Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы ня памятаюць, каго абіралі ў парлямэнт чатыры гады таму


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў “Хто ваш дэпутат у парлямэнце? Як вы ацэньваеце яго працу за мінулы выбарчы пэрыяд?” — такое пытаньне тыдня на Беларускай Свабодзе. Меркаваньнямі жыхароў Магілёва пра дэпутатаў і іх працу сёньня цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, хто ваш дэпутат у парлямэнце?”

(Спадарыня: ) “Ня памятаю”.

(Спадар: ) “Я іх ня чую і ня бачу. Сапраўдных дэпутатаў я ўвогуле яшчэ ня бачыў”.

(Спадар: ) “Ня памятаю, і калі шчыра, ні разу пра яго ня чуў і што гэта за чалавек, ня ведаю”.

(Спадар: ) “Лукашэнка Рыгоравіч, ён быў і застанецца, таму што ён у аўтарытэце ўжо, а тут каго ні абірай, як было, так і будзе”.

(Спадар: ) “Я за іх не галасую, таму што ў нас дэпутатаў не абіраюць, а прызначаюць. Якая ў нас дэмакратыя, вы што?”

(Карэспандэнтка ) “Скажыце, калі ласка, а як вы ацэньваеце дзейнасьць цяперашняга беларускага парлямэнту?”

(Спадар: ) “Неяк яны самі сабе, а мы самі сабе. Я ня бачу нават — што яны канкрэтна робяць?”

(Спадар: ) “Дык я сказаў бы, што дзейнасьці ніякай і няма. Яны галасуюць і падпісваюць тыя дакумэнты, што ім даюць з управы прэзыдэнта. І ўся іхная дзейнасьць на гэтым канчаецца”.

(Спадарыня: ) “Маё меркаваньне, што яны працуюць. Увогуле для народа, я лічу, яны нешта робяць”.

(Спадар: ) “Для мяне-та яны нічога добрага ня зрабілі, для сябе добрае я сам зраблю, ну няхай хоць нешта для людзей робяць”.

(Спадарыня: ) “Я ніяк не ацэньваю дзейнасьць парлямэнта. Чаму? Пасіўныя яны нейкія”.

(Спадар: ) “Ведаеце, у мяне такое ўражаньне, што дэпутаты народ не баяцца. Гэта дрэнна. Каб яны часьцей у народзе былі, карацей кажучы. У працоўных калектывах быць, на вуліцы хадзіць і ведаць, што народ турбуе, а не сядзець у кабінэтах і не ў футбол гуляць”.

(Спадар: ) “Адна там група, гэта “Рэспубліка”. Яны, канечне, розгалас нейкі робяць — гэта добра, што нават у гэтым асяродку выбарных ці прызначаных дэпутатаў знайшліся людзі, якія сумленна падыходзяць да сваёй справы”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ў нас парлямэнт не працуе ўвогуле. Гэта лішні цяжар нашай дзяржаве. І гэтыя грошы, якія выдаткоўваюцца на парлямэнт, кінуў бы на дзяцей, інвалідаў, на лячэньне старых, на сацыяльныя патрэбы”.

(Спадар: ) “Але парлямэнт, мне падаецца, патрэбны, хаця б для таго, што ён стварае нейкую ілюзію супрацьвагі выканаўчай уладзе. Таму што калі яго ня будзе, то ў нас будзе навогул адна ўлада, ня будзе ніякага шанцу ў будучыя гады, каб гэтая супрацьвага зьявілася”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а ці пойдзеце вы галасаваць у новыя выбары?”

(Спадар: ) “Я пагляджу, калі зарэгіструюць хоць колькі дэпутатаў ад дэмакратычных сілаў, то я пайду на выбары, калі гэта будзе абвал на самым пачатку, на выбары я не пайду”.

(Спадар: ) “За каго б ты ні галасаваў, а галасаваць трэба. Таму што ўладу трэба ж абіраць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што выбары павінны адбыцца, і на выбары павінны ўсе прыйсьці. Каго выберэм — яшчэ падумаем. Яшчэ часу дастаткова”.

Магілёўцы выказвалі сваё меркаваньне наконт працы дэпутатаў Нацыянальнага сходу ў мінулым выбарчым пэрыядзе і дзяліліся плянамі на ўдзел у новых парлямэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG