Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 мільёнаў тонаў зерня: рэальнасьць альбо перадвыбарчая прапаганда?


Ганна Соусь, Менск Паводле зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, у Беларусі ужо сабрана 6 мільёнаў тонаў збожжа. Наколькі рэальныя гэтыя лічбы? Якая якасьць сабранага ўраджаю? Як вядзецца рэалізацыя намалочанага зерня? Пра гэтае нашая карэспандэнтка гутарыць з акадэмікам Іванам Нікітчанкам і былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым.

Паводле разьлікаў Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, сёлета будзе сабрана ня менш за 6800 тысяч тон зерня, зь іх ужо намалочана 6 мільёнаў тонаў. Член-карэспандэнт Акадэміі Навук Беларусі, незалежны экспэрт у праблемах аграпрамысловага комплексу прафэсар Іван Нікітчанка выказвае сумнеў у праўдзівасьці лічбаў, што падаюць дзяржаўныя ўстановы.

(Нікітчанка: ) “Я ў гэтую лічбу ня веру. У нас жа, ведаеце, калі сказаў 6 мільёнаў тон, дык і будзе 6 мільёнаў тон. На паперы колькі трэба, столькі й будзе. І па-другое, Тозік жа займаецца ўраджаем… Да таго ж гэта мокрае зерне, бо вільготнасьць вельмі высокая. А пра якасьць гэтага ўраджаю лічба больш дакладная — колькі закуплена ў дзяржаўны фонд, толькі палова ад фонду. А патрабуецца ня так і шмат, усяго мільён тон, але закупілі толькі 500 тысяч тон”.

Акадэмік Іван Нікітчанка адзначае, што для нармальнага разьвіцьця беларускай сельскай гаспадаркі патрэбна 800 кіляграм зерня на душу насельніцтва, і таму нават, калі бы і было сабрана 6 мільёнаў тонаў зерня, то гэтага было бы недастаткова. Іван Нікітчанка адзначае й іншыя акалічнасьці.

(Нікітчанка: ) “На элеватарах ляжыць крыху болей за 1 мільён тон. У гаспадарках складоў, сушылак вельмі мала, а якія ёсьць, дык яны не працавалі ўжо дзясяткі гадоў, дый паліва няма… Таму гэта чарговы звон, прычыну вы ведаеце — выбары. Тэатар аднаго актора”.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў гэтаксама лічыць, што 6 мільёнаў тон сабранага ўраджаю — відавочна завышаная лічба.

(Лявонаў: ) “Я ведаю паводле некаторых фактаў праверкі, якую робіць ведамства Тозіка, што тут вельмі многа паветра. Напрыклад, проста бяруць з паветра нейкую лічбу й кажуць, што селянін на сваім агародзе атрымаў тону зерня, а той селянін мог гэтага зерня зусім і ня сеяць. І плюсуюць у гэтыя 6 мільёнаў. Так было ў мінулыя гады. А само па сабе 6 мільёнаў ці 5 мільёнаў мае нейкае значэньне, але ня самае галоўнае. Істотна, колькі каштуе гэтае зерне, колькі на гэтым атрымаў селянін”.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў згадвае, як калісьці ў Беларусі зьбіралі каля 8 мільёнаў тон, і таму названыя сёлетнія 6 мільёнаў тонаў пры даволі спрыяльных умовах надвор’я ня ёсьць вялікім дасягненьнем. А што да якасьці ўраджаю…

(Лявонаў: ) “Беларускае зерне добрае для фуражу, для хлеба беларускага, але што тычыцца збожжа для булак, то яго ня так шмат патрэбна, можна й закупіць. Каб накарміць беларусаў хлебам і малаком, то гэтага хлеба недастаткова, яшчэ пару мільёнаў трэба будзе закупіць”, — так мяркуе былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG