Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў ЗША: Беларускі “Інфабанк” адмываў грошы Садама Хусэйна


RFE/RL Міністэрства фінансаў ЗША ў аўторак прыняла захады супраць двух банкаў, якія падазраюцца ў адмываньні грошай, і запрапанавала адрэзаць іх ад банкаўскай сыстэмы ЗША. Гэта “Першы гандлёвы банк” Рэспублікі Паўночны Кіпр і “Інфабанк” Рэспублікі Беларусь.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, міністэрства фінансаў ЗША прыняла меры супраць двух банкаў, якія падазраюцца ў адмываньні грошай. Гэта – “Першы гандлёвы банк” з турэцкай рэспублікі на Паўночным Кіпры і беларускі “Інфабанк”.

Паведамляецца, што банкі былі папярэджаныя раней, але не прынялі ніякіх захадаў, і таму цяпер фінансавы дэпартамэнт ЗША ўжыў у дачыненьні да банкаў сыстэму папярэджаньня – іншым банкам рэкамэндуецца спыніць супрацоўніцтва з гэтымі двума банкамі.

Міністэрства фінансаў ЗША таксама рэкамэндуе адрэзаць гэтыя два банкі ад амэрыканскай сыстэмы – зачыніць іхныя карэспандэнцкія рахункі ў амэрыканскіх банках.

Прадстаўнік міністэрства фінансаў заявіў, што “Інфабанк” “адмываў грошы для Садама Хусэйна, шляхам махінацыяў падманваў сыстэму ААН “Ежу за нафту”, выстаўляючы завышаныя рахункі зь нелегальнымі надбаўкамі, і падпісваючы кантракты з завышанымі цэнамі”.

Уладальнікаў турэцкага кіпрскага “Першага гандлёвага банку” не абвінавачваюць у сувязях з рэжымам Хусэйна, але зьвінавачваюць у “сувязях з мафіяй” і “адмываньні грошай”.

Стуарт Левэй, кіраўнік аддзелу міністэрства фінансаў ЗША па барацьбе з тэрарызмам, камэнтуючы гэтыя санкцыі, адзначыў, што большасьць тэрарыстаў фінансуюцца атрымліваюць фінансаваньне за межамі Злучаных Штатаў. “Мы павінны знайсьці шляхі,каб змагацца з гэтым, нават калі падобны збор сродкаў ажыцьцяўляецца за межамі нашай краіны” – заявіў чыноўнік міністэрства фінансаў ЗША.

Абвінавачваньні ў незаконных апэрацыях на адрас беларускага “Інфабанку” неаднаразова зьяўляліся ў міжнародным друку, пра ролю “Інфабанку” як “пральні” па адмываньні незаконных грошай пісаў два гады таму польскі часопіс “Wprost”. Летась беларуская службы Радыё Свабода паведамляла пра ліст з Барысаўскага ваеннага заводу, знойдзены ў сэйфе аднаго з ваенных злучэньняў рэжыму Садама Хусэйна. Ліст быў адрасаваны кіраўніку беларуска-швайцарскай фірмы “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам” Уладзіславу Рачкевічу. Сузаснавальнікам гэтай фірмы зьяўляўся “Інфабанк”. Дарэчы, цяпер спадар Рачкевіч зьяўляецца генэральным дырэктарам кампаніі сотавай сувязі “Белсел”.

У апошнія гады кіраваньня Хусэйна толькі тры беларускія фірмы мелі свае прадстаўніцтвы ў Іраку: "Лада ОМС", “Белфарм” і "Белмэталэнерга". Заснавальнікам “Бэлмэталэнэрга” зьяўляўся ізноў жа “Інфабанк”.

35% акцыяў “Інфабанку” належаць “Лібійскаму арабскаму замежнаму банку”.

У 2002 годзе “Інфабанк” стаў генэральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

In English: • Treasury Employs USA PATRIOT Act Authorities to Designate Two Foreign Banks as "Primary Money Laundering Concerns"
XS
SM
MD
LG