Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спартоўцы ня лічаць выступ алімпійскай зборнай “правальным”


Міхал Стэльмак, Менск Усяго шэсьць дзён застаецца да завяршэньня Алімпіяды ў Грэцыі. Мяркуецца, што большая частка алімпійскіх спаборніцтваў, дзе беларускія спартоўцы маглі разьлічваць на ўзнагароды, ужо адбылася. Таму, як лічаць назіральнікі, свой асноўны мэдалёвы ўраджай у Афінах беларускія спартоўцы ўжо сабралі. Ці ня зьнікае ў беларускіх заўзятараў цікаўнасьць да той часткі алімпійскай праграмы, што яшчэ наперадзе?

Паводле майго назіраньня, цяперашняя Алімпіяда справакавала ў беларускім грамадзтве ўстойлівую цікавасьць да міжнароднага спорту і месца Беларусі ў ім. Гэтымі днямі многія жыхары краіны цэлымі сем’ямі бавяць вечаровы час ля экранаў тэлевізараў. І калі да Алімпіяды цікавасьць заўзятараў пераважным чынам была скіраваная да гульнявых відаў спорту, найперш футболу і хакею, то зараз відавочная тэндэнцыя пашырэньня грамадзкай увагі да іншых відаў.

Асабліва моцна падскочылі грамадзкія рэйтынгі тых відаў, дзе беларусы выступілі пасьпяхова – заваявалі мэдалі. Напрыклад, пасьля “срэбра” і “бронзы”, што заваявалі ў Афінах Ганна Бацюшка і Тацяна Стукалава, многія ў Беларусі ўпершыню пачулі пра жаночую цяжкую атлетыку. А дыскусіі наконт удзелу жанчынаў у падняцьці вагі, мушу сказаць, працягваюцца й дагэтуль. Ну а “залаты” спрынт Юліі Несьцярэнкі абмяркоўваецца нават на вуліцах.

Некаторыя ўстановы скарыстоўваюць Алімпійскія гульні ў якасьці рэклямнага сродку для сваёй папулярызацыі. У Менску, напрыклад, шэраг кавярняў прыцягвае кліентаў, якім прадастаўляецца апэратыўная тэлеінфармацыя з алімпійскіх стадыёнаў Грэцыі. У прыватнасьці, вось што я пачуў учора ад наведвальнікаў менскай кавярні “Жар-птушка”:

(Спадарыня Натальля: ) “Нам гэта цікава”.

(Карэспандэнт: ) “Вы глядзіце алімпійскія гульні?”

(Спадарыня Алена: ) “Так. Падтрымліваем нашых”.

(Карэспандэнт: ) “А якія віды спорту вас цікавяць?”

(Спадарыня Віка: ) “Скачкі ў ваду, плаваньне, веславаньне”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “У некаторых відах спорту беларусы мацнейшыя за іншых”.

(Карэспандэнт: ) “Ваша агульнае ўражаньне ад алімпійскіх гульняў?”

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Сама Алімпіяда – грандыёзнае відовішча. Такога яшчэ не было”.

(Спадарыня Алена: ) “Асабліва моладзь. Крычаць, балеюць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Несьцярэнка – белы чалавек – выйграла спрынт. Гэта фантастыка”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Зь беларусаў – малайцы весьляры. На іх ускладваліся вялікія спадзяваньні. Скакуны ў ваду? Мы іх купілі. Тры чалавекі паехалі: Варламаў, Кучмасаў і Мамантаў. Яны зь 1999 году выступаюць за Беларусь, а так яны былі расейцамі. І вось зараз: адзін 30-ы, другі – 23-і. Можа б нашы беларусы гэтак жа выступілі, навошта было купляць”.

Як мы толькі што чулі ад менскіх заўзятараў, яны незадаволеныя ўчорашнім выступам скакуноў у ваду – расейскіх легіянэраў, якія зараз выступаюць за алімпійскую каманду Беларусі. Але расчаравалі ўчора ня толькі яны, але, так бы мовіць, і карэнныя беларусы.

Як успрымаюць апошнія падзеі ў Афінах дасьведчаныя асобы, найперш спартоўцы? Тыя, зь кім я меў размову, у цэлым ня лічаць выступ беларускай зборнай правальным. Як вынікае зь іхнага тлумачэньня, правальным ён можа здавацца на фоне плянавых 25 мэдалёў. Прычым гэты плян, як вядома, быў складзены не самімі алімпійцамі, а спартовым начальствам. Дасьведчанасьць жа гэтага начальства ў пытаньнях спорту пакідае жадаць лепшага.

Спартоўцы асабліва зьвяртаюць увагу на непрадказальны характар алімпійскіх спаборніцтваў, што якраз і робіць іх прыцягальнымі для заўзятараў спорту. Гэтак, у прыватнасьці, лічыць чэмпіёнка мінулай Алімпіяды ў штурханьні ядра Яніна Карольчык, якая, нагадаю, не патрапіла ў Афіны з прычыны допінгавай дыскваліфікацыі:

(Карольчык: ) “Гэта Алімпіяда. Зьяўляюцца новыя “цёмныя конікі”, на якіх ніхто ня ставіў, але яны ўдала выступаюць. Калі б нават я паехала, то гэта яшчэ ня значыць, што я б адтуль прывезла залаты мэдаль. Я з такой упэўненасьцю не магу сказаць, таму што гэта Алімпіяда. Яна праходзіць раз у чатыры гады. Там магчыма ўсё: можна і кваліфікацыю ня выканаць, застацца па-за рысай, а можна стаць алімпійскай чэмпіёнкай зь першай альбо з шостай спробы. На мяне, напрыклад, у Сыднэі ніхто не ставіў. Заваявала б бронзу, то гэта лічылася б “звышнатуральным”. Але ў мяне так склаліся абставіны, што я з шостай спробы выйграла і стала алімпійскай чэмпіёнкай. А вазьміце гімнастыку спартыўную. Пасьля Шчэрбы няма ўжо такіх здольных, хто б заваёўваў залатыя мэдалі”.

(Карэспандэнт: ) А што вы думаеце пра Іванкова?”

(Карольчык: ) “Я і не ведаю, што пра яго думаць”.

(Карэспандэнт: ) Вы зьбіраецеся ехаць на наступную Алімпіяду?”

(Карольчык: ) “Вядома. Буду рыхтавацца”.
XS
SM
MD
LG