Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы міліцыя перашкаджае зьбіраць подпісы сябрам ініцыятыўнай групы


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Рэчыцы міліцыя чыніць ціск на найбольш актыўных зборшчыкаў подпісаў за кіраўніка мясцовай грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Леаніда Невера, які хоча стаць дэпутатам парлямэнту.

У групу збору подпісаў за вылучэньне Леаніда Невера кандыдатам у дэпутаты ўваходзіць больш за дзесяць рэчыцкіх прадпрымальнікаў, якія працуюць на мясцовым рынку. Раней ініцыятыўную групу ўзначальваў Алег Шабетнік, але цяпер, пасьля некалькіх праверак аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі мясцовай міліцыі ён быў вымушаны адмовіцца ад кіраваньня групай. Апошні раз правяралі прадпрымальніка Шабетніка на падставе прадпісаньня АБЭЗ, выдадзенага ў 2003 годзе.

Не знайшоўшы нейкіх значных парушэньняў, міліцыянты ўсё-такі склалі акт на тое, што гандляра, які працуе ў Шабетніка, ня мае “бэджа” з указаньнем прозьвішча. Падобныя акты міліцыянты склалі і ў дачыненьні некаторых іншых зборшчыкаў подпісаў. Да таго ж міліцыя разам з судовым выканаўцам прыходзіла апісваць маёмасьць Алега Шабетніка нібыта за нясплачаны штраф двухгадовай даўніны. З падачы раённай газэты “Дняпровец” распачалася кампанія дыскрэдытацыі і самога вылучэнца ў дэпутаты спадара Невера.

Як прадпрымальнік Леанід Невер прасіў у выканкаму зямельны ўчастак дзеля будаўніцтва гандлёвага павільёну. Камісія ў складзе чыноўнікаў выканкаму і архітэктуры яшчэ на пачатку году вызначыла месца — на вуліцы Савецкай блізу дому №91. Спадар Невер выплаціў ужо больш за мільён рублёў, каб зрабіць геадэзічныя дасьледаваньні.

Цяпер жа ўлады кажуць пра магчымасьць перагляду гэтага рашэньня. У мясцовай газэце зьявілася інтэрвію галоўнага архітэктара раёну Лідзіі Сканун пад загалоўкам: “Патрабуе рашэньня. Дзіцячая пляцоўка ці крама?”

Спадар Невер кажа, што мясцовыя ўлады робяць рэкляму афіцыйнаму прэтэндэнту ў парлямэнт Мікалаю Куцку, былому намесьніку старшыні райвыканкаму і цяперашняму дэпутату парлямэнту.

(Невер: ) “Рэчыцкія ўлады бачаць мой рэйтынг і маё стаўленьне да іх. Яны разам з чальцамі ініцыятыунай групы Мікалая Куцко расхвальваюць усюды яго, агітуюць ужо за яго на прадпрыемствах, у калгасах і непасрэдна ў кватэрах, і адначасова ствараюць антырэкляму тым прэтэндэнтам, якія ідуць ва ўладу ня ў сьпісах прэзыдэнта”, — заявіў нашаму радыё прадпрымальнік і прэтэндэнт у парлямэнт з Рэчыцы Леанід Невер.

Прадстаўнікі Рэчыцкага выканкаму сьцьвярджаюць, што выбарчая кампанія вядзецца ў рамках закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG