Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баяры: колькі каштуе жыцьцё пэнсіянэра?


Ягор Маёрчык, Баяры, Сьвіслацкі раён Гарадзеншчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”

Жыхарка вёскі Баяры баба Юзэфа першы раз атрымала падвышаную пасьля жніўня пэнсію, дадала колькі дзясяткаў тысяч з “загашніку” і выпісала дровы.

(Юзэфа: ) “Шэсьць мэтраў дроваў – 150 тысячаў аддала”.

(Карэспандэнт: ) “На колькі іх хопіць?”

(Юзэфа: ) “О-о-й! Добра стань тапіць, я іх за зіму ўпатраблю. Хата ў мяне вялікая, а тапіць-та яе трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер вы набылі дровы, і іх трэба расьцягнуць да вясны? А гэта значыць, на паўгады. Калі падзяліць 150 тысяч на шэсьць месяцаў, атрымліваецца, штомесяц больш за 20 тысяч ідзе на дровы. Але пэнсіянэрам мусяць быць нейкія зьніжкі на дровы…”

(Юзэфа: ) “Няма ніякай зьніжкі! А яшчэ нікога ня знойдзеш, каб гэтыя дровы парубалі, бо ў вёсцы няма людзей”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі каштуе парубаць дровы?”

(Юзэфа: ) “Трэба 10 тысяч даць. А тое й больш! За тыя 10 тысяч хто пойдзе рубаць дровы, а хто і не. Яшчэ моцна падумаюць”.

Спадарыня Юзэфа знайшла ахвотных парубаць дровы – гэта суседзі Сямён Болбат і Вацлаў Акудовіч. Пакуль мужыкі працуюць сякерамі, гаспадыня зьбірае на стол. Натуральна, што першай закускай да чаркі будзе хлеб. Пра яго я распытваў у жыхара Баяраў Уладзімера Пратасевіча. Ён даўно ўжо на пэнсіі. Як і ўсе вяскоўцы, жыве з уласнага агароду ды худобы.

(Пратасевіч: ) “Хлеб сюды прывозяць. Толькі грошы давай”.

(Карэспандэнт: ) “А хлеб колькі каштуе?”

(Пратасевіч: ) “Шэсьцьсот зь нечым рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі хлеба трэба на месяц?”

(Пратасевіч: ) “У нас на дзень амаль бохан выходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Хлеб смачны?”

(Пратасевіч: ) “А-а-ай! Усялякі трапляецца. Якісьці сыры бывае. Мука ў іх трапляецца кепская. Можа, нават трэці гатунак”.

Разам з хлебам на стале будзе і сала. У гэтым паселішчы Сьвіслацкага раёну Гарадзеншчыны ёсьць падворкі, дзе не пачуеш рохканьня парсюка, але зь нешматлікіх хлявоў даносіцца сапраўдны хор сьвінячых галасоў.

Я хаджу па адзінай вуліцы Баяраў і распытваю тры дзясяткі пэнсіянэраў пра тое, колькі каштуе іхняе жыцьцё. Спадарыня Галіна з мужам – адзіныя, хто яшчэ не на пэнсіі. Але гэта ня многае мяняе: сваё сьвінчо яны кормяць тымі ж камбікармамі й набываюць іх па той жа цане, што і пэнсіянэры.

(Галіна: ) “Трымаем двое сьвіней”.

(Карэспандэнт: ) “А ці выгадна трымаць сьвіней?”

(Галіна: ) “Не-а. Усё дарагое. Камбікорму купіць… Дзесьці пад 19 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А на колькі гэтага меха хапае?”

(Галіна: ) “Прыкладам, як для вялікага кабана, то на два тыдні”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што на месяц трэба два мяхі камбікорму?”

(Галіна: ) “Яшчэ можа і мала будзе!”

(Карэспандэнт: ) “А куры… Людзі зерне набываюць? Дарагое? Колькі мех каштуе?”

(Галіна: ) “12–15 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “На колькі меха хапае?”

(Галіна: ) “Можа на месяц будзе”.

На стале апроч хлеба ды сала абавязкова будзе агурок з памідорам. Улетку пойдуць у гарод і нарвуць сьвежых. Аднак чым бліжэй да восені, тым верагодней, што пададуць кансэрваваную гародніну. Цукар – абавязковы складнік любых закатак: ад сочыва да марынаванага часныка.

(Спадарыня: ) “1700 за адзін кіляграм. Я часта набываю: то два, то тры кіляграмы, то чатыры”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ трэба і нейкую вопратку набываць?”

(Спадарыня: ) “Трэба нешта купіць. Галёшы – і хадзіць у іх па лісіцы. У гэтых год адхаджу, а ёсьць такія, што надта цьвёрдыя. У іх нават году не праходзіш, там пяткі адламваюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Калі не сакрэт…”

(Спадарыня: ) “Сем тысяч каштуюць”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць у жыхароў Баяраў магчымасьць адкладваць на будучыню нейкія грошы?”

(Спадарыня: ) “Я нічога не адкладваю. Але трэба і на сьмерць нешта набыць. Ужо трэба і пра строй падумаць, каб пантофлі былі – каб усё гэта дзеці не набывалі. А нашто каб дзецям такая турбота была?”

З гарачых страваў на стале для дрыварубаў абавязкова будзе вараная маладая бульба.

Яшчэ адна гаспадыня зь вёскі Баяры, Марыя Пратасевіч, прызналася мне, што ўлетку рыхтуе ежу не на газавай пліце, а на дровах. На сваім падворку распальвае вогнішча і ставіць рандолю. Робіць так, бо імкнецца эканоміць газ.

(Пратасевіч: ) “Плацім і за газ. О-о-ой! Адзін балён блізу 20 тысяч. Як які балён: бывае, што і на месяц не хапае. Слабое ў нас жыцьцё. А як мы, калгасьнікі, выглядаем”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядаеце вы добра!”

(Пратасевіч: ) “А-а-а!”

(Карэспандэнт: ) “Ці хапае на жыцьцё пэнсіі?”

(Пратасевіч: ) “Пазычаць не пазычаем і так цягнем, каб хапіла. Не набываем такога раскошнага, чаго б хацелася, а пражываем на бульбе”.

(Карэспандэнт: ) “У мясцовыя саветы дэпутатаў выбіралі. Можа яны да вас прыяжджалі й пыталіся, чым дапамагчы?”

(Пратасевіч: ) “А што тут гэтыя дэпутаты робяць? Нашто іх выбіраюць? Няўжо яны дапамогуць?”

Тым часам пакуль баба Юзэфа зьбірала на стол, а я хадзіў па Баярах, Сямён Болбат і Вацлаў Акудовіч пасеклі дровы. І ўжо гатовыя былі адзначыць гэтую справу ста грамамі.

Распытваю спадара Сямёна:

(Карэспандэнт: ) “А ў Баярах людзі п’юць?”

(Болбат: ) “Толькі давай! Атрымаеш пэнсію і раз на месяц вып’еш”.

(Карэспандэнт: ) “А п’яце што: сваё ці чарніла?”

(Болбат: ) “Самагон ёсьць. Але яго трэба набываць, бо сам гэтай справай не займаюся”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі бутэлька самагону каштуе?”

(Болбат: ) “Дзьве тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “Як мэдычнае абслугоўваньне ў Баярах?”

(Болбат: ) “Тут у Студзеніках ёсьць фэльчарска-акушэрскі пункт”.

(Карэспандэнт: ) “І як там з мэдыкамэнтамі?”

(Болбат: ) “Як калі: калі ёсьць, а калі пайшоў і з пустымі рукамі назад вяртаесься. Трэба ехаць у Поразава альбо ў Сьвіслач. А чым даехаць? Аўтобус ходзіць толькі раз на тыдзень. На ровары! Як па шпалах! Паўтары гадзіны я еду тыя 12 кілямэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “А вам што патрэбнае?”

(Болбат: ) “Ад сэрца”.

(Карэспандэнт: ) “Пакунку за дзьве тысячы на колькі хапае?”

(Болбат: ) “Мне хопіць на месяц. Але ж бярэш не адзін пачак, а два розных”.

(Карэспандэнт: ) “А агулам жыцьцё ў Баярах якое? Якія праблемы?”

(Болбат: ) “Цёмная ноч тут”.

(Карэспандэнт: ) “Да вы што! Сьветла ж навокал”.

(Болбат: ) “Наш дом апошні. А там далей – завал”.

(Карэспандэнт: ) “А сельсавет з райвыканкаму нейкую ўвагу да вас праяўляе?”

(Болбат: ) “Не было тут іх. Да сельсавету зьвярнуцца – гэта таксама пытаньне”.

За сталом мужыкі выпілі па чарцы, а затым і яшчэ па адной: за выкананую працу і за тое, каб узімку паленцы грэлі бабу Юзэфу. Другі дрываруб, Вацлаў Акудовіч, выйшаў на ганак папаліць.

(Карэспандэнт: ) “Ці хапае людзям пэнсіі?”

(Акудовіч: ) “А што тут тыя 70 тысяч? Ерунда! Нават на папяросы не хапае!”

(Карэспандэнт: ) “А што паліце?”

(Акудовіч: ) “Прыму”. А сёньня “Прымы” не было. Вось набыў “Беламор”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі “Прыма” каштуе?”

(Акудовіч: ) “300 рублёў. Паліць аднаму – ну яго ў баню!”

(Карэспандэнт: ) “Паліце шмат?”

(Акудовіч: ) “О-о-о! На дзень пачак выходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі паліць такое дарагое задавальненьне, ужо б кінулі…”

(Акудовіч: ) “Даў бы рады. Кінуў бы. Аднойчы нават чатыры дні не паліў. Але ўсё адно да гэтага цягне”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў аўталаўцы звычайна набываеце, апроч цыгарэтаў?”

(Акудовіч: ) “Каўбасы надта не накупляесься. Зубоў няма, і трэба браць тую, якая па 4 тысячы. Толькі яна і мяккая на мае зубы”.

(Карэспандэнт: ) “А як часта можаце дазволіць набываць каўбасу?”

(Акудовіч: ) “Толькі раз на месяц, бо не хапае пэнсіі. А хочацца і камсы якой узяць ды паесьці. Бяру, часта яе бяру”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі камса каштуе?”

(Акудовіч: ) “2 тысячы. Вось так і эканомлю: ад пэнсіі да пэнсіі. А ў вёсцы цяжка аднаму жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Дык вы б ужо знайшлі якую-небудзь…”

(Акудовіч: ) “Мне ўжо 73 гады. Вы што?! Каб бабу ўзяць, трэба быць такім, каб змог яе добра шмураваць”.

(Карэспандэнт: ) “Не! Вы мяне ня так зразумелі! Я зусім не пра гэта. Я пра тое, каб удваіх гаспадарку весьці. Так жа прасьцей”.

(Акудовіч: ) “А цяпер такую ня знойдзеш. Яна адна атрымлівае пэнсію і на мужыкоў кажа: “Пайшоў да д’ябла. На халеру мне такое старое гаўно як ты!”

Вацлаў Акудовіч дапаліў свой далёка ня водарны “Беламор”, каб зноў вярнуцца за стол. А я згадаў выказваньні вяскоўцаў і вырашыў падлічыць, колькі каштуе жыцьцё шараговага пэнсіянэра. Вось каштарыс:

дровы – 20 тысяч (гэта, калі агульны кошт раскідаць па месяцах); паслугі дрыварубаў – 10; хлеб – 18 тысяч на месяц; каўбаса з аўталаўкі – 4 тысячы; адзін толькі цукар для закатак пацягне на 5 тысяч; балён газу – 20; бутэлька самагону – 2 тысячы; цыгарэты – 9 тысяч; камбікорм – 40; зерне – яшчэ 15 тысяч; лекі – акруглім да 5 тысяч.

Агулам атрымалася: 148 тысяч. І гэта без уліку платы за тэлефон і ды непрадбачаных выдаткаў.

Раней спадарыня Юзэфа атрымлівала 74 тысячы, пасьля падвышэньня пэнсіі на 15% ёй налічылі 85 тысяч. Калі казаць моваю статыстыкі, сярэдняя сям’я Баяраў складаецца з палутара чалавек. А гэта значыць, іхны месячны прыбытак – блізу 130 тысяч. Цяпер зводзім дэбэт з крэдытам: на 130 прыбытку мы маем блізу 150 тысяч выдаткаў.
XS
SM
MD
LG