Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца масавая грамадзкая арганізацыя “Айчына”


Уладзімер Глод, Менск Устаноўчы зьезд заплянаваны на 11 верасьня ў Менску. Мяркуецца, што на яго зьбярэцца прыкладна тры з паловай тысячы дэлегатаў з розных канцоў краіны.

Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Сяргея Антончыка, які ўваходзіць у склад аргкамітэту “Айчыны”, гэта перадусім арганізацыя гуманітарнага характару:

(Антончык: ) “Мы паставілі задачу — самую першасную, самую галоўную для нас: утварыць арганізацыю, у якой будзе не меней за 100 тысяч чалавек. У краіне разбураецца грамадзкае асяродзьдзе, няма салідарнасьці паміж людзьмі. Таму нашая задача — утварыць сыстэму людзей, якія будуць зьвязаныя паміж сабой менавіта праз салідарнасьць. Гэта канкрэтная матэрыяльная дапамога людзям, таму што будзе ўтвораны адмысловы фонд, будуць складкі, ахвяраваньні. Гэта таксама інфармацыйная й прававая дапамога”.

Я спытаў спадара Антончыка, ці магчыма цяпер у Беларусі стварыць грамадзянскую структуру такога вялікага маштабу без падтрымкі з боку ўладаў.

(Антончык: ) “Мы паглядзелі, што на любых выбарах, якія праводзяцца ў Беларусі, амаль мільён чалавек галасуе за новае жыцьцё. Апошнія прэзыдэнцкія выбары паказваюць, што амаль 700 тысяч чалавек далі свае пашпартныя зьвесткі на карысьць кандыдатаў не ад улады. Такім чынам існуе вельмі вялікая супольнасьць людзей, якія хацелі бы перамен і якія ніякім чынам не аб’яднаныя. Цягнуць іх сёньня ў палітычныя арганізацыі немагчыма, паколькі людзі не гатовыя да гэтага”.

Што тычыцца ініцыятараў стварэньня грамадзкага руху, то, паводле Сяргея Антончыка, гэта зусім новыя людзі, якія не зьвязаныя з палітычнымі арганізацыямі. Гэта пераважна маладыя асобы ад 25 да 45 гадоў. Тут шмат высокапрафэсійных рабочых, сельскай інтэлігенцыі, прадпрымальнікаў, юрыстаў... Зь вядомых асобаў гэта, бадай, толькі Ўладзімер Парфяновіч. Дэпутат Парфяновіч гаворыць пра тое, што такі грамадзкі рух мае вялікую перавагу над партыямі:

(Парфяновіч: ) “Я ўпэўнены, што на сёньняшні дзень партыйныя структуры амаль ня маюць ніякага ўплыву на грамадзкае жыцьцё. Таму патрэбна зрабіць грамадзкае аб’яднаньне, якое бы трымалася на моцных нагах, а не на тысячы падпісантаў, якія сёньня ўваходзяць у склад той ці іншай палітычнай партыі”.

Арганізатары грамадзкага руху жадаюць дамовіцца з кіраўніцтвам менскага Палацу спорту аб правядзеньні ўстаноўчага зьезду менавіта тут. Калі гэтага ці адпаведнага нейкага іншага памяшканьня яны не атрымаюць, ня выключана, што мерапрыемства адбудзецца ў Расеі. Пераносіць зьезд на больш позьні час, гаворыць Сяргей Антончык, непажадана.

На фотаздымку: Сяргей Антончык
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG