Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў ЭГУ запрашаюць на вучобу ў Эўразьвяз і Расею


Галіна Абакунчык, Менск Студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, закрытага на загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, запрашаюць прадоўжыць навучаньне ва ўнівэрсытэтах шэрагу заходнеэўрапейскіх краінаў, а таксама ў Расеі. Тым часам Міністэрства адукацыі патрабуе ад кіраўніцтва ЭГУ пайменныя сьпісы навучэнцаў, якія намерваюцца ехаць за мяжу.

Студэнты, якія зь фінансавых прычынаў ня могуць вучыцца ў замежжы, гэтымі днямі падпісваюць дамовы пра перавод у БДУ. Сярод іншых я тут сустрэла бацьку і дачку Маругаў, якія найперш зьвярнулі ўвагу на ўмовы навучаньня, прапанаваныя БДУ. Гаворыць Аляксандар Маруга:

(Маруга: ) “Сытуацыя відавочна ненармальная: у нас там было 1300 даляраў за год, а тут 1500, хоць нам абяцалі, што будзе гэтак, як у ЭГУ. Але галоўны клопат у нас — акадэмічная розьніца, якая складае 22 іспыты. І як чалавеку здаць акадэмічную розьніцу ў 22 іспыты, я, напраўду кажучы, не ўяўляю”.

У Белдзяржунівэрсытэце заяўляюць, што рашэньне пра аплату ў памеры 1500 даляраў для трох факультэтаў прынятае канчаткова. Для двух іншых абяцаюць зьнізіць гэтую суму, але ў ЭГУ абяцанкам ня вераць. Тым часам Санкт-Пецярбурскі й Маскоўскі ўнівэрсытэт запрасілі студэнтаў ЭГУ на льготнае навучаньне. Аднак улады выяўляюць да замежных праектаў ЭГУ незвычайную ўвагу, — паведаміла ў інтэрвію Свабодзе прарэктар ЭГУ Тацяна Галко:

(Галко: ) “Сёньня Мінадукацыі патрабуе ад нас паперу, літаральна табліцу — хто й куды перавёўся. Пайменна ўсю тысячу студэнтаў, асабліва тых, хто выяжджае ў замежжа. І пішуць, што гэткім чынам яны выконваюць распараджэньне адміністрацыі прэзыдэнта”.

Тым ня менш, многія студэнты зьбіраюцца ехаць за мяжу. Сярод іх Марыя Несьцерава, якая гэтак пракамэнтавала паводзіны ўладных структураў:

(Несьцерава: ) “Мне ўсё роўна, чым цікавіцца Мінадукацыі. Мне было бы шмат больш прыемна, каб мною цікавілася кантора, якую я паважаю. Я ня дума, што страх — тое пачуцьцё, якім трэба кіравацца”.

Паводле кіраўніцтва ЭГУ, на сёньня дакладна вядомыя тры адрасы, дзе будуць навучацца іхныя студэнты. 60 чалавек будзе займацца ў Нямеччыне, 20 чалавек атрымаюць стыпэндыі ва ўнівэрсытэтах ЗША, 7 чалавек у Францыі й 14 — у Польшчы. Ёсьць шмат прапановаў, паводле якіх яшчэ вядуцца перамовы, — паведаміў дэкан ЭГУ Рыгор Мінянкоў:

(Мінянкоў: ) “Прапаноўваюць самыя розныя варыянты, уключна з тым, каб усіх студэнтаў забраць. Вельмі вялікая падтрымка замежная ідзе, мы нават не чакалі. Я думаю, што гэта тое, што называецца акадэмічнай салідарнасьцю, якой у нашай краіне няма. Ну і, пэўна, гэта й палітычная падтрымка”.

Паводле спадара Міненкова, цяпер у ЭГУ распрацоўваюць магчымасьць дыстанцыйнага навучаньня паводле праграмы “ЭГУ ў выгнаньні”, каб адначасна студэнты маглі закончыць і беларускі ўнівэрсытэт. Аднак гэтыя дыплёмы будуць прызнавацца толькі за межамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG