Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія будуць наступствы санкцыяў міністэрства фінансаў ЗША супраць беларускага “Інфабанку”?


RFE/RL Наступствы магчымых санкцыяў міністэрства фінансаў ЗША супраць беларускага “Інфабанку” мы папрасілі пракамэнтаваць эканаміста, кіраўніка дасьледнага цэнтру імя Мізэса Яраслава Раманчука.

(Яраслаў Раманчук: ) “Калі банк выключаецца з сыстэмы амэрыканскай, то ён фактычна выключаецца з усяе міжнароднае сыстэмы, бо ёсьць спэцыяльныя структуры, якія вельмі жорстка ставяцца да банкаў, якія адмываюць грошы. Я думаю, што калі банк будзе выключаны з ЗША, то ён будзе выключаны і з Эўропы. І тады ён перастае існаваць, бо яго функцыяваньне як фінансавай установы болей ня мае сэнсу. Яго заснавальнікі будуць павінны працаваць толькі ўнутры Беларусі, што ня вельмі верагодна, альбо працаваць у Азіі, што таксама ня ёсьць верагодным.

Што датычыць эканамічных наступстваў для краіны, то "Інфабанк" не ўваходзіць нават у 10 найбуйнейшых банкаў Беларусі. Гэта банк, які займаецца абслугоўваньнем апэрацыяў вельмі непразрыстых. Нават парлямэнтарыі ня могуць ніякім чынам яго пракантраляваць. Гэта прыватны банк. Але калі такія сыгналы паступаюць з замежжа, з ЗША, то як гэта разумець? Беларускія ўлады казалі, што яны падпісалі ўсе паперы па барацьбе з адмываньнем грошай. Такім чынам, выходзіць Нацбанк хлусіць нам, калі кажа, што ў нашай краіне ўсё вельмі добра, у кантэксьце кантролю за адмываньне грошай.

Гэта банк, які лічыцца "фаварытам" у палітычных колах. Я думаю, гэтая справа павінна быць разгледжаная прынамсі Нацыянальным банкам Беларусі. А каб захаваць добрае імя Беларусі, я б параіў і ўраду правесьці дасьледаваньне ў гэтай справе. Гэта правілы гульні, якія Беларусь павінна шанаваць. І такія абвінавачаньні ня могуць добра адбіцца на рэпутацыі Беларусі. Гэта дрэнна адаб''ецца і тады, калі будзе трэба атрымаць нейкі крэдыт...

Цяпер нават Швайцарыя адкрываецца, цяпер зьнікаюць афшорныя зоны, а Беларусь займаецца такімі справамі... Тыя патокі, што абслугоўвае "Інфабанк", у большай ці меншай ступені, завязаныя на беларускі дзяржаўны бюджэт. У гэтым пляне справа мае палітычны сэнс.

Калі Міністэрства ЗША давядзе справу да лягічнага завяршэньня, то гэта можа мець больш наступстваў, чым, напрыклад, непрыняцьцё Беларусі ў Раду Эўропы”.

Гэта было меркаваньне эканаміста Яраслава Раманчука.

• Міністэрства фінансаў ЗША абвінавачвае беларускі камэрцыйны банк у адмываньні грошай
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG