытацыю на Алімпійскіх гульнях, а таксама прапанаваць Міжнароднай Асацыяцыі Лёгкай Атлетыкі памяняць вынікі спаборніцтваў у скоках у вышыню з улікам рашэньня камісіі.

Сёньня беларускія спартоўцы выступаюць у сямі алімпійскіх дысцыплінах, а ўвогуле разыграныя будуць 13 камплектаў узнагародаў.

Беларускі экіпаж мужчынскай байдаркі-двойкі – Раман Петрушэнка і Вадзім Махнееў - ўвайшоў у фінал Алімпіяды, паказаўшы на дыстанцыі 500 мэтраў найлепшы час. У паўфінал патрапілі Ганна Пучкова і Алена Бець – таксама на байдарцы-двойцы.

Беларускі спартовец Вячаслаў Макаранка сёньня двойчы перамог на алімпійскім турніры ў грэка-рымскай барацьбе і цяпер знаходзіцца ў адным кроку ад паўфінала.А самы малады беларускі барэц Андрэй Чэхаўскі прайграў прадстаўніку Чэхіі.

Добры шанец на мэдаль мае баксэр Магамэд Арып-га-джы-еў, які ў чвэрцьфінале сустракаецца з прадстаўніком Кітаю. Апошнім зь беларускай каманды ў цяжкай атлетыцы выступіць Міхал Аўдзееў у вазе да 105 кіляграмаў.

Беларускі гімнаст Іван Іванкоў застаўся ўчора позна ўвечары без бронзавага мэдаля. У часе выступу на брусах, двойчы чэмпіён сьвету атрымаў аднолькавую колькасьць балаў з трыма іншымі гімнастамі. У выніку суддзі вырашылі аддаць мэдаль спартоўцу з Кітаю.

Нічога не заваяваў учора і беларускі дыскабол – бронзавы прызёр алімпіяды ў Атлянце – Вастль Капцюх. Пасьля пасьпяховага праходу ў фінал, ён заняў толькі пятае месца.

Шостае месца ў жаночым турніры па вольнай барацьбе заняла Вольга Хілько.

Адзін залаты мэдаль аддзяляе зборную Японіі ад пабіцьця рэкорду што да колькасьці мэдалёў, заваяваных у часе адных алімпійскіх гульняў. Пасьля 10 дзён гульняў, японцы маюць 32 мэдалі, сярод якіх 15 – залатыя. Гэта на адзін меней, чым 40 гадоў таму ў часе гульняў у Токіё і значна лепш, чым у Сыднэі. Найлепш японцы выступаюць у дзюдо – 8 залатых мэдалёў і ў плаваньні.

Яшчэ можна набыць квіткі на цырымонію закрыцьця алімпійскіх гульняў. Дагэтуль заўзятары набылі каля 3,5 мільёнаў кьвіткоў, з 5 мільёнаў трохсот тысячаў, што падрыхтавалі арганізатары.
XS
SM
MD
LG